Польскія памежнікі выявілі кантрабандныя цыгарэты на $1,2 мільёна
17- 21.10.2016, 20:09
- 15,807
Цыгарэты былі схаваныя ў вагоне цягніка, які рухаўся з Беларусі.
У Тэрэспалі выявілі буйную партыю кантрабандных цыгарэт. Яны былі схаваныя ў вагоне з вугалем. Як паведамляе сайт мытнай службы Белай Падляскі, падчас надгляду грузавога цягніка, які рухаўся з Беларусі, польскія памежныя і мытныя службы знайшлі цыгарэты, схаваныя ў спецыяльна пабудаванай схованцы, паведамляе «Еўрарадыё».
Чыноўнікам спатрэбілася некалькі гадзін, каб разгрузіць кантрабанду. Пасля падліку выявілася, што ў цягніку знаходзіліся амаль 356 тысяч пачкаў цыгарэт. Іх рынкавы кошт ацэньваецца на суму больш за 4,7 млн злотых (1,2 млн даляраў). Паводле факту здарэння праводзіцца праверка.
Паведамляецца, што колькасць цыгарэт - гэта рэкорд сярод затрыманай кантрабанды ва ўсходняй частцы мяжы Еўрапейскага Звязу ў гэтым годзе.