5 траўня 2024, Нядзеля, 3:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Футбольны клуб «Белшына» прадаюць расейскаму інвестару разам са стадыёнам

7
Футбольны клуб «Белшына» прадаюць расейскаму інвестару разам са стадыёнам
ФОТА: OLD.FCBELSHINA.BY

Футбольны клуб з Бабруйска чакаюць вялікія перамены.

І гаворка не толькі аб прызначэнні на пасаду галоўнага трэнера Віталя Паўлава. Нават не аб змене складу каманды фактычна на траціну. Гаворка аб таемным інвестары, які хоча набыць клуб з усёй яго інфраструктурай. А гэта і стадыён, і 9-павярховы гатэль у цэнтры горада, і саўна...

Згодна з атрыманай «Еўрарадыё» інфармацыяй, інвестар, якога чамусьці ніхто не называе, з Расеі. І ён нібыта гатовы заплаціць 1 мільён даляраў.

Тое, што перамовы з інвестарам сапраўды ідуць, пацвердзіў намеснік начальніка ўправы адукацыі, спорту і турызму Бабруйскага гарвыканкама Міхаіл Свістуноў. Праўда, чыноўнік сцвярджае, што канчатковая пастанова не прынятая, перамовы з «інвестарам» ідуць і цягам сённяшняга дня нешта павінна вызначыцца.

«Прэтэндуюць інвестары з расейскім капіталам - гэта праўда. І замежны капітал там ёсць. Але далей падрабязнасці, як ужо ў інтэрнэце пішуць, «Ziko», «МТБанк» - я тут нічога каментаваць не буду. Думаю, сёння будзе прынятая канчатковая пастанова. І калі гэта атрымаецца, то, думаю, і для горада Бабруйска, і для рэспублікі, для нашага ўнутранага чэмпіянату - нічога дрэннага я тут не бачу», - сказаў ён.

У пошуку інвестара нічога дрэннага няма. Пры ўмове, што адбываецца гэта на ўмовах тэндэру. Так як, нагадаю, гаворка ідзе не толькі аб укладанні грошай у футбольны клуб, але і аб набыцці гатэлю, саўны і іншых пабудоў. А вось як раз тэндэр і не праводзіўся. Чаму - Міхаіл Свістуноў не адказвае.

«Не, не праводзіўся. Але тут крыху не тое: тут іншая структура, іншая форма юрыдычна. Але давайце пра гэта пагаворым не сёння. Адно магу сказаць: ніхто нічога прадаваць не будзе, ніхто нічога адчужаць не будзе, як тут ужо пішуць - усё гэта не так. Тут абсалютна іншыя перамовы ідуць, у іншым фармаце. Але тое, што горад не будзе нічога аддаваць расейскаму капіталу, - гэта я вам дакладна магу сказаць», - распавёў ён.

Тое, што расейскі «інвестар» хоча «ўкласціся» ў пералічаныя аб'екты, пацвярджае выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара ФК «Белшын» Дзмітрый Мамонаў.

Што тычыцца адсутнасці тэндэру, то яго гэты факт не палохае. Кажа, прапаноў ад іншых інвестараў не было, а для іх гэта актуальна цяпер.

Ці ёсць сувязь паміж перамовамі з расейскім інвестарам і зменамі ў складзе каманды, Дзмітрый Мамонаў адмаўляецца каментаваць: «Не магу пакуль сказаць нават, шчыра».

Але як стала вядома ад цяпер ужо былога капітана каманды Аляксандра Шагойкі, звязаныя гэтыя два факты наўпрост.

«Разам з новымі інвестарамі прыйшлі новыя людзі, новыя агенты. І яны прывялі сваіх падапечных, знаёмых сваіх... На гэты момант ужо ёсць новая каманда, новы галоўны трэнер, і яны сёння паехалі ў Пінск на зборы. Наколькі я ведаю, ў каманду будуць прыязджаць гульцы з Расеі, іншых краін...», - сказаў ён.

А практычна з усім леташнім складам «Белшыны» клуб кантрактаў на новы год не падпісаў. Са словаў капітана каманды, учора, 19 студзеня, футбалісты спрабавалі даведацца ў кіраўніцтва, ці патрэбныя яны яшчэ клубу. Але з імі, кажа Аляксандр Шагойка, ніхто так і не сустрэўся. Толькі праз «трэція рукі» стала вядома, што паслугі хлопцаў клубу больш не патрэбныя.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках