28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Наваполацку заробкі выдалі дзіўнымі «сертыфікатамі»

52
У Наваполацку заробкі выдалі дзіўнымі «сертыфікатамі»

Працаўнікі ААТ «Базіс-Наваполацк» атрымалі штосьці сярэдняе паміж талонамі на харчаванне і «працаднямі».

У Наваполацку работнікам гандлю выдаюць аванс заробку сертыфікатамі. Прычына крыецца ў няпростым фінансавым становішчы ААТ «Базіс-Наваполацк», самай вялікай гандлёвай сеткі горада.

У склад ААТ «Базіс-Наваполацк» (былога Наваполацкага гархарчпрамторгу) уваходзяць 12 харчовых і 5 прамысловых крамаў, а таксама кавярні, рынкі і пункты грамадскага харчавання. Аднак апошнім часам сітуацыя на прадпрыемстве склалася няпростая. Як следства - гэта адбілася на працаўніках.

- У гэтым месяцы работнікам выдаюць аванс заробку сертыфікатамі, на якія яны могуць нешта купіць у сваіх крамах. Людзі абураныя. Усё робіцца добраахвотна-прымусова, у нас жа кантрактная сістэма, не хочаш - прымусім. Так хутка мы вернемся ў мінулае стагоддзе, калі людзі замест заробкаў атрымлівалі купоны. Ці ўвогуле працавалі ў калгасах за працадні. На якой падставе так паступаюць з работнікамі? - распавёў praca-by.info старшыня Рэгіянальнай арганізацыі Незалежнага прафзвязу Наваполацка Іван Святоха.

У ААТ «Базіс-Наваполацк» praca-by.info паведамілі, што сертыфікаты ў якасці авансу выдаюць паводле заявы работніка: «Усё афіцыйна. Ні ў кога ніякіх пытанняў не было. Пакуль гэта разавы крок».

Больш падрабязна сітуацыю апісаў намеснік дырэктара ў эканоміцы Уладзіслаў Шутко.

- Мы выпусцілі падарункавыя сертыфікаты, якія даюць у нашых крамах зніжку ад 5 да 15% - і на харчовыя, і на прамысловыя тавары. Паводле жадання работніка ён мае права набыць іх праз бухгалтэрыю. Работнік можа купіць падарункавыя сертыфікаты на ўсялякую суму. Ён можа наогул адмовіцца ад іх пакупкі. Ніхто яго сілком не прымушае, - сказаў Уладзіслаў Шутко.

Дадамо, што сярэднеспісачная колькасць работнікаў ААТ «Базіс-Наваполацк» складае блізу 1 250 працаўнікоў. Паводле вынікаў першага паўгоддзя 2016 года чыстая страта прадпрыемства склала амаль 4 млрд рублёў.

Раней кіраўніцтва ААТ «Базіс-Наваполацк» тлумачыла фінансавыя праблемы прадпрыемства перанасычанасцю горада гандлёвымі сеткамі. Апошнім часам у Наваполацку сталі развівацца «Еўраопт», «Марцін» і іншыя. Большасць крам «Базіс» былі пабудаваныя больш за 40 гадоў таму і ім цяжка канкураваць.

Праўда, у горадзе ходзяць чуткі, згодна з якімі сетку «Базіс» свядома банкрутуюць, каб некаторыя асобы маглі з выгадай атрымаць яе маёмасць.

У жніўні старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў распавёў:

- Сітуацыя сапраўды складаная: у траўні з розных прычын, у тым ліку і за кошт выплаты значнага інвестыцыйнага крэдыту, у прадпрыемства адбылося рэзкае зніжэнне тавараабарачэння, не стае грошай для разліку з пастаўшчыкамі.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках