18 траўня 2024, Субота, 22:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцебскія прадпрымальнікі: Калі ўказ №222 не скасуюць, мы едзем у Менск

20
Віцебскія прадпрымальнікі: Калі ўказ №222 не скасуюць, мы едзем у Менск
ФОТА: TUT.BY

Прадпрымальнікі Віцебскай вобласці прынялі пастанову ў выпадку працягу дзеяння ўказу №222 ехаць у Менск і патрабаваць яго скасавання.

Пра гэта паведаміла БелаПАН лідарка віцебскіх прадпрымальнікаў Ірына Яскевіч.

Раніцай 28 студзеня больш за 500 індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП) Віцебскай вобласці сабраліся каля аблвыканкаму, патрабуючы ад чыноўнікаў абмеркаваць праблемы малога бізнэсу. У выніку прадстаўнікі мясцовай улады пагадзіліся правесці сход у будынку віцебскага філіяла Міжнароднага інстытута працоўных і сацыяльных дачыненняў.

«У выніку сходу прадпрымальнікі прынялі пастанову, што калі не будзе скасаваны ўказ № 222, мы едзем у Менск. Мы выбралі дату 8 лютага, будзем абмяркоўваць яе з іншымі абласцямі», - сказала Яскевіч.

Паводле ейных слоў, «размова была няпростая».

«Мы разумеем, што скасаванне ўказу №222 не разглядаецца на ўзроўні аблвыканкама. Але ўсё адно пыталіся, як так можа быць: мы плацім у бюджэт падаткі, а нас «закрываюць». У адказ нам казалі традыцыйныя словы, што мы плацім не вельмі вялікія сумы», - паведаміла Яскевіч.

Прадпрымальнікі таксама закраналі на сустрэчы праблемы, якія можна разгледзець на ўзроўні вобласці: сума арэнднай платы і выплат у фонд сацыяльнай абароны, усталяванне тэрміналаў.

Прадпрымальнікі Віцебскай вобласці маюць намер стварыць свой прафзвяз, заявіла Яскевіч.

Цяпер на рынках Віцебска, з ейных слоў, працуюць не больш за 7% ІП. «Ніхто з тых, хто замкнуўся, на працу не выйшаў. Мы прынялі пастанову не выплачваць падатак і не выходзіць на працу», - паведаміла яна.

З 1 студзеня ў Беларусі дзейнічае ўказ №222 «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі ды іншымі фізічнымі асобамі». Ён загадвае ІП рэалізоўваць прадукцыю лёгкай прамысловасці, увезеную з краін Мытнага саюза, толькі з суправаджальнымі дакументамі.

Праблема ў тым, што расейскія прадаўцы, у якіх закупляе тавар большасць беларускіх ІП зазвычай адмаўляюцца выдаваць дакументы аб паходжанні прадукцыі альбо даюць фіктыўныя даведкі. У выніку ІП падпадаюць пад штрафы, у іх канфіскоўваюць тавар.

Раз неаднаразовыя просьбы прадпрымальнікаў да ўлад скасаваць указ пачутыя не былі, з пачатку новага года ў Менску ды іншых гарадах Беларусі шмат якія базары і гандлёвыя цэнтры сталіся практычна пустымі - пераважная большасць ІП прыпыніла працу праз немагчымасць выконваць патрабаванні ўказа.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках