19 красавiка 2024, Пятніца, 10:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як салігорскія ўлады «закапваюць» у зямлю свае памылкі

12
Як салігорскія ўлады «закапваюць» у зямлю свае памылкі
ФОТА З САЙТА FACEBOOK.COM

Пад Салігорскам чыноўнікі паставілі дзіцячыя арэлі на месцы пахавання салдат Другой сусветнай вайны і перашкаджаюць раскопкам.

У вёсцы Крывічы (Салігорскі раён) яшчэ некалькі гадоў таму стаяў помнік салдатам, якія загінулі ў Айчынную вайну, а пад ім была брацкая магіла.

Помнік знеслі, побач пабудавалі новы, а звестак пра тое, што адбылося перапахаванне парэшткаў нідзе няма, і ніхто і не памятае, што яно было.

Дэмакратычны актывіст з Салігорску, падпалкоўнік фінансавай міліцыі ў адстаўцы Віктар Малочка ўзяўся за гэтую тэму. Прымусіла гэта яго зрабіць тое, што побач з месцам, дзе быў помнік, улады зрабілі сквер, а на месцы меркаванай брацкай магілы паставілі дзіцячыя арэлі. Пасля яго шматлікіх запытаў і публікацый, арэлі былі знятыя і пасаджана клумба. І вось пачаліся раскопкі.

У гэты аўторак у Крывічы прыехалі вайскоўцы спецбатальёна Міністэрства абароны, каб правесці раскопкі на месцы, дзе знаходзілася брацкая магіла салдатаў Чырвонай арміі, якія загінулі ў ВАВ.

На другі дзень раскопак Віктару патэлефанавалі мясцовыя жыхары і распавялі, што мясцовыя (салігорскія) улады забараняюць вайскоўцам капаць. Пра гэта Віктар Малочка распавёў журналістам charter97.org.

«Прыехаў. Падыходжу, вітаюся. Усе стаяць і не працуюць... Не працуюць, таму што забараняе нейкая жанчына з выканкаму. Жанчына з выканкаму знаходзілася побач і кантралявала ход раскопак. Пытаюся:

- Хто Вы і чаму забараняеце?

- Я з аддзела культуры, прозвішча не скажу, таму што я проста маленькі чыноўнік і не я прымаю пастановы.

- Што будзем рабіць?

- Будзем чакаць каго-небудзь старэйшага з выканкама.

Дачакаліся толькі старшыні сельскага савета і двух падпалкоўнікаў з мясцовага ваенкамата. Прозвішчы, вядома, ніхто мне не назваў, таму што «не мы прымаем пастановы». У выніку наважылі раскопкі прыпыніць».

На трэці дзень раскопак хтосьці доўга вызначаў, што далей рабіць: капаць ці не капаць? У выніку, амаль да абеду была дадзена каманда капаць і раскопкі працягваць.

«Заспеў там учорашнюю прадстаўніцу аддзела культуры выканкама (потым усё-такі даведаўся, што клічуць яе Носава Ганна Мікалаеўна), таксама прысутнічала карэспандэнтка з мясцовага тэлеканала з аператарам, старшы прапаршчык двое вайскоўцаў спецбатальёна і мясцовы актывіст Валерый. Валерый мне і распавёў, што як толькі з'явілася Носава, то яна пачала даваць указанні вайскоўцам, каб тыя скончылі працу сёння. У размове ж са мной, старшы прапаршчык сказаў, што камандзіроўка ў іх да пятніцы ўключна і заўтра яны збіраліся працягваць працу. Потым прыязджаў мясцовы ўчастковы. Наколькі мы зразумелі, яго накіравалі, каб міліцыянт неяк «паўплываў» на нас з Валерам.

Пазней прыехала старшыня мясцовага сельсавета. Пасля размовы з прапаршчыкам, двое вайскоўцаў хуценька закапалі выкапаных. Падыходжу да старшыні сельсавета і прапаршчыка. Старшыня адразу кажа: «Я не прычым». А прапаршчык адразу адзначыў: «Я чалавек вайсковы і мне паступіў загад - раскопкі скончыць. Ад каго не скажу. Шукайце самі», - распавёў Малочка.

Асноўная версія супраць раскопак, якая вылучаецца ўладамі - гэта асфальтавая дарожка, якую ніяк нельга чапаць. Атрымліваецца, што дарожку чапаць нельга, а хадзіць па ёй і па рэштках вайскоўцаў, якія ляжаць пад ёй можна.

Другі цікавы факт: прадстаўніца аддзела культуры Носава (дзяржаўная службоўца Рэспублікі Беларусь) ездзіць на аўто з нумарамі Расейскай Федэрацыі.

«Раскопкі скончыліся нічым. Дык што ж будзе на месцы помніка? Зноў зробяць клумбу? Вернуць назад дзіцячыя арэлі?», - пытаецца Віктар Малочка.

Актывісты мяркуюць, што мясцовая вертыкаль пабаялася, што вайскоўцы дакапаюцца да парэшткаў. Тады ўсплыве страшная праўда, што ўлады на месцы брацкай магілы паставілі дзіцячыя арэлі. Актывіст таксама абяцае, што не пакіне ў спакоі чыноўнікаў і будзе дамагацца, каб улады знайшлі астанкі воінаў і годна іх перапахавалі.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках