Жураўкоў распавёў пра школьную «рэформу»
26- 24.10.2016, 8:24
- 17,412
Беларускую школу найбліжэйшыя гады чакае мноства істотных змен.
Пра гэта заявіў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў у інтэрв'ю праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1». Гутарка была паказана ўвечары 23 кастрычніка.
Са слоў Жураўкова, для выпускнікоў дзевятых і адзінаццатых класаў рыхтуецца «незалежны іспыт». Яго плануецца ўвесці прыкладна ў 2020-2021 годзе. Пры новай форме іспыту прымаць яго будуць не настаўнікі той школы, дзе вучацца дзеці, а камісіі з іншых школ і вышэйшых навучальных устаноў. Міністр растлумачыў гэта новаўвядзенне неабходнасцю атрымліваць больш аб'ектыўныя ацэнкі, адзначае Еўрарадыё.
Дарэчы, гэта не адзінае новаўвядзенне ў іспытаў. Міністр паведаміў, што плануецца прыйсці да нацыянальнага экзамену па чатырох прадметах. Базай для яго будзе цэнтралізаванае тэставанне з некалькіх частак. Першая частка - экзамен за школьны курс навучання, другая - экзамен для паступлення ў ВНУ. Прычым у другой частцы будуць асобныя вусныя экзамены, якія кожная навучальная ўстанова будзе прымаць у адпаведнасці са сваёй спецыфікай.
Са слоў Жураўкова, для філалагічных спецыяльнасцяў гэта можа быць сачыненне або пераказ, для замежных моў - сумоўе.
Акрамя таго, да 2021 года плануецца поўнасцю перавесці школы на профільнае навучанне. Жураўкоў заявіў, што дзеці пачнуць рыхтавацца да паступлення ва ўніверсітэты ўжо з пятага-шостага класа.