19 красавiка 2024, Пятніца, 3:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Свата і зяця Дональда Трампа запрасілі наведаць Навагрудак

20
Свата і зяця Дональда Трампа запрасілі наведаць Навагрудак

Сват Дональда Трампа амерыканскі мільярдэр Чарльз Кушнер паабяцаў перадаць свайму сыну Джарэду Кушнеру і яго жонцы запрашэнне прыехаць у Навагрудак.

Запрашэнне яму па электроннай пошце адразу ж пасля абрання Дональда Трампа 45-м прэзідэнтам ЗША адправіла краязнаўца, стваральнік «Музея габрэйскага супраціву» ў Наваградку Тамара Вяршыцкая, піша grodno24.com.

— Дзякуй за добрыя пажаданні. Я, вядома ж, перадам інфармацыю ўсім нашым сямейнікам. Жадаю ўсяго найлепшага. Чарлі, — адказаў Чарльз Кушнер праз пару хвілін.

— Сам Чарльз не раз бываў у Наваградку разам з жонкай, прывозіў сюды сваіх унукаў, — распавяла Тамара Вяршыцкая. — У першыя візіты я сустракала іх у Менску, цяпер яны добра арыентуюцца і самі дабіраюцца да Навагрудка. Звычайна Чарльз Кушнер праводзіць у нас адзін дзень, абавязкова наведвае «Музей габрэйскага супраціву», партызанскую стаянку ля вёскі Чарэшля, Карэлічы.

Ён паказвае ўнукам вуліцу ў Карэлічах, дзе калісьці стаяў дом яго бацькі. Дом не захаваўся, але побач ёсць такія будынкі.

ЧАРЛЬЗ КУШНЕР

Упершыню Чарльз Кушнер прыехаў у нашу краіну ў 1989 годзе, яшчэ да распаду СССР, і прывёў сваю маці Раі. Бывалі з ім пляменніца, сын Джошуа, і заўсёды — жонка. Гэтым летам ён прыехаў яшчэ і з унукамі. Хлопчыкам-двайняткам тады споўнілася 13 гадоў. Па габрэйскім канонам гэта ўзрост сталасці. Хлопцы павінны прайсці праз абрад Бар-міцва — прысвячэння ў дарослае жыццё.

— Чарльз Кушнер паабяцаў, што прывязе ў Навагрудак усіх сваіх унукаў, калі ім споўніцца 13 гадоў, — адзначыла Тамара Рыгораўна. — Гэта сур'ёзны паварот у жыцці хлопчыка, які становіцца юнаком. І дзядуля ўпэўнены, што уступаючы ў дарослае жыццё, яны павінны сутыкнуцца са сваімі каранямі. Для яго вельмі важна паказаць унукам, дзе і ў якіх умовах жылі іх прадзядулі і прабабулі. У Наваградку Чарльз Кушнер адключае свой мабільны тэлефон і водзіць унукаў па месцах сваіх продкаў. Чарговае 13-годдзе ў сям'і чакаецца ў 2018 годзе.

Дарэчы, У Джарэда з Іванкай трое дзяцей. Усе яны ў будучыні могуць прыехаць у Беларусь. Толькі не вядома, калі. Старэйшая Арабэла, да прыкладу, адзначыць 13-годдзе праз сем гадоў.

ДЖАРЭД КУШНЕР І ІВАНКА ТРАМП

Джарэд Кушнер і Іванка Трамп Тамара Вяршыцкая распавяла, што перапісваецца з Чарльзам Кушнерам па электроннай пошце, у іх агульныя планы што да далейшага развіцця «Музея габрэйскага супраціву». Праект стварэння мемарыяльнага комплексу «Тунэль» на тэрыторыі былога гета пачаў увасабляцца ў жыццё восенню 2013 года Навагрудскім гісторыка-краязнаўчым музеем. Увесну 2014 года быў закладзены Сад справядлівасці і міласэрнасці. На сродкі Чарьза Кушнера ў садзе былі ўсталяваныя памятныя таблічкі з імёнамі навагрудчан, якія дапамагалі вязням гета, ратавалі габрэяў падчас вайны. Завершыць мемарыял Сцяна памяці з імёнамі 250 вязняў: тых, каму ўдалося выратавацца і тых, хто загінуў падчас уцёкаў праз тунэль.

Усталяваць Сцяну памяці мараць не толькі навагрудцы, але і Чарльз Кушнер. Ужо распрацаваны праект Сцяны памяці. У экспазіцыі музея ёсць фатаграфіі сям'і Кушнер.

Беларускія карані

Сваякі зяця Дональда Трампа Джарэда Кушнера родам з Навагрудка. Сям'я Кушнер уратавалася ў вайну дзякуючы ўцёкам з гета і партызанскаму атраду братоў Бельскіх. Аб беларускай гісторыі сваіх продкаў Джарэд Кушнер публічна распавёў перадвыбарным летам у артыкуле, апублікаваным у яго газеце New York Observer.

— Я ўнук людзей, тых, хто выжыў у Халакосце. 7 снежня 1941 года — у дзень атакі на Пэрл-Харбар — нацысты акружылі гета ў Навагрудку і падзялілі яго жыхароў на дзве групы. Тыя, хто павінен быў памерці, направа; тыя, хто пакуль застанецца ў жывых — налева. Эсфір, сястра маёй бабулі, паспрабавала схавацца ў будынку. Хлапчук, які ўбачыў, як яна ўцякала, вывалак яе адтуль, і яна апынулася ў ліку прыкладна 5100 навагрудскіх габрэяў, забітых у гэтай першай разні.

У 1943 годзе ў ноч перад габрэйскім новым годам 250 чалавек, што засталіся з 20-тысячнага габрэйскага насельніцтва Навагрудка, задумалі бегчы праз выкапаны імі падземны тунэль, які сыходзіць за агароджу. Яны вывелі з ладу пражэктары і вынялі цвікі з дахавага жалеза, каб яно грымела на ветры і заглушала гукі ўцёкаў, — распавёў зяць Дональда Трампа.

Да вайны Кушнеры жылі ў Наваградку. Кіраўнік сямейства Зэйдэль меў уласную майстэрню і краму, дзе прадаваў футравыя вырабы, у тым ліку шапкі, таму, як сцвярджаюць краязнаўцы, атрымаў у мястэчку мянушку «капялюшніка».

ЗЭЙДЭЛЬ КУШНЕР

З прыходам немцаў сям'я Кушнер апынулася ў Навагрудскім гета. Бегчы вязні вырашылі пасля чарговага масавага расстрэлу. Тры месяцы капалі тунэль, і 26 верасня 1943 года ўсе да аднаго спусціліся пад зямлю.

— Калі мы планавалі ўцёкі, думалі, уцячэм ў лес. Але калі мы апынуліся на свабодзе, наступіла паніка. Усе разбегліся ў розныя бакі. А раніцай нямецкая армія акружыла наваколлі горада і частку тых, што ўцяклі забіла. Мы блукалі 10 дзён, ад Рош А-Шана да Ём Кіпур. Дзесяць дзён мы сядзелі пад кустамі. Ішоў дождж, як быццам Бог забыўся пра нас. Мы былі прамоклыя, у нас не было ежы. І вось аднойчы нас на ноч прыняла адна жанчына з маленькай фермы, накарміла, дала малака. А ў гэты час Бельскія ўжо збіралі габрэяў. Яны чулі, што габрэі ўцяклі з гета, даслалі хлопцаў са зброяй і забралі нас у лес, — успамінала бабуля Джарэда Рая Кушнер.

Так больш за сто чалавек апынуліся ў партызанскім атрадзе братоў Бельскіх. Сярод іх былі і Кушнеры: Зэйдэль з двума дочкамі, Раяй і Леяй, і яго брат Хаім. Жонка Зэйдэля Хінда загінула ў гета, адзіны сын Хоня — падчас уцёкаў. У партызанскім атрадзе Рая пазнаёмілася з Юзэфам Берковічам, але рамантычныя стасункі паміж маладымі людзьмі завязаліся ўжо пасля вайны ў Будапешце. Там Рая і Юзаф пажаніліся. Юзаф узяў прозвішча жонкі — Кушнер.

Атрад выратавання

Партызанскі атрад Бельскіх не быў класічным баявым злучэннем. З больш чым тысячы яго сябраў у баявых дзеяннях удзельнічалі толькі блізу 150 чалавек — так званая баявая група. Астатнія жылі ў лесе ў сямейным лагеры, працавалі ў пабудаваных тут майстэрнях і дапамагалі савецкім партызанам — шылі, чынілі, лячылі, нават рабілі для іх каўбасу. У Нацыянальным архіве ёсць цэлая тэчка, якая захоўвае перапіску камандзіраў савецкіх атрадаў з таварышам Бельскім – з просьбамі адрамантаваць гадзіннік, даслаць шаўца або лекара, зрабіць прыклады да ружжаў, падкаваць каня.

Зэйдэль Кушнер і яго брат Хаім, як вынікае з атрадных дакументаў, якія захаваліся ў архівах, працавалі ў партызанскіх майстэрнях, шылі шапкі. Іх імёны сустракаюцца ў святочным загадзе ад 1 траўня 1944 г., у якім камандзір атрада Тувія Бельскі адзначыў найлепшых байцоў, лекараў і рамеснікаў. Акрамя таго, Хаім Кушнер, хутчэй за ўсё, узначальваў майстэрню па вырабу шапак.

Браты Бельскія сышлі ў лес са сваёй сям'ёй у надзеі выратавацца, але потым сталі прымаць і іншых габрэяў, мэтанакіравана выводзіць іх з гета. У выніку Бельскім атрымалася за гады акупацыі сабраць у лесе і выратаваць ад смерці больш за 1200 габрэяў.

Вялікая сям'я

Пасля вайны і Кушнеры, і Бельскія эмігравалі ў ЗША. Іх лёсы склаліся па-рознаму. Чарльз Кушнер — сын Раі і Юзэфа — нарадзіўся ўжо ў Амерыцы. Ён заняўся нерухомасцю, разбагацеў і стаў мільярдэрам. Адзін з яго сыноў Джарэд, зяць Дональда Трампа, — саўладальнік бацькаўскай кампаніі і гаспадар газеты The New York Observer.

ДЖАРЭД КУШНЕР І ІВАНКА ТРАМП СА СВАІМІ ДЗЕЦЬМІ

Джарэд Кушнер і Іванка Трамп са сваімі дзецьмі. Джарэд скончыў Гарвард, атрымаў ступень бакалаўра сацыялогіі. Яшчэ будучы студэнтам ён зарабіў на аперацыях з нерухомасцю 20 мільёнаў даляраў. У ліпені 2006 года ва ўзросце 25 гадоў ён купіў за 10 мільёнаў даляраў штотыднёвую газету New York Observer.

Са сваёй будучай жонкай, дачкой 45-га прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, Джарэд пазнаёміўся 9 гадоў таму на бізнес-ланчы ў брокера па камерцыйнай нерухомасці. Іванка таксама займаецца нерухомасцю. Абодвум было па 25 гадоў. Вяселле гулялі ў габрэйскай традыцыі — напярэдадні ўрачыстасці Іванка на просьбу Джарэда прыняла юдаізм. Джарэд выконвае кошрут і суботу.

ДОНАЛЬД ТРАМП І ЯГО ДАЧКА ІВАНКА ТРАМП

— Той брокер нават не думаў, што ў нас паўстане нейкі інтарэс акрамя дзелавога. Цяпер, калі мы бачымся з ім, заўсёды дзякуем за пасрэдніцтва — яму належаць камісійныя за тое, што мы заключылі найлепшую ў жыцці ўгоду!» — прызнавалася Іванка ў інтэрв'ю часопісу Татлер.

Джарэд — старэйшае дзіця ў сям'і. У яго яшчэ ёсць дзве сястры і брат. Прычым брат Джошуа вядомы тым, што заснаваў венчурную кампанію, якая адной з першых інвеставала ў Instagram. Акрамя таго, Джошуа лічыцца адным з самых зайздросных халасцякоў Нью-Ёрка. У Джарэда з Іванкай трое дзяцей. Усе яны ў будучыні могуць прыехаць у Беларусь.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках