Штрафы ў Беларусі хочуць замяніць на грамадскія працы
47- 22.01.2016, 8:49
- 21,356
Міністэрства ўнутраных спраў не выключае магчымасці ўвядзення грамадскіх работ у якасці пакарання за некаторыя адміністрацыйныя правапарушэнні.
Як паведаміў начальнік управы прафілактыкі галоўнай управы аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Беларусі Алег Каразей на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БелТА, аб сваёй зацікаўленасці разгледзець пытанне аб грамадскіх працах у якасці санкцыі, альтэрнатыўнай штрафу або адміністрацыйнага арышту, ужо заяўлялі іншыя дзяржаўныя органы, між іншым Генеральная пракуратура.
«У прынцыпе мы гатовыя гэтае пытанне разглядаць, - адзначыў Каразей. - Але паўстане пытанне: хто будзе гэта выконваць, гэта ж таксама дадатковая нагрузка. У якім парадку будуць выконвацца гэтыя працы? Трэба, каб не з'явілася пытанне аб увядзенні дадатковых штатных адзінак для выканання гэтага спагнання».
«Тут ёсць свае відавочныя плюсы, але ёсць і мінусы. Трэба абмяркоўваць. У прынцыпе пытанне стаіць на парадку дня, не выключана, што яно будзе мець развіццё», - дадаў чыноўнік.
У той жа час МУС выступае з прапановай увесці ў якасці альтэрнатывы штрафных санкцый і арышту такую меру, як папярэджанне, напрыклад у выпадку дробнага хуліганства, піша БелаПАН.
«У шэрагу выпадкаў паняцце дробнае хуліганства - вельмі расцяжное. Не сфармуляванае выразна, што менавіта тое ці іншае дзеянне - дробнае хуліганства. Уключэнне ў якасці санкцыі папярэджання дазволіць органу, які разглядае справу, прымяняць закон з улікам канкрэтнай сітуацыі, абставін, змякчальных або абцяжарваючых адказнасць, а таксама асобы правапарушальніка", - сказаў Каразей.
Калі цяпер кожны выпадак правапарушэння патрабуе ад міліцыі запаўняць мноства папер, да прыкладу рапарт, пратакол апытання і пратакол аб правапарушэнні, то папярэджанне можна было б выносіць, не пачынаючы адміністрацыйны працэс і папяровую працу, што суправаджае яго.
«Міліцыянт зможа проста падысці і папярэдзіць чалавека, перабег на чырвонае святло святлафора, што яго дзеянні небяспечныя ў першую чаргу для яго самога», - растлумачыў прадстаўнік МУС.