28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Коміваяжоры

56
Коміваяжоры
Наталля Радзіна

Са здзіўленнем гляджу на паездкі еўрапейскіх чыноўнікаў у Беларусь.

Мяне здзівіў віцэ-прэм'ер Польшчы Матэуш Маравецкі, які на днях прыехаў у Менск. Сын знакамітага Карнэлія Маравецкага, лідара «Solidarnośсi Walczącej» («Змагарскай Салідарнасці»), сустрэўся з беларускім дыктатарам, заявіў, як «шмат сфер для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва» ў Беларусі і Польшчы і нічога не сказаў пра сітуацыю з правамі чалавека ў краіне. Ні польскія, ні беларускія СМІ не перадалі ніводнага слова салідарнасці польскага віцэ-прэм'ера з беларусамі, якія змагаюцца за свабоду і дэмакратыю.

Мяне здзівілі дэпутаты Бундэстагу Уце Фінке-Крэмэр і Олівер Качмарак, якія прыехалі ў Менск адразу ж пасля чарговай нахабнай фальсіфікацыі вынікаў «парламенцкіх выбараў» і заявілі, што можна здымаць забарону на кантакты з самазванай «палаткай», заплюшчыўшы вочы на непрызнанне гэтых «выбараў» свабоднымі і справядлівымі АБСЕ і фактычны байкот гэтага фарсу самімі беларусамі.

Мне балюча за Украіну і дзіўна глядзець на яе прэзідэнта Пятра Парашэнку, які сёння шукае хаўруснікаў у вайне з Расеяй сярод выкармленых ёю суседніх дыктатараў. Калісьці, Пятро Алексіевіч, мы з вамі размаўлялі, за тры месяцы да таго, як вы сталі прэзідэнтам. Вы распытвалі мяне, што адбывалася са мной і іншымі беларускімі апазіцыянерамі ў СІЗА КДБ пасля выбараў 2010 года, называлі Лукашэнку «шалёным», успамінаючы свой ранейшы досвед зносін з ім у сваю бытнасць міністрам замежных спраў і кіраўніком РНБА. Дык чаму ж сёння вы верыце, што гэты «шалёны», калі на яго націсне Пуцін, можа не пусціць расейскія танкі на Кіеў? Ці і тут бізнэс важней за палітыку?

Вельмі здзівіў Сусветны банк, які раптам убачыў рэзкае «паляпшэнне» ў дзелавым клімаце Беларусі і падняў краіну ў рэйтынгу Doing Business менавіта ў той момант, калі беларускія ўлады кінулі ў выніку гучных спраў у турмы сотні новых бізнэсоўцаў. Можа, паважаныя экспэрты банка наведалі ў калоніях тых няшчасных, у якіх улады «адціснулі» фірмы і кінулі гніць за краты ў нечалавечыя ўмовы? Ці можа, яны пагаварылі з ІП, якія праз рабаўніцкія ўказаў дыктатара страцілі ўсё і сталі жабракамі?

Мяне здзіўляюць, вядома, дыпламаты еўрапейскіх дзяржаў, якія сёння сядзяць у Менску, нібы ў рот вады набраўшы, баючыся выціснуць з сябе хоць бы адно слова ў абарону рэпрэсаваных апазіцыянераў, бо так не хочацца парушыць далікатны баланс «гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва» іх дзяржаў з Беларуссю. Зноў жа на заметку Сусветнага банка: гаворка ідзе пра паўкрымінальную кантрабанду тавараў у Расею праз тэрыторыю Беларусі ў абыход санкцый.

Мяне не здзівіў Еўрапейскі алімпійскі камітэт, які наважыў правесці Еўрапейскія гульні ў Беларусі, бо летась іх правялі ў Азербайджане, дзе ў гэты час у турмах сядзелі сотні праваабаронцаў і незалежных журналістаў. Пасля гэтага ўспрымаць сур'ёзна гэтую арганізацыю і яе гульні не выпадае.

Я спрабавала разабрацца ў сваіх эмоцыях, гледзячы на ўсё гэта. Я не адчуваю гневу, не адчуваю абурэння, мне проста сорамна. Я памятаю тую Салідарнасць людзей Еўропы, палітыкаў, дыпламатаў, актораў, журналістаў з беларусамі пасля разгону Плошчы 2010 года, калі Лукашэнка чарговы раз падмануў Еўропу і ЗША. Гэтая салідарнасць выратавала тысячы людзей, дапамагла загаіць раны і дала надзею.

Зараз я жыву ў Еўразвязе. Польшча і Літва сталі для мяне роднымі краінамі, таму што запрасілі і дапамаглі сайту charter97.org працягнуць працу для Беларусі.

Але сёння мне сорамна за еўрапейцаў, якія прыязджаюць у Беларусь, таму што з людзей, якія прадстаўляюць Саюз дэмакратычных каштоўнасцяў, яны ператварыліся ў звычайных коміваяжораў.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка charter97.org

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках