3 траўня 2024, Пятніца, 10:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Топ-5 абавязкаў настаўніка, якія не аплачваюцца

44
Топ-5 абавязкаў настаўніка, якія не аплачваюцца

Настаўнікі збіраюць макулатуру, арганізуюць падпіску на дзяржаўныя газеты, ходзяць па кватэрах. А калі ж ім дзяцей вучыць?

Прызначаючы амаль два гады таму Міхаіла Жураўкова на пасаду міністра адукацыі, Лукашэнка ў ліку іншага даручыў яму вызваліць настаўнікаў ад усякай лішняй нагрузкі.

«Разбярыцеся ў школе, вызваліце ад неўласцівых функцый настаўніка, вызваліце ад неўласцівых функцый школу, дайце ім магчымасць займацца адукацыяй, выхаваннем. Якія могуць быць палітычныя, эканамічныя і фінансавыя справаздачы ў настаўніка? Чаго вы да настаўніка прысталі?», - заявіў тады Лукашэнка.

І што? Лягчэй стала настаўнікам? Менш паперак сталі запаўняць? З'явілася больш часу для выканання сваіх прамых абавязкаў - вучыць дзяцей? Як бы не так! Нічога не змянілася. А дзе-нідзе стала нават горш. Настаўнікаў ужо прымушаюць збіраць у дзяцей аналізы.

Якія абавязкі, не ўласцівыя прафесіі і, само сабой, якiя не аплачваюцца, часцей за ўсё даводзіцца выконваць настаўнікам? - на гэта пытанне адказваюць «Беларускія навіны».

1. Кантроль за харчаваннем школьнікаў

Харчаванне дзяцей у школе абавязковае, і гэта значыць, што кожны класны кіраўнік - трошкі касір і трошкі дыетолаг.

Спачатку трэба ўгаварыць бацькоў, каб дзеці харчаваліся ў школе. Далей - сабраць грошы, знайсці пры неабходнасці рэшту, закласці за тых, хто прынясе праз дзень, таму што забыўся ці таму што ў мамы аванс толькі ў чацвер. І кожны дзень падлічваць, колькі ў класе дзяцей будзе есці, хто не прыйшоў у школу і, адпаведна, не будзе. Харчаванне аплачваецца штодня!

Пры гэтым дзеці вельмі часта не хочуць есці тое, што прапануе школьная сталовая - салаты, кашы, катлеты ці боршч. Іх цягне ў буфет за булачкай ці ў краму за чыпсамі.

Настаўніца адной з менскіх школ распавяла, як мама 10-гадовай дзяўчынкі выказвала прэтэнзіі з нагоды таго, што яе дачка набрала лішнюю вагу. Мама дзяўчынкі наракала настаўніцы, што ў малодшай школе за харчаваннем яе дзіцяці сачылі, не дазвалялі не есць суп, а цяпер адносяцца абыякава.

Настаўнікі кажуць, што менавіта арганізацыя харчавання займае ільвіную долю іх часу.

2. Наведванне вучняў на даму

Да таго, што настаўнікі ходзяць на дом да вучняў, каб праверыць, у якіх умовах яны жывуць, усе прывыклі. Аднак парадак такіх візітаў у нарматыўных актах не прапісаны. Настаўнікі не належаць да службовых асобаў, якім людзі абавязаныя адкрываць дзверы і ўпускаць у сваё жыллё.

Настаўнікам за візіты дадому да вучняў не даплачваюць. Наадварот, даводзіцца яшчэ выдаткоўваць уласныя грошы на праезд, асабліва ў гарадах, дзе дзеці могуць жыць на досыць вялікай адлегласці ад школы.

Акрамя таго, бывае, што настаўнікаў паралельна абавязваюць выконваць функцыі райсабеса, ЖЭСаў або МНС і правяраць спраўнасць ацяплення, праводкі, наяўнасць паліва на зіму ў прыватных дамах.

Аднойчы нахабства чыноўнікаў абурылася нават віцэ-прэм'ер Наталля Качанава: «Адно з раённых упраўленняў адукацыі сталіцы накіравала ва ўстановы адукацыі ліст з інфармацыяй пра запазычанасць грамадзян у аплаце за жыллёва-камунальныя паслугі. Педагогам прапануецца ў рамках «ўсенавуча» абследаваць умовы пражывання непаўналетніх і правесці тлумачальную працу з бацькамі аб неабходнасці выплаты запазычанасці ў аплаце за паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Скажыце, як гэта разумець?.. Тлумачальную працу павінны займацца не педагогі, а тыя, хто абавязаны гэта рабіць! Не трэба даводзіць сітуацыю да абсурду!»

3. Усенавуч

У Беларусі звесткі аб ахопе дзяцей школьнай адукацыяй збіраюцца па яшчэ савецкай методыцы - настаўнікі ходзяць па кватэрах, тэрытарыяльна замацаваных за канкрэтнай школай, каб даведацца, ці ёсць там дзіця, якога ўзросту і ў якой установе адукацыі вучыцца.

З аднаго боку, неабходнасць такога маніторынгу цяжка аспрэчыць. З іншага, гэта дадатковая нагрузка на настаўнікаў, у нярэдкіх выпадках спалучаная з рызыкай для здароўя і нават жыцця.

Відавочна, што ўсенавуч неабходна арганізоўваць інакш. Магчыма, прыцягваць да яго трэба не ўсіх запар, а настаўнікаў-добраахвотнікаў і аплачваць гэтую працу.

4. Збор макулатуры

Прывучаць дзяцей да экалагічна правільных паводзінаў важна, але даводзіць да школ план збору макулатуры або металалому - яшчэ адзін архаізм савецкай адукацыйнай сістэмы. Зрэшты, яму ў найбліжэйшай перспектыве нічога не пагражае, з той простай прычыны, што такія метады ўхваляе кіраўнік дзяржавы.

«Я ўспамінаю сваё дзяцінства і школьныя гады і думаю: а як аб'яднаць дзяцей на добрую справу. Бо гэта ж быў збор макулатуры, збор металалому - і мы за гэта ніколі не атрымлівалі грошай, мы заўсёды спаборнічалі для таго, каб зрабіць нашу Радзіму багацейшай», - казаў Лукашэнка ў канцы 2014 года.

5. Падпіска на дзяржаўныя газеты

Настаўнікаў абавязваюць выпісваць «Настаўніцкую газету» і іншыя дзяржаўныя выданні. Прымус падпісацца на профільнае выданне яшчэ можна неяк растлумачыць (хоць падшыўка ёсць у кожнай настаўніцкай). Але настаўнікаў прымушаюць рабіць падпіску і сярод вучняў. У некаторых школах класнаму кіраўніку даводзяць план, колькі яго вучні якіх газет і часопісаў павінны выпісаць.

У савецкія часы школьнікі масава выпісвалі «Піянерскую праўду». Цяпер такой «папулярнасцю» можа пахваліцца «Юный спасатель».

Ніякіх патрабаванняў адносна неабходнасці педагогам падпісвацца нават на профільныя выдання ў заканадаўстве, само сабой, няма.

Маразм мацнее. Настаўнікі збіраюць аналізы

На настаўнікаў павесілі яшчэ і абавязкі медработнікаў. У адной са школ Фрунзенскага раёна Менска класных кіраўнікоў абавязалі сабраць у дзяцей аналізы... кала.

Збіраць аналізы ў школах можна, але рабіць гэта павінны медработнікі, а не настаўнікі. І хоць цяпер далёка не ў кожнай школе ёсць медсястра, гэта не азначае, што задачу важдацца з чужым г... можна павесіць на настаўніка, нават калі гэта г... любімых вучняў.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках