19 траўня 2024, Нядзеля, 1:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гомельскія прадпрымальнікі пра ўказ №222: Каму гэтая вар'яцкая думка прыйшла ў галаву?

15
Гомельскія прадпрымальнікі пра ўказ №222: Каму гэтая вар'яцкая думка прыйшла ў галаву?
ФОТА: BYMEDIA.NET

Уладальнікі гандлёвых пунктаў пратэстуюць супраць патрабаванняў прэзідэнцкага ўказа №222.

У гомельскім гандлёвым цэнтры «Сакрэт» 5 студзеня сабраліся дзясяткі прадпрымальнікаў, якія мелі гандлёвыя пункты ў найбуйнейшых аб'ектах і рынках («Сакрэт», «Цэнтральны», «Прудкоўскі», «Давыдаўскі», «Чарнаморскі», «Прывакзальны»). Іх дзейнасць фактычна спаралізаваная з 1 студзеня, калі ўвайшоў у дзеянне прэзідэнцкі ўказ №222. Ён прадугледжвае, што цяпер індывідуальныя прадпрымальнікі маюць права гандляваць таварамі лёгкай прамысловасці краін Мытнага саюза толькі пры наяўнасці суправаджальных дакументаў на іх, якія пацвярджаюць іх легальнае паходжанне і бяспеку для пакупнікоў, піша БелаПАН.

Як выказалася на сходзе старшыня Рады прадпрымальнікаў ГЦ «Сакрэт» Наталля Даська, ейныя калегі цяпер знаходзяцца ў «істэрычна-шокавым стане» і не ведаюць, як жыць далей: «Наперадзе - невядомасць, якая палохае людзей і шакуе. Вось мы наважылі сабрацца. Чакаем на кампраміс, разумныя пастановы ад кіраўніцтва краіны. Гэта няправільна - ставіць у адны рамкі платніка адзінага падатку з мізэрнымі абарачэннямі, практычна - амёба бізнэсу, з мільярдэрамі - акуламі бізнэсу».

Са слоў Даська, паўтара года прадпрымальнікі звярталіся да кіраўніцтва краіны - прасілі знайсці нейкае развязанне, якое дазволіла б прадстаўнікам малога бізнэсу працаваць. «Каму гэтая вар'яцкая думка прыйшла ў галаву - ураўняць буйныя прадпрыемствы і фірмы з ІП? Узамен нам дзяржава не дала нічога - а абяцалі аптовыя рынкі, лагістычныя цэнтры, але нічога гэтага няма. Мы ні ў каго нічога не просім, - проста дайце нам магчымасць працаваць!», - агучыла агульныя патрабаванні Наталля.

Ейная калега Святлана Калачова падкрэсліла, што ІП рабілі спробы ўзяць у пастаўшчыкоў неабходны пакет дакументаў, але гэта было немагчыма: «Масква нам гэта не дае! Пастаўшчыкі - рэзідэнты іншай краіны, у іх іншыя законы, мы не можам несці за іх адказнасць. Масква стала ад нас адмаўляцца - ім не патрэбныя нашыя праблемы, расейцы могуць і так гандляваць, навошта ім дадатковы галаўны боль?».

Старшыня Рады прадпрымальнікаў рынку "Цэнтральны" Надзея Комава распавяла, як сама спрабавала атрымаць дакументы на тавар у пастаўшчыкоў: «Я за дакументы аддала тысячу даляраў. 18% трэба было даплаціць там, у Расеі, і ў Беларусі 20% ПДВ. У выніку тавар стаў занадта дарагім. На сённяшні дзень сітуацыя з намі - гэта трагедыя».

Яна заявіла, што прадпрымальнікі прыносяць велізарную карысць: нічога не просяць у дзяржавы, плацяць падаткі, праводзяць дабрачынныя акцыі. Так, у 2015 годзе ІП рынка «Цэнтральны» пералічылі на патрэбы дзяцей-інвалідаў 47 мільёнаў рублёў, а ў 2014 годзе пабудавалі дзіцячую пляцоўку. «Мы хочам жыць тут, у нашай дзяржаве, у нашым горадзе, з нашымі людзьмі працаваць і дзяліцца прыбыткам», - рэзюмавала Надзея Комава.

У 90-я гады мінулага стагоддзя, адзначыла Аксана Селюкова, «калі дзяржаве было цяжка забяспечыць насельніцтва таварамі лёгкай прамысловасці, былі арганізаваныя ІП, і ў той цяжкі момант, калі дзяржаве было трэба закрыць гэтыя нішу - мы яе закрылі», а цяпер гэтых людзей выкідваюць на вуліцу. Прадпрымальніца падзялілася сваёй гісторыяй: 38 гадоў стажу, ветэран працы, ліквідатар аварыі на ЧАЭС, а пенсію ёй налічылі крыху больш за 1,9 мільёна рублёў, бо ІП маюць паніжаны каэфіцыент. Разам з тым, падаткаў Аксана Селюкова плаціць за год амаль 15 мільёнаў рублёў. «Мяне ў снежні правяраў КДК паводле гэтых дакументах. Тры гады я рыхтавалася працаваць з дакументамі, заплаціла процьму грошай і гэтак далей. Але прайсці гэтую праверку - немагчыма, проста паверце мне, ні маральна, ні фізічна - немагчыма. Таму што заявіўся Дзяржстандарт, АБЭЗ, КДК, і капалі так, што пясок ляцеў ад капытоў ў розныя бакі. Гэтая брыгада шархацела ўсюды! Гэта страшная сіла! Я вас проста папярэджваю - хто не мае поўных, дакладных дакументаў - не падавайце іх, гэта ўсё будзе супраць вас», - звярнулася да калег Селюкова.

Ёй «вельмі шкада» тых калегаў, тыя 5-7%, якія з 1 студзеня ўсе ж выйшлі на працу. «Шмат каму з нас цяпер па 50-55 гадоў, - падкрэсліла прадпрымальніца. - Мы ўжо нікому не патрэбныя, засталіся за бортам і пенсію не зарабілі. Хацелася б, каб дзяржава ў такі крытычны момант знайшла кампраміс і паслухала нас. Гэта апошні крык душы, давайце сядзем за стол перамоваў, давайце з намі размаўляць і знаходзіць тыя пункты, якія нас задаволяць і кіраўніцтва краіны таксама».

Прадпрымальніца з рынку «Прывакзальны» Таццяна Данец звярнула ўвагу на такі факт: у ІП адбіраюць тавар, які без сертыфікату, а потым прадаюць яго ў краме канфіскаваных тавараў, і там ніхто не патрабуе ніякіх дакументаў. «Я ўсё жыццё гандлюю майткамі і станікамі, многія іх носяць, і што - у кагосьці з'явілася алергія, сверб, вошы завяліся? Мае дзеці і ўнукі носяць гэтыя «анучы», як шмат хто гаворыць, з нараджэння. Ніхто не захварэў. У мяне 2,2 мільёна рублёў пенсія, 500 тысяч аддаю за камунальныя паслугі, мільён - на корм сабаку, ён у мяне дом вартуе. Што застаецца мне? - Аб'едкі ад майго сабакі? Нас пазбаўляюць працы, нашага мізэрнага заробку!» - мяркуе Таццяна

На сходзе прагучаў заклік да прадпрымальнікаў трымацца разам: «Таму што сёння я ўжо чую: вось Ваня выйшаў на працу, заўтра Таня выйдзе. Хлопцы, давайце застанемся людзьмі! Давайце разам вытрымаем гэтую паўзу!»

Многія індывідуальныя прадпрымальнікі Гомеля кажуць аб рашучасці адправіцца на форум прадпрымальнікаў у Менск, які запланаваны на 11 студзеня.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках