19 красавiка 2024, Пятніца, 17:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі спее бунт «дармаедаў»

226
У Беларусі спее бунт «дармаедаў»

Беларусы не хочуць аддаваць уладам апошнія грошы.

Ці ёсць у чыноўнікаў магчымасць перайграць па-новаму скандальны дэкрэт «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», каб вывесці з ценю 400 тысяч працаздольных беларусаў?

Беларускія падатковыя органы рассылаюць грамадзянам, «якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржвыдаткаў», паведамленні аб неабходнасці ў самыя кароткія тэрміны з'явіцца ў інспекцыю, каб даць адпаведныя тлумачэнні, піша Заўтра тваёй краіны.

На фоне ўзмацнення жорсткасці працоўнага заканадаўства - у выглядзе новай рэдакцыі закона аб занятасці насельніцтва, якая ўвайшла ў дзеянне з 24 кастрычніка - гэта, як мінімум, стварае нагоду для росту сацыяльнага напружання.

Як заўважае акадэмічны дырэктар Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова, каб вывесці з ценю заробкі, трэба перш за ўсё прааналізаваць прычыны іх сыходу ў цень.

- Напрыклад, унёскі у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва часта кладуцца цяжкім цяжарам на працадаўцаў, і яны спрабуюць ухіліцца ад выплаты збораў, - падкрэслівае экспэрт. - Тут падатак на дармаедаў асабліва не дапаможа, бо з ценю выведуць толькі мінімальны заробак, а астатняе так і будуць выплачваць у канвертах.

Са слоў экспэрта, развязаннем можа стаць альбо зніжэнне стаўкі ФСАН, альбо больш шчыльная прывязка сацыяльных выплат - напрыклад, пенсій - да сумы афіцыйных заробкаў.

- Яшчэ адна распаўсюджаная прычына ўхілення ад падаткаў - немагчымасць весці афіцыйную прадпрымальніцкую дзейнасць з-за мноства адміністрацыйных бар'ераў і праверак, - звяртае ўвагу Кацярына Барнукова. - Прадпрымальнікі часта не рэгіструюцца не для таго, каб не плаціць падаткі, а каб пазбегнуць інспекцый, праверак і іншых працэдур, якія робяць іх бізнэс немагчымым.

На думку суразмоўцы, выхад у гэтай сітуацыі відавочны: дзяржаве неабходна знізіць адміністрацыйную нагрузку, а таксама лібералізаваць умовы для вядзення бізнэсу.

Прафсаюзы гатовыя дзейнічаць

Далёка не ўсе беларусы згаджаюцца добраахвотна аплаціць штраф за дармаедства, распавёў на днях «Салiдарнасцi» старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч.

- Частка людзей адчуваюць страх і вырашаюць пайсці заплаціць - такія ёсць, але гэта невялікая група, - тлумачыць прафсаюзны лідар. - Іншая частка людзей, таксама малалікая, гатовая змагацца да канца аж да міжнародных судоў. А большасць народа ў нас, як той казаў, «і ні туды і ні сюды» - яны чакаюць і глядзяць, а што ж будзе далей.

Відавочна, што рэакцыі грамадства чакаюць і беларускія чыноўнікі - і менавіта ад яе будзе залежаць, наколькі заўзята мясцовыя падаткавікі будуць патрабаваць выплаты праславутага збору «за дармаедства».

Напісаць каментар 226

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках