23 красавiка 2024, aўторак, 10:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады хочуць узяць у беларусаў $800 мільёнаў

11
Улады хочуць узяць у беларусаў $800 мільёнаў
Фото: bymedia

Улады вядуць падрыхтоўку для размяшчэння на замежнай пляцоўцы новага выпуску беларускіх еўрабондаў.

Размяшчэнне аблігацый дазволіць прыцягнуць 800 млн даляраў. Умовы выпуску абмяркоўваліся падчас нядаўняга візіту беларускай дэлегацыі ў Вашынгтон. Галоўная інтрыга ў тым, якую плату заплаціць Беларусь за продаж трэцяга выпуску дзяржаўных бондаў, пішуць naviny.by.

Разлік на заходніх інвестараў

У 2017 годзе Беларусь, паводле звестак Мінфіна, павінна будзе накіраваць на абслугоўванне дзяржаўнай запазычанасці 2,5 млрд дэнамінаваных рублёў і 5,2 млрд рублёў - на выплату. Такім чынам, каб разлічыцца са старымі запазычанасцямі, спатрэбіцца адшукаць амаль 3,5 млрд даляраў.

Для выплаты дзяржаўнай запазычанасці плануецца прыцягнуць 1,9 мільярда даляраў у выглядзе новых запазычанняў, у тым ліку 800 млн - ад продажу чарговага выпуску беларускіх еўрааблігацый.

У 2010-2011 гадах Беларусь ужо размяшчала двойчы на замежных рынках дзяржаўныя бонды на агульную суму 1,8 млрд даляраў. Праўда, пазычыць грошы ўдавалася даволі дорага: дэбютны выпуск аблігацый на 1 млрд даляраў у 2010 годзе ўдалося размясціць пад 8,75% гадавых. Купонны даход для інвестараў другога выпуску, які быў размешчаны ў 2011 годзе, склаў 8,95% гадавых.

За аблігацыі 2010 года, тэрмін размяшчэння якіх складаў пяць гадоў, Беларусь ужо шчасна разлічылася з інвестарамі. У студзені 2018 года Беларусь павінна будзе вярнуць інвестарам сродкі, якія краіна займала ў 2011 годзе.

У кастрычніку гэтага года беларуская старана сустракалася ў Вашынгтоне з фінансавымі інстытутамі, якія могуць выступіць патэнцыяльнымі арганізатарамі (андэрайтэрамі) размяшчэння новага выпуску дзяржаўных бондаў.

Паводле неафіцыйных звестак, перамовы аб супрацоўніцтве для размяшчэння новага выпуску еўрааблігацый прайшлі з амерыканскімі банкамі JP Morgan, Citigroup, італійскім банкам IMI. Такім чынам, арганізатарам выпуску, хутчэй за ўсё, выступіць адна з гэтых арганізацый.

Такое развіццё падзей цалкам укладваецца ў цяперашнюю логіку эканамічных уладаў Беларусі, якія спрабуюць шукаць фінансаванне не толькі ў Расеі, але і на заходніх рынках.

«Пакуль дамовы з андэрайтэрамі не падпісаныя, сітуацыя з размяшчэннем аблігацый знаходзіцца на падрыхтоўчым узроўні», - паведаміў экспэрт у фінансавых колах.

Інвестары ацэньваюць Беларусь з сігналаў МВФ

Імавернасць размяшчэння новага выпуску беларускіх еўрабондаў у 2017 годзе экспэрты ўважаюць за высокую, і справа не толькі ў тым, што паступленні ад новых запазычанняў закладзеныя ў бюджэт на будучы год.

Бо калі не будзе размяшчэння еўрабондаў у 2017 годзе, Беларусь пасля выплаты 7-гадовага выпуску еўрааблігацый у студзені 2018 года пакіне міжнародны рынак капіталу, а такое развіццё падзей непажаданае, мяркуюць экспэрты.

«Для Беларусі захаванне прысутнасці на міжнародным рынку капіталу мае дастаткова важнае значэнне. Эмітэнты, што пакінулі рынак, знікаюць з «радараў» інвестфондаў, рызыка-аналітыкі могуць спыніць маніторынг стану эканомікі краіны, з прычыны чаго пры вяртанні эмітэнту прыходзіцца, фактычна, зноўку «знаёміцца» з рынкам», - кажа дырэктар інвестыцыйнай кампаніі «Волат Капітал» Сяргей Муханаў.

Як вынік, прадаўжае ён, працэс размяшчэння выпуску пазыковых папер становіцца больш складаным, «рэакцыя ад інвестараў - менш аператыўнай, што негатыўным чынам можа паўплываць на суму попыту і, адпаведна, кошт рэсурсаў».

Экспэрты ў фінансавых колах, знаёмыя з афіцыйнымі планамі размяшчэння аблігацый, мяркуюць, што прыцягнуць новыя пазыкі на міжнародным рынку капіталу краіна зможа ў другой палове 2017 года.

Інвестыцыйных кансультантаў, да якіх беларуская старана звярталася па дапамогу для размяшчэння новага выпуску пазыковых папер, цікавіць, як ідуць перамовы Беларусі з МВФ. На думку замежных кансультантаў, у тым выпадку, калі беларускаму ўраду ўдасца падпісаць крэдытную праграму з валютным фондам, запазычанні шляхам выпуску еўрааблігацый Беларусі ўдасца ўзяць танней.

Беларускія экспэрты маюць аналагічнае меркаванне.

«У выпадку ўкладання доўгатэрміновай праграмы з МВФ Беларусі рэальна прыцягнуць пяцігадовыя рэсурсы (пры захаванні спрыяльнай кан'юнктуры на міжнародным рынку капіталу) пад 6-6,25% гадавых, без праграмы з валютным фондам пазыковыя грошы, відавочна, каштавацьме даражэй - кошт прыцягнення можа скласці блізу 7,25-7,5% гадавых, магчыма, крыху вышэй за гэты ўзровень», - мяркуе Сяргей Муханаў.

Такога меркавання прытрымліваюцца і іншыя экспэрты фінансавага рынку.

«Улічваючы, што крэдытны рэйтынг Беларусі дастаткова нізкі, а выпускі еўрааблігацый у 2010-2011 гадах былі дэбютнымі, размясціць дзяржаўныя бонды сярод інвестараў Беларусь наўрад ці магла б са стаўкай ніжэйшай за 8% гадавых. Сёння мы можам разлічваць на больш танныя рэсурсы», - мяркуе старэйшы аналітык форэкс-брокера Forex Club Валерый Палхоўскі.

Пры спрыяльным збегу абставін трэці выпуск еўрааблігацый Беларусь можа размясціць са стаўкай 6% гадавых, мяркуе ён.

«Нашая краіна спраўна выконвала абавязанні перад інвестарамі, і наяўнасць пазітыўнай крэдытнай гісторыі, а таксама ўкладанне праграмы з МВФ дазволіць танней прыцягнуць запазычанні на міжнародным рынку капіталу», - падкрэслівае ён.

Чаму ж поспех размяшчэння новага выпуску бондаў залежыць ад наяўнасці ў Беларусі праграмы з валютным фондам?

«Патэнцыйныя інвестары, якія купляюць дзяржаўныя бонды, глядзяць на перспектывы паспяховага вяртання грошай. Таму калі інвестары бачаць, што краіна падпісала доўгатэрміновую праграму з МВФ, і гэта спрыяе павелічэнню міжнародных рэзерваў, натуральна, гэта зніжае рызыкі і кошт прыцягнення фандавання на міжнародным рынку капіталу», - растлумачыў Сяргей Муханаў.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках