28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Справа Пцічкіна: Фельчара следчага ізалятара прысудзілі да трох гадоў калоніі-пасялення

10
Справа Пцічкіна: Фельчара следчага ізалятара прысудзілі да трох гадоў калоніі-пасялення
Аляксандр Крылоў

Вінаватаму ў смерці зняволенаму фельчару таксама забаронена займацца прафесійнай дзейнасцю цягам пяці гадоў.

Аляксандр Крылоў - фельчар медчасткі менскага следчага ізалятара №1, дзе ў 2013 годзе памёр 21-гадовы мянчук Ігар Пцічкін, прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах пасялення, паведамляе БелаПАН.

Крылоў прызнаны вінаватым у неналежным выкананні прафесійных абавязкаў (ч.2 арт.162 КК), што прывяло да смерці асуджанага Пцічкіна. Яму таксама забаронена займацца прафесійнай дзейнасцю цягам пяці гадоў.

Прысуд быў абвешчаны 21 кастрычніка ў судзе Маскоўскага раёна Менска суддзёй Святланай Бандарэнкай. Такім чынам, суд падтрымаў пазіцыю пракурора, які патрабаваў менавіта такога пакарання.

Мера стрымання ў дачыненні да Крылова застаецца ранейшай - падпіска аб нявыездзе.

Фельчар паведаміў журналістам, што мае намер абскардзіць прысуд, але ад каментароў адмовіўся.

Выступаючы ў судзе 17 кастрычніка з апошнім словам, Крылоў заявіў, што не ўважае сябе за вінаватага. «Я магу выказаць здагадку, што паміж маімі дзеяннямі як медработніка пры выкананні прафесійных абавязкаў і наступствамі няма ніякай прычыннай сувязі. Менавіта таму я не прызнаю сябе вінаватым і прашу суд мяне апраўдаць», - сказаў ён.

Трагедыя адбылася больш за тры гады таму. У траўні 2013-га суд Заводскага раёна Менска прысудзіў 21-гадовага Ігара Пцічкіна да трох месяцаў адміністрацыйнага арышту за тое, што ён кіраваў аўтамабілем, будучы пазбаўленым правоў кіроўцы. У канцы ліпеня хлопца адправілі ў следчы ізалятар №1, а праз некаторы час супрацоўнікі ізалятара паведамілі сваякам, што Пцічкін сканаў 4 жніўня ад сардэчнага прыступу.

Неўзабаве пасля здарэння следства патлумачыла, чаму Пцічкін папаў у медчастку, дзе ён пасля памёр. Паведамлялася, напрыклад, што маладзёна шпіталізавалі, бо ў яго сталі выяўляцца і нарастаць прыкметы вострага псіхічнага расстройства: галюцынацыі, трызненне, адмова ад ежы і пітва, манія пераследу. Хлопец нібыта сістэматычна ўжываў алкаголь і курыльныя сумесі з наркатычнымі і псіхатропнымі рэчывамі.

У канцы верасня 2013 года ўправа Следчага камітэта Менску распачала справу ў дачыненні да медработніка следчага ізалятара Аляксандра Крылова, які падазраваўся ў неналежным выкананні прафесійных абавязкаў, што пацягнула смерць Пцічкіна. Пацярпелай паводле гэтай справы прызналі маці памерлага Жанну Пцічкіну.

У канцы снежня 2014 года УСК закрыла справу, а ў пачатку 2015 года следчыя абвясцілі, што хлопец нібыта пакутаваў на сіндром агульнай залежнасці ад псіхактыўных рэчываў і алкаголю, і з пачатку адбыцця пакарання ў яго ўзнікла вострае псіхічнае расстройства праз скасаванне спайсаў. Гэта выклікала парушэнне свядомасці і галюцынацыі, у сувязі з чым Пцічкін быў шпіталізаваны ў медчастку следчага ізалятара і ў мэтах прадухілення членашкодніцтва зафіксаваны мяккімі рамянямі да ложка. Паводле высноў СК, Пцічкін памёр праз вострую сэрцава-судзінную недастатковасць, якая ўзнікла на фоне сіндрому. Справу ў дачыненні да Крылова спынілі, бо «дапушчаныя парушэнні службовых інструкцый» з боку медперсаналу «не былі ў наўпроставай прычыннай сувязі з атрыманымі наступствамі».

Сваякі Пцічкіна не пагадзіліся з высновамі следства і падалі скаргу ў органы пракуратуры. Цягам паўтара года расследаванне некалькі разоў аднаўлялася Генпракуратурай і закрывалася на пастанову Следчага камітэта. Апошні раз Генпракуратура скасавала пастанову СК і прыняла справу да разгляду ў сярэдзіне 2016 года.

Практычна адразу пасля смерці Пцічкіна ягоныя сваякі сталі дамагацца распачынання крымінальнай справы аб факце збіцця маладзёна, бо на ягоным целе былі выяўленыя шматлікія шырокія сінякі. Следчыя органы ім у гэтым адмовілі, заявіўшы, што фактаў ужывання гвалту, фізічнай сілы і спецсродкаў у дачыненні да Пцічкіна не было. Тым не менш, сёлета следства прызнала факт цялесных пашкоджанняў у Пцічкіна, але адмовілася пачаць справу з гэтай нагоды, патлумачыўшы, што «ўсталяваць паходжанне цялесных пашкоджанняў як падчас расследавання крымінальнай справы, так і пры правядзенні праверкі паводле матэрыялаў не ўяўляецца магчымым».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках