20 красавiка 2024, Субота, 18:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лузеры спадзяюцца на цуд

37
Лузеры спадзяюцца на цуд
Уладзімір Халіп

Апакаліпсіс, якога так доўга чакалі, выразна пазначыўся на даляглядзе.

Мірны сон постсавецкай прасторы парушыў не супервулкан, не астэроід. І нават чорная дзірка да таго, што здарылася, ніякага дачынення не мае. Усё нашмат горш – абрынуліся кошты на нафту. А тут у дадатак да ўсяго яшчэ і снег пайшоў, чаго ўзімку, вядома ж, ніхто не чакаў. Хіба такое жахлівае выпрабаванне можа перажыць вялікая краіна, якая толькі пачала падымацца з каленяў, ды яе апантаныя сатэліты?

А яшчэ не так і даўно ўсё было цудоўна. Над планетай узыходзіла сонца надзеі ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва – загадкавы і таямнічы ЕўрАЗЭС, які ўжо з пялюшак пагражаў перарасці ў абноўлены Саюз Савецкі. Усе тыя, хто пра гэта марыў, з надзеяй глядзелі тэлевізар і чакалі шчодрых навагодніх падарункаў ды іншых выгодаў. Але менавіта ў такі ўзнёслы момант у рытм пераможнага маршу пачаў ўплятацца надзвычай непрыемны гук. Гэта ў глыбокае піке ўвайшлі гордыя рублі – расійскі і тутэйшы.

Расійскі ўвогуле страціў арыентацыю: імкліва адолеў адзнаку ў 80 драўляных за адзін даляр. Аднак і наш, нібы канькабежац на шурпатым лёдзе, ляснуўся ганебна. Вылецеў за межы 20 тысяч за адзін зялёны. Які зух! І гэта ў год вялікай дэнамінацыі, калі мудрае кіраўніцтва ўжо наважылася ампутаваць чатыры і надаць яму прывабную афарбоўку. Каб крыху зменьшыць недарэчнае падабенства да валюты зімбабвійскай і хоць гэткім чынам наблізіць да стандартаў еўрапейскіх.

Усходніх суседзяў раптоўны абвал напалохаў не на жарт. Імгненна стварылі некалькі аўральных груп, якім даручылі прааналізаваць бюджэт і яшчэ у гэтым месяцы месяцы падрыхтаваць план пераадолення магчымай катастрофы. Бюджэт спрабуюць скараціць хоць бы адсоткаў на дзесяць. Аднак ужо і самыя цёмныя палітыкі зразумелі, што гэтага недастаткова. А таму скарачаюць усё – амбітныя дзяржаўныя праграмы, выдаткі на адукацыю, шматпакутную сацыялку, нават футбольны чэмпіянат васемнаццатага года ў спакоі не пакінулі. Ва ўсякім разе, аб раскошы сочынскай алімпіяды марыць не даводзіцца. Ды што там нейкі спорт, на святое паквапіліся – нават чынавенства будуць скарачаць.

Гэта ўсё там, у суседзяў. А тут – манументальны спакой. Дакладней, стабільнасць. І гарант яе, якога яшчэ на інаўгурацыі чаляднікі пачалі называць вялікім сынам беларускага народа, ніякага аўралу не абвесціў. Навошта, уступаючы ў пяты тэрмін, палохаць катастрофамі электарат. А таму ён выклікаў з гэтай нагоды нават не прэм’ера, а ягонага намесніка. І спакойна, разважліва, перад тэлекамерамі, каб бачыла ўся краіна, даў дакладнае ўказанне “заниматься обязательно обязательными вещами”. Намеснік выказаў гатовасць выканаць даручэнне неадкладна. Тады высокі кіраўнік задачу прыкметна ўскладніў, запатрабаваўшы ад чыноўніка, “чтобы анализ перспектив проводился в глобальном плане, не ограничивался одним рынком и одним направлением. Хотелось бы, чтобы мы раздвинули эти рамки и посмотрели шире на то, что происходит”.

Вось так – проста і трапна. Рассунуць рамкі, пацікавяцца, што там, і ўсё будзе цудоўна. А то ж асобныя грамадзяне ўжо захваляваліся: а што нас чакае, ці не катастрофа набліжаецца? Бюджэт на гэты год стваралі на ўзлёце аптымізму, з разлікам на тое, што нафта на рынку будзе каштаваць 50 даляраў за барэль. А ў такім разе суседняя Расія, з якой здаўна скаваныя адным ланцугом, наўрад ці адмовіцца падкінуць надзейнаму саюзніку аварыйны крэдыт памерам міліярды два. Зразумела, у валюце заакіянскай.

І раптам – такая нечаканасць! А тут яшчэ і выплаты па знешняму доўгу наспелі – больш за тры мільярды трэба аддаць, а ўласных золатавалютных рэзерваў ўсяго толькі чатыры з нечым мільярды. Як жыць?..

Лузеры ўсё яшчэ спадзяюцца, што нейкі цуд адбудзецца. Можа, гэты жорсткі свет пачуе нарэшце палымяныя заклікі цяперашняга правадыра Венесуэлы і адгукнецца спагадліва, або на Блізкім Усходзе штосьці моцна грымне. І цэны на нафту зноў вернуцца да звыклага ўзроўню. Аднак вядомыя эканамісты, якія адсочваюць кан’юнктуру рынку, у сваіх высновах ніякіх надзей не пакідаюць. Нават 10 даляраў за барэль маркі Brent у гэтым годзе можа быць рэальнасцю. Дык што ж у такіх неспрыяльных умовах чакае нашу краіну?

Прафесар Станіслаў Багданкевіч гэтае традыцыйнае пытанне крыху перайначыў: а чаму Белпрусь так усхвалявала раптам падзенне цэнаў нафты? Хіба краіна яе экспартуе? Яна ж заўсёды купляла нафту для сваіх НПЗ. А ці не спрабуе тутэйшая ўлада за гэтым нафтавым вэрхалам схаваць сумныя вынікі аўтарытарнага кіравання эканомікай?

І ўвогуле, хіба тут камусьці невядома, што ўвогуле нам крызіс не ўласцівы. Гэта ўсё з-за мяжы падкінулі. А таму варта было чакаць, што правіцель выхапіць аднойчы шаблю і павядзе народ супраць галоўнага ворага. І сапраўды, пасля святаў бітва з крызісам адразу пачалася. Толькі неяк вельмі дзіўна.

Першым на прарыў блакады пайшоў адважны атрад камунальшчыкаў. Студзеньскія рахункі па аплаце за кватэру – нібы прадвесце блізкіх навальніц. Падаражэла ўсё. Але гэта яшчэ толькі кветачкі. Кошты за паслугі падвысяцца неверагодна. Падліковым цэнтрам цяжка нават расшыфраваць рэбусы, якія сыходзяць ад тутэйшай вертыкалі. Сапраўды, вось як вызначаць аплату за ліфт магілёўскай вытворчасці, які ўвесь час ламаецца? Па колькасці чалавек, якія ім карыстаюцца, або ў адпаведнасці з іх вагой? Эксперты, якія ведаюць настроі ўлады, даюць параду: у строгай адпаведнасці з метражом кватэры. Чым болей метраў, тым вышэй цана карыстання ліфтам. Хіба не геніяльна? Кошты за ваду таксама падвышаюцца адразу ў тры разы. Тут усё зразумела – у Беларусі яе так мала, жывем амаль ў Сахары.

Ды што там нейкая камуналка! Даражэе праезд на транспарце – гарадскім, міжгароднім, чыгуначным. Мала таго, дык яшчэ і асноўныя харчовыя тавары – хлеб, мяса, малако і нават дзіцячае харчаванне – ужо вырваліся на волю. Нібы гарэзлівыя жэрабяты, падаліся яны кудысьці ў бок светлага далягляду. Дзесьці там скачуць няспынна і лекі. А пра цэны на жытло і ўвогуле ўзгадваць не варта. Беларусь упэўнена выходзіць у лік самых дарагіх і адсталых краін свету.

Аднак жа не ўсё тут так кепска, як камусьці падаецца. Хіба можна забыць, што дзяржава ў нас сацыяльная. Тут кожны адчувае няспынны клопат і ўвагу ўлады.

Ледзь уступіўшы ў свой пяты тэрмін, правіцель скіраваўся не абы куды, а да дзетак на елку. І шчыра распавёў ім, які цяжкі год яны сустракаюць. Няхай ведае дзятва, прывучаецца. Наведаў таксама парадзіх, падбадзёрыў. Завітаў і ў ветэранскі інтэрнат, кожнаму падараваў па шаліку ці хустачцы. І не забыўся нагадаць старым, што кватэркі варта было б здаць дзяржаве. А то ж чорныя рыелтары навокал так і мільгацяць!

У гэтай віхуры нечаканых падзей улада не пакінула па-за ўвагай і тых, чые пенсіі чэзнуць і драбнеюць разам з курсам рубля. Выявілася нават відавочная недарэчнасць. Чалавек працаваў усё жыццё, зарвабляў неблага, а пенсія ў яго амаль такая ж, як і ў таго гультая, які з бутэлькай у руцэ марнаваў час у цяньку пад плотам. Вырашылі выправіць памылку. Падлічвалі доўга. Аднак ужо ў студзені для тых, хто вызначыўся калісьці на працоўным фронце, прызначылі неблагі дадатак у рублёвым эквіваленце – каму на адзін тралейбусны талон, а каму нават на два. А то як жа - сацыяльная дзяржава!

Правіцель і ягонае атачэнне ўпэўненыя, што будаўніцтва квітнеючай вертыкалі ўжо завершана. Ніякія рэформы не патрэбныя. І нічога тут мяняць не варта. Усё ў надзейных руках, усё пад кантролем.

У гэтай дасканалай схеме ўлічылі амаль усё, акрамя адной нязначнай дробязі. Існуе ў гэтым свеце такі рахманы звярок. Імя ягонае – Час. Ніхто дакладна не ведае, дзе тая істота цяпер тоіцца – ці то ў лясах пад Баранавічамі, ці то ў ваколіцах Грынвіча, а магчыма, нават дзе-небудзь пад самай сакральнай агарожай краіны. І як там прадказвалі калісьці, у вядомай калыханцы? “Прыйдзе шэранькі ваўчок і ўкусіць за бачок”.

І тады ўсё. У лепшым выпадку – пенсія. Шэсць сотак. Дробны ставок з зялёнымі жабкамі. Дыплом ганаровага мічурынца за ананасы на Шклоўшчыне. Жахлівыя рахункі ад камунальшчыкаў. І своечасовая дапамога сацыяльнай дзяржавы – ажно тры талоны на тралейбус. А то як жа - за асобныя заслугі!

Цярпліваму народу ад былой вертыкальнай велічы напэўна ж застанецца ў спадчыну стары мундзір з бліскучымі гузікамі. І, як вучылі ў школе, будзе вельмі сорамна за бессэнсоўна пражытыя гады. Не правіцелю – яму начхаць. А ягоным колішнім падданым. І тым чыноўнікам, якія ўсё бачылі, усё ведалі, але баяліся слова сказаць.

Так, гэта вельмі крыўдна – даведацца раптам, што вечных дыктатур не бывае. А тым болей, правіцеляў – і якжа мы цяпер без яго?..

Аднак не варта паддавацца адчаю. Усё можна выправіць. Варта толькі ўзяць тую вакантную рэліквію з бліскучымі гузікамі, ды праехаць хоць бы па той жа Магілёўшчыне. Прымерыць, каму падыдзе. Ды што там нейкі начальнік – калісьці нават зніклую Папялушку гэткім чынам здолелі знайсці.

Амаль у кожным сяле знойдзецца мужык, і нават з вусамі, які, надзеўшы той мундзір, будзе перакананы, што добра ведае найкарацейшую дарогу да ўсенароднага шчасця. Наўпрасткі, цераз балота.

Асабліва прывабным падаецца гэты шлях, калі глядзець здалёк, з вяршыні вертыкалі.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках