6 траўня 2024, панядзелак, 0:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Паганяйла: Працэс над Пальчысам павінен быць адкрытым

3
Гары Паганяйла: Працэс над Пальчысам павінен быць адкрытым
Гары Паганяйла

У Менскім гарадскім судзе ўжо пяты дзень прадаўжаецца разгляд крымінальнай справы рэдактара сайта 1863х.com і блогера Эдуарда Пальчыса.

Працэс, як вядома, адбываецца ў закрытым рэжыме.

«Калі суд закрылі ад грамадскасці, такім будзе і давер да разгляду гэтай справы, і да таго прысуду, што прыме суд», - распавёў сайту palitviazni.info юрыст Беларускага Хельсінскага Камітэта Гары Паганяйла.

Нагадаем, што Эдуард Пальчыс абвінавачваецца ва ўчыненні злачынстваў паводле ч.1 арт.130 (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці) і ч.2 арт. 343 (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

25 жніўня 2016 года суд Цэнтральнага раёна Менска разгледзеў справу аб прызнанні прадукцыі, размешчанай на сайце 1863х.com. эктрэмісцкай. У выніку закрытага судовага пасяджэння 9 артыкулаў, размешчаных на гэтым сайце, былі прызнаныя «экстрэмісцкімі».

У Менскім гарадскім судзе разгляд «справы Пальчыса» пачаўся 14 кастрычніка.

Беларускія праваабаронцы прызналі Эдуарда Пальчыса палітвязням.

«Абвінавачванне ў распальванні расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці - досыць рэдкі выпадак у беларускіх рэаліях. Такія справы - адзінкавыя. Таму, калі гэта грамадска важныя справы, то як раз іх і трэба шырока асвятляць і працаваць на прафілактыку. А тут што атрымліваецца? Дзіўна, што суд над Пальчысам зрабілі закрытым, таму і праваабаронцаў, і грамадскасць пазбавілі інфармацыі. Тыя, хто праглядаў раней гэты сайт, і сачылі за публікацыямі, яшчэ могуць мець нейкае ўяўленне аб справе. Але, як мне здаецца, большасць наогул не ведаюць пра тое, што публікацыі ўтрымлівалі прыкметы экстрэмізму», - патлумачыў праваабаронца.

Са словаў юрыста, невядома таксама, хто праводзіў экспэртызу артыкулаў, якія прызнаныя экстрэмісцкімі.

«Мы ж не ведаем, ці дастаткова ў іх досведу і кваліфікацыі для такога кшталту ацэнак, бо высновы экспэртаў у судзе будуць разглядацца, як адзін з найважнейшых довадаў вінаватасці, - прадашжае ён. - А мы не можам нават даведацца, якія крытэры так званыя «экспэрты» ўзялі за аснову пры ацэнцы матэрыялаў з сайта».

Гары Паганяйла мяркуе, што пастанову зрабіць працэс закрытым улады прынялі таму, што, магчыма, бачаць усю слабасць сваёй пазіцыі:

«На сённяшні момант стаіць задача - заткнуць рот блогеру Пальчысу, які жорстка крытыкаваў дзеянні Расеі ў дачыненні да Украіны. Гэта такі своеасаблівы прыклад і для іншых. Хоць, можа быць, нічога злачыннага ў працах Пальчыса і не было. Таму сёння мы бачым закрыты працэс і звычайную барацьбу з іншадумствам. У гэтым плане ў краіне нічога не змянілася. І, калі суд закрылі ад грамадскасці, такім будзе і давер да разгляду гэтай справы, і да гэтай пастановы суда».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках