19 траўня 2024, Нядзеля, 1:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады хочуць забраць дом у Мікалая Статкевіча і Марыны Адамовіч

46
Улады хочуць забраць дом у Мікалая Статкевіча і Марыны Адамовіч
МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ

Пастанова была дэманстратыўна прынятая 13 верасня, пасля акцыі за свабодныя і справядлівыя выбары.

Пра гэта лідар беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч напісаў у «Фэйсбуку».

«Лібералізацыя» бурна квітнее.

Нядаўна ўлады паведамілі пра сваю пастанову знесці дом, дзе я жыву, у сувязі з раптам узніклымі «грамадскімі патрэбамі». Гэты стары дом з садам належыць маёй жонцы. Яна ў ім вырасла.

Пастанова аб зносе было дэманстратыўна прынятая 13 верасня, на наступны дзень пасля арганізаванай мной масавай акцыі за сапраўдныя выбары.

Шчыра кажучы, чагосьці такога я чакаў. Здзіўляе іншае. Няўжо людзі, якія ўжываюць такія метады, сур'ёзна спадзяюцца, што яны ці іх нашчадкі будуць жыць пасля змены сітуацыі ў іх, пабудаваных на невядома адкуль узятыя мільёны, палацах?», - напісаў Мікалай Статкевіч.

Мікалай Статкевіч распавёў сайту palitviazni.info падрабязнасці пастановы ўлад зруйнаваць дом ягонай жонкі.

«Як вядома, шматлікія штрафы, якія мне выпісвалі за акцыі, я прынцыпова не аплачваю. Магчыма, каб адпомсціць мне, улады і прынялі пастанову зруйнаваць дом, дзе жыву», - кажа палітык.

«Гэты стары дом з садам належыць маёй жонцы, - распавядае Мікалай Статкевіч. - Яна ў ім вырасла, цяпер мы ў ім жывем. Цяпер модна бурыць старыя дамы, але акурат летам мінулага года, перад маім выхадам на волю, жонка атрымала ліст, у якім паведамлялася, што гэты прыватны сэктар не падлягае руйнаванню, бо з'яўляецца нейкай гістарычнай каштоўнасцю. Праўда, калі я пачаў жыць у гэтым доме, то, шчыра кажучы, не верыў, што гэта шчасце будзе надоўга. Так яно і выйшла. 12 верасня я правёў акцыю «За сапраўдныя выбары», а пасля даведаліся, што пастанова аб руйнаванні была дэманстрацыйна прынятая 13 верасня ў «сувязі з грамадскімі патрэбамі». Суседзі пачалі тэлефанаваць чыноўнікам, але тыя, высветлілася, нічога не ведаюць. Таму не выключана, што гэтая пастанова прымалася ў высокіх кабінетах».

Палітык мяркуе, што супадзенне тут невыпадковае, і пастанова аб руйнаванні дома наўпрост звязаная з ягонай чыннай палітычнай дзейнасцю і адмовай аплачваць штрафы.

«Яны ўжо ўсё паспрабавалі, каб спагнаць з мяне штрафы, - кажа былы палітвязень. - Палову пенсіі вылічваюць, арыштавалі мабільны тэлефон, забаранілі кіраваць аўтамабілем... Можа, хацелі б і за краты адправіць, але не могуць, бо нібыта лібералізацыю Захаду трэба паказваць. Пагатоў, ведаюць, што нават арышт на мяне не паўплывае, бо дагэтуль не зламалі і не зломяць надалей. Вось і наважылі нанесці ўдар з другога боку - перасяліць з прыватнага дома, мабыць, у аднапакаёвую кватэру. Гэта дадатковыя выдаткі, клопат і моцны псіхалагічны ўдар па жонцы, бо яна ўсё жыццё правяла ў гэтым доме. Адным словам, даймаюць як могуць. Але пасля ўсяго таго, што я прайшоў, ужо не страшна».

Мікалай Статкевіч дадае, што немагчыма падлічыць, колькі за ўвесь час пасля выхаду на волю яму налічылі штрафаў, але прыкладную суму называе:

«Цяжка назваць канкрэтныя лічбы, бо раней дасылалі паведамленні аб судах на мабільны тэлефон, але цяпер яго арыштавалі. Таму нават не ведаю, колькі іх было. Але перыядычна сюды прыязджаюць нейкія людзі з папкамі і блукаюць каля дома, бо патрапіць у яго не могуць. Сёння суседзі казалі, што гэтыя людзі зноў спрабавалі патрапіць у дом, але першае, што я зрабіў, калі пераехаў сюды, адрамантаваў увесь плот. Зрэшты, паводле маіх агульных падлікаў, за ўвесь час мне налічылі ўжо блізу 6 тысяч даляраў штрафаў».

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках