27 красавiка 2024, Субота, 8:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фермеры з-пад Маларыты далі адпор міліцыі

17

Берасцейскія следчыя затрымалі другога з братоў, якія адбівалі ў невядомых людзей у чорным свайго сваяка.

Аляксандр Бяльчук, адзін з герояў гісторыі са стральбой пад Маларытай, так і не выйшаў да родных з будынка Управы следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Берасцейскай вобласці. Папярэдне фермер паведамляў, што яго выклікалі да следчага. Нескладана здагадацца, што калі не выпусцілі – то затрымалі.

Бацька, 76-гадовы Іван Бяльчук, які суправаджаў сына, апавёў «Радыё Рацыя»:

– Сказалі, што затрымалі на трое сутак, а потым у панядзелак будуць вызначаць меру стрымання.

– Выклікалі праз позву ці праз тэлефон?

– Праз тэлефон.

Са словаў Івана Бельчука таксама вядома, што ягонага сына мінімум да панядзелка накіравалі ў ІЧУ, што размяшчаецца ў Паўночным гарадку Бярэсця.

Нагадаем, што гэтая гісторыя пачалася 12 кастрычніка, калі вяскоўцы з-пад Маларыты «не пазналі» міліцыю.

Каменем спатыкнення ва ўзаемаадносінах двух бакоў стала затрыманне 55-гадовага Мікалая Бельчука, які знаходзіўся ў вышуку паводле справы наконт «самаробнага трактара» двухгадовай даўніны. 12 кастрычніка раніцай у вёсцы Арлянка міліцыя яго затрымала, але сваякі выправіліся наўздагон. Пагоня скончылася стральбой з табельнай зброі і яшчэ адной крымінальнай справай паводле таго ж артыкула – за гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі. На гэты раз – у дачыненні да брата затрыманага, Аляксандра.

У кожнага з бакоў канфлікту свая версія таго, што адбылося. Дзядзька затрыманага, Дзмітрый, так апісаў падзеі:

– Да Колі падышоў чалавек у цывільным. Спытаў прозвішча – ён сказаў. І тут Колю заламалі рукі, надзелі кайданкі. З лесу яшчэ некалькі чалавек выбеглі ў чорным без надпісаў і ў лес яго павялі. Напэўна, там была машына. Брат мой сеў на ровар, апавёў іншым. Усе селі ў машыны і паехалі. Па дарозе іх (міліцэйскі УАЗ) дагналі і спынілі, каб даведацца, хто і куды Мікалая вязе. На УАЗе ніякіх надпісаў не было.

Адным з тых, хто паехаў за уазікам, быў брат затрыманага Аляксандр. Цяпер ён знаходзіцца ў лякарні.

– Да мяне прыбег бацька і сказаў, што нехта схапіў брата Колю і пацягнуў у лес. Я сказаў сынам, каб заводзілі машыну, каб паехаць і паглядзець, што адбываецца. Селі ў машыну, бачым, як УАЗ сыходзіць у бок лесу. Паехалі за ім. На жвіроўцы хацелі іх абагнаць, яны нам не давалі. Выехалі на асфальт, сын спыніўся. І яны спыніліся за метраў 15 – 20 ад нас. Я выйшаў з машыны, заўважыў, як да УАЗа пад'ехаў пляменнік з бацькам. Потым убачыў, як да нашай машыны падбягае высокі мужык. <...> Потым чую пляскач побач з сабой. І нічога не бачу, кроў пацякла, і ўсё.

Падчас разборак у лесе Аляксандр атрымаў траўму галавы. Яго павезлі ў лякарню і шпіталізавалі. Паводле стану на 14 кастрычніка мужчына ўсё яшчэ знаходзіўся на лекаванні.

Адзін стрэл у паветра, адзін – у кола

У міліцыі свая версія таго, што адбылося. Як паведамілі ў прэс-службе УУС Берасцейскага аблвыканкама, 12 кастрычніка блізу 7.30 супрацоўнікі аддзела крымінальнага вышуку Берасцейскага РАУС і АМАП палка патрульна-паставой службы міліцыі УУС Берасцейскага аблвыканкама ў прыватным доме ў вёсцы Арлянка Маларыцкага раёна затрымалі 55-гадовага мужчыну. Ён знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку паводле абвінавачання ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 364 (Гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных справаў).

А далей – тая самая гісторыя з іншага боку.

«У ходзе яго канваявання ў абласны цэнтр аўтамабілі, якімі кіравалі знаёмыя і сваякі падследнага, сталі перашкаджаць руху службовага аўтамабіля УАЗ. На выкарыстанне пробліскавых маячкоў, сірэны, а таксама на патрабаванне саступіць дарогу з дапамогай гучнай прылады кіроўцы не рэагавалі. У мэтах спынення транспартнага сродку аднаго з правапарушальнікаў супрацоўнік АМАП выкарыстаў табельную зброю. Ён зрабіў адзін папераджальны стрэл у паветра. Аднак правапарушальнікі прадоўжылі свае супрацьпраўныя дзеянні і перашкаджалі дзеянням супрацоўнікаў міліцыі. У сувязі з гэтым у мэтах спынення гэтага транспартнага сродку правапарушальніка быў зроблены адзін стрэл у задняе кола аўтамабіля. Пра тое, што здарылася, было паведамлена ў дзяжурную частку УУС Берасцейскага аблвыканкама. На месца здарэння для разбору выехала следча-аператыўная група», – апавялі ў прэс-службе абласной міліцыі.

13 кастрычніка Следчы камітэт распачаў у дачыненні да Аляксандра крымінальную справу паводле артыкула за гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі (арт. 364 КК). Як паказана ў міліцэйскай зводцы, 12 кастрычніка з 07.00 да 10.00 на аўтадарозе Берасце – Олтуш у групе з нявызначанымі асобамі ён чыніў супраціў супрацоўнікам АМАП палка патрульна-паставой службы міліцыі і аддзела крымінальнага вышуку Берасцейскага РАУС, якія знаходзіліся пры выкананні службовых абавязкаў.

«Усё было нармальна»

Падставай для затрымання Мікалая стала справа двухгадовай даўніны, якая ў народзе атрымала назву «трактарнай». 9 траўня 2014 г. паміж вяскоўцамі і інспектарам паўстаў канфлікт праз самаробны трактар, які належыць сям'і затрыманага. Паводле словаў вяскоўцаў, інспектар прыехаў у двор, каб «канфіскаваць» трактар, які «стаіць у гаражы і па вуліцах не ездзіць».

Паводле версіі ДАІ, «самаробны транспартны сродак ехаў па дарозе, а калі інспектар выказаў патрабаванне аб прыпынку, кіроўца заехаў на дваровую тэрыторыю». Калі супрацоўнік ДАІ паспрабаваў скласці адміністрацыйны матэрыял, каб змусіць кіроўцу да адказнасці, паміж ім і мясцовымі жыхарамі адбыўся канфлікт, у выніку якога інспектар атрымаў траўму.

Крымінальную справу паводле артыкула за гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі распачалі ў дачыненні да двух братоў: Аляксандра і Мікалая. Аляксандра суд прызнаў вінаватым і прысудзіў да 3 месяцаў арышту. Мужчына з прысудам не пагадзіўся і неаднаразова яго абскарджваў. Тым не менш пастанова засталася нязменнай.

Дарэчы, для сваякоў Мікалая інфармацыя пра тое, што той знаходзіцца ў вышуку, стала поўнай нечаканасцю.

– Ён жыў пастаянна ў вёсцы. Быў неяк канфлікт з суседзямі, участковы прыязджаў разбірацца. <...> Усё было нармальна, – апавёў Аляксандр. На гэты момант сваякі Мікалая плануюць абскардзіць дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў пракуратуры.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках