19 красавiка 2024, Пятніца, 20:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дарафеева з Давыдзькам наведалі турму: Харчаванне як у рэстарацыі, варункі добрыя

199
Дарафеева з Давыдзькам наведалі турму: Харчаванне як у рэстарацыі, варункі добрыя

Дарафеевай спадабаліся суп, смажаніна і кампот, а Давыдзька пахваліў турму за «дзелавое асяроддзе».

Чальцы грамадскай рады пры МУС, сярод якіх - старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, сустаршыня Беларускага саюза жанчын Антаніна Морава і заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева, наведалі ІЧУ і турму №4 у Магілёве.

Як паведамляе прэс-служба МУС, убачыць на ўласныя вочы варункі ўтрымання зняволеных - ідэя саміх чальцоў рады.

«Зазірнулі госці і ў сталовую ізалятара: на абед - капуста, рысавая каша з катлетай і кампот. Дарэчы, кошт трохразовага харчавання людзей у ІЧУ абыходзіцца дзяржаве 10 рублёў 50 капеек на чалавека за суткі», - гаворыцца ў рэпартажы МУС.

Пасля ІЧУ чальцы рады наведалі турму №4. У адной з камер - 10 мужчын, на стале кнігі і жалезныя кубкі. На пытанне старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі «Ці ёсць скаргі?» адказваюць адмоўна; «Ці хапае паветра?» - станоўча.

Дэлегацыя накіравалася да камер, у якіх утрымліваюцца жанчыны. «Зламысніцы выдатна выглядаюць: каб сачыць за сабой, часу дастаткова», - адзначаецца ў рэпартажы.

Гасцям установы таксама прапанавалі паспрабаваць турэмны абед - суп, смажаніну з салёным агурком, кампот з сухафруктаў, хлеб.

«Харчаванне на вышэйшым узроўні, як у рэстарацыі, прызнаюся шчыра, я нават паспрабавала - вельмі смачна», - адзначыла Ірына Дарафеева, заслужаная артыстка Беларусі, а цяпер чалец сталай камісіі «палаты прадстаўнікоў» у адукацыі, культуры і навуцы.

Абагульніўшы меркаванні калегаў, старшыня грамадскай рады пры МУС Генадзь Давыдзька адзначыў, што «турма пакінула ўражанне вельмі дзелавога асяроддзя».

«Такія месцы не павінны выклікаць прыемных эмоцый, але варункі вельмі добрыя, у чысціні, дысцыпліне, - адзначыў Давыдзька. - Супрацоўнікі ведаюць сваю працу, ведаюць і зняволеныя, за што сядзяць і чаму, ва ўсім прысутнічае парадак і арганізаванасць».

Напісаць каментар 199

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках