20 красавiка 2024, Субота, 4:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галоўны будаўнік БелАЭС шукае адваката за $300 тысяч

14
Галоўны будаўнік БелАЭС шукае адваката за $300 тысяч
Фота: dpa

Расейскі генпадрадчык рыхтуецца да буйных судовых выдаткаў?

Кампанія «Атамэнэргапраект» шукае юрыстаў, якія будуць развязваць спрэчныя сітуацыі з беларускімі ўладамі.

Аб гэтым піша выданне «Заўтра тваёй краіны».

Адвакат для генпадрадчыка

Ніжагародская інжынірынгавая кампанія «Атамэнэргапраект», якая з'яўляецца генеральным падрадчыкам у будаўніцтве АЭС у Астраўцы, наважыла забяспечыць кантракт прававым суправаджэннем.

Кампанія абвясціла тэндэр на паслугі юрыдычнага кансультавання паводле свайго беларускага праекта.

У паведамленні, размешчаным на афіцыйным сайце Адзінай інфармацыйнай сістэмы ў сферы закупак, адзначаецца, што пераможца тэндэру атрымае права заключыць дамову на аказанне кансультацыйных паслуг па прававым суправаджэнні кантракта на збудаванне Беларускай АЭС, прадстаўленне інтарэсаў пры ўзаемадзеянні з органамі дзяржаўнай улады Беларусі і пры развязанні спрэчак.

На думку кіраўніцтва АТ «Атамэнэргапраект», паслугі юрыстаў ім могуць спатрэбіцца для ўрэгулявання спрэчных сітуацый, калі яны паўстануць у рамках выканання генеральнага кантракту на будаўніцтва БелАЭС.

Расейскі генпадрадчык таксама мае патрэбу ў распрацоўцы прававых стратэгій і «ліній паводзін» пры ўрэгуляванні сітуацыі ў пазасудовым парадку.

Кампанія не выключае магчымых варыянтаў прававой абароны пры разглядзе спрэчкі ў судовым парадку. Пераможца тэндэру атрымае права прадстаўляць АТ «Атамэнэргапраект» у Міжнародным арбітражным судзе пры Беларускай Гандлёва-прамысловай палаце і павінен быць гатовы да ўдзелу ў судовых пасяджэннях.

Генпадрадчык БелАЭС падкрэслівае, што кошт работ юрыдычнага кансультанта не перавысіць 15 млн расейскіх рублёў (з ПДВ), блізу 300 тыс. даляраў.

Падвядзенне вынікаў тэндэру адбудзецца ў канцы снежня гэтага года.

Атамныя інвестыцыі

На афіцыйным сайце Адзінай інфармацыйнай сістэмы ў сферы закупак з'явіліся і іншыя аб'явы, звязаныя з будаўніцтвам Беларускай атамнай электрастанцыі.

Між іншым, згаданы «Атамэнэргапраект» шукае пастаўшчыка «таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў у гасцявую кватэру» свайго прадстаўніцтва (за 208 тыс. расейскіх рублёў), а таксама легкавога аўтамабіля (за 3 829 тыс. расейскіх рублёў) і мікрааўтобуса (4 171 тыс. расейскіх рублёў).

Расейская «Атамтэхэнэрга» мае патрэбу ў выкананні работ рамонту сетак электразабеспячэння ў сваім офісе ў Беларусі (за 968 тыс. расейскіх рублёў), а акцыянернаму таварыству «Атамтэхэкспарт» патрабуецца жыллё ў Астраўцы для сваіх работнікаў за 31 973 тыс. расейскіх рублёў і аўтаперавозчыкі на перыяд 2017-2020 гадоў за 33 699 тыс. расейскіх рублёў.

Нягледзячы на тое, што пастаўшчыкамі паслуг і тавараў падрадчыкаў, як правіла, становяцца расейскія кампаніі, будаўніцтва Беларускай АЭС стала сур'ёзным стымулам для развіцця Астраўца і прылеглых да яго раёнаў. Астравецкі раён, дзякуючы будаўніцтву АЭС, з'яўляецца лідарам па колькасці замежных інвестараў на Гарадзеншчыне. З 56 замежных кампаній, якія дзейнічалі ў галіне на 1 студзеня 2016 года, 33 працавалі ў Астравецкім раёне. У дзяржаўны бюджэт ад замежных кампаній Гарадзенскай вобласці ў студзені-жніўні гэтага года было пералічана 23,6 млн. рублёў падатковых плацяжоў, з іх 88,6% прыйшлося на прадпрыемствы, якія працуюць на будаўніцтве атамнай станцыі.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках