20 красавiка 2024, Субота, 7:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Педагог каледжа: Што дрэннага ў тым, што КДБ паразмаўляў са студэнтам?

25
Педагог каледжа: Што дрэннага ў тым, што КДБ паразмаўляў са студэнтам?
Вадзім Бабін

Адміністрацыя Менскага тэхналагічнага каледжа сцвярджае, што «прафілактычная размова» праз «выбары» - гэта нармальна.

25 кастрычніка навучэнца Менскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа Вадзіма Бабіна выклікаюць у кабінет дырэктара. Як высвятляецца, для размовы з супрацоўнікам КДБ.

«Я думаю, што гэта ўсё праз тое, што я браў удзел у выбарчай кампаніі Юрася Губарэвіча (старшыня Руху «За свабоду», браў удзел у парламенцкіх выбарах, - рэд.), быў назіральнікам і ездзіў у Кіеў на марафон, прэзентуючы рух», - кажа Вадзім Бабін у інтэрв'ю euroradio.fm.

Са слоў навучэнца каледжа, супрацоўніка КДБ цікавіла, колькі яму і іншым чальцам каманды плацілі за ўдзел у выбарчай кампаніі Губарэвіча і нават пра кіеўскі марафон, а дакладней - колькі алкаголю падчас той паездкі ўжылі сябры руху.

Завяршылася размова, сцвярджае Бабін, парадай прыпыніць удзел у дзейнасці руху «За свабоду». Маўляў, у красавіку будуць экзамены, і калі гэтага прыпынення ўдзелу не будзе, то будуць праблемы.

«Вучуся я добра, сярэдні бал у мяне - сем, не прагульваю заняткі. Але ж вы разумееце, што ў мяне досыць хутка экзамены, а ўсяго чалавек ведаць не можа...»- адзначае Вадзім.

Загадчыца механіка-тэхнічнага аддзялення каледжа Алена Мігура шчыра прызнае: супрацоўнік КДБ сапраўды прыходзіў, размова з Вадзімам Бабіным сапраўды была. Вось толькі ніякага ціску на хлопца не было, а была нармальная «выхаваўча-прафілактычная размова».

«Ён добра вучыцца, не прагульшчык - ён недурны хлопец. Але ён, напэўна, усё ж выбраў не тую кампанію і людзей, з якімі кантактуе. Я спрабавала з ім размаўляць, тлумачыць, што, жывучы ў сваёй дзяржаве, пляваць у талерку з якой ясі - не вельмі прыгожа. Ты вучышся ў дзяржаўнай навучальнай установе, жывеш у нашым інтэрнаце за капейкі, атрымліваеш стыпендыю, і пры гэтым ты супраць дзяржавы здзяйсняеш нейкія дзеянні! У тым жа разрэзе казаў з ім і супрацоўнік гэты: паспрабаваў яму растлумачыць, што людзі, з якімі ён мае зносіны - нядобранадзейныя. А ты - навучэнец, так не павінна быць!» - распавяла педагог.

З яе слоў, супрацоўнік КДБ у каледж наведвацца даволі часта, нічога дрэннага ў тым, што спецслужбы цікавяцца грамадскай ці палітычнай дзейнасцю навучэнцаў, няма.

«Ён жа не абвінавачваў у парушэнні закона, а спрабаваў высветліць прычыну: праз грошы ці не?» - кажа Алена Мігура.

Са слоў педагога, ніхто выключаць хлопца за яго погляды і палітычную дзейнасць з каледжа не збіраецца. Яе нават крыўдзяць такія падазрэнні.

«Я дарослы чалавек і апусціцца да нейкай там помсты праз тое, што ў цябе нейкія іншыя погляды?!» - абураецца педагог.

І задае сустрэчнае пытанне: «На якой падставе можна выключыць навучэнца, калі ён добра вучыцца і не прапускае заняткі?».

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках