30 красавiка 2024, aўторак, 19:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Восем прыкмет эканамічнага крызісу ў Беларусі з вуліц і з крамаў

26

На прыкладзе штодзённых рэчаў у першыя дні 2016 можна заўважыць, што ў краіне эканамічны заняпад.

Людзі менш выдаткоўваюць, установы сферы абслугоўвання пусцеюць, а фінансавыя ашуканцы зноў пачалі выдаваць «хуткія крэдыты». Беларусы звыклі да песімістычных прагнозаў эканамістаў, таму ўжо мала звяртаюць увагі на словы аб інфляцыі ды дэвальвацыі, паведамляе «Радыё Свабода».

1. Зачыняюцца рэстараны і сталоўкі

Надзейны спосаб эканоміць - менш хадзіць у кавярні і рэстарацыі, гатаваць ежу дома і браць на працу свой абед. У выніку некаторыя ўстановы такога тыпу будуць вымушаныя сысці з рынку. Партал relax.by ужо апублікаваў дзясятку менскіх устаноў, якія не выжылі ў крызіс і былі ліквідаваныя яшчэ ў 2015 годзе. Паказальна, што закрываюцца нават танныя сталоўкі на прадпрыемствах - напрыклад, у галоўным офісе кампаніі МТС у Менску.

2. Ажывіліся фінансавыя ашуканцы

На слупах і дошках аб'яў зноў з'яўляюцца прапановы аб мікра-пазыках. Сумы прапануюцца даволі невялікія (некалькі мільёнаў) і з высокай пераплатай. Напрыклад, на адной з аб'яў, што развешаная ля Камароўскага рынку, прапануюць узяць 4 мільёны рублёў на 12 месяцаў, а потым выплачваць 900 тысяч штомесяц. Гэта значыць, атрымліваецца «варварскі» крэдыт - пад 270% гадавых.

3. Няма чэргаў у «Ладэ» і «Нардзін»

Адчуюць крызіс і тыя, хто звык лячыцца ў платных цэнтрах. Папулярны ў Менску «Ладэ» закрыў свой філіял у Вяснянцы, а запісацца да такіх запатрабаваных спецыялістаў, як дэрматолагі і отарыналарынголагі, можна даслоўна сёння на сёння.

4. Пустыя платныя паркоўкі

Платны паркінг каля завода «Луч» пустуе, фота 5 лістапада 2015

У канцы 2015 у цэнтры Менска абсталявалі шэраг платных парковак, якія цяпер пустуюць. Плаціць 10 тысяч рублёў за гадзіну стала непад'ёмным для офісных супрацоўнікаў, якія на працы 7-8 гадзін. У выніку - пустыя паркоўкі і застаўленыя аўтамабілямі суседнія вуліцы.

5. Пустыя рынкі

Рынак Ждановічы ў Менску: амаль усе павільёны зачыненыя

Хоць індывідуальных прадпрымальнікаў «дабіў» указ Лукашэнкі №222, які ўвайшоў у дзеянне з 1 студзеня 2016 года, многія з іх адзначаюць, што сітуацыя стала невыноснай значна раней. У выніку падзення пакупніцкай здольнасці людзі адмаўляюцца ад рамонтаў, новай мэблі, бытавой тэхнікі ды адзення, эканомячы грошы на самае патрэбнае для жыцця.

6. Адмова ад карпаратываў

У гэтым годзе рэстарацыі ды арганізатары святаў адзначаюць, што большасць камерцыйных і дзяржаўных устаноў адмаўляліся ад забаў для сваіх супрацоўнікаў.

7. Бедны святочны стол

Шмат каму ў гэтым годзе не па кішэні назапасіцца прысмакамі. Нават перад Новым годам і Калядамі людзі закупляліся прадуктамі вельмі стрымана ў параўнанні з папярэднімі гадамі.

8. Стаіць МАЗ

З 25 снежня 2015 года да 11 студзеня 2016 года Мінскі аўтамабільны завод і прадпрыемства холдынгу «БелАўтаМАЗ», у тым ліку Баранавіцкі і Асіповіцкі заводы, спыняюць працу. Як сцвярджаюць супрацоўнікі МАЗа, адпачынкі не аплачваюцца.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках