24 красавiка 2024, Серада, 13:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ярашук: Улады наўмысна замоўчваюць праблему беларускіх рабочых у РФ

9
Ярашук: Улады наўмысна замоўчваюць праблему беларускіх рабочых у РФ
АЛЯКСАНДР ЯРАШУК

Лукашэнка стала перакручвае факты, каб прыхаваць поўны правал сваёй «мадэлі».

На прэс-канферэнцыі расейскім журналістам 17 лістапада Лукашэнка заявіў, што ў Расеі ніякіх беларускіх гастарбайтэраў няма.

«У Расеі няма ніводнага беларускага гастарбайтэра. Гэта арганізаваныя будаўнічыя брыгады і цэлыя трасты», - заявіў Лукашэнка. – «Мы аб'яднаем іх у брыгады, дамаўляемся праз амбасаду, выходзім на органы ўлады, каб яны ў цывілізаваных варунках працавалі».

Улады свядома заплюшчваюць вочы на праблему адтоку працоўнай сілы з краіны, бо заклапочаныя не праблемамі занятасці і развіцця эканомікі краіны, а захаваннем уласнай улады. Пра гэта «Беларускаму партызану» заявіў лідар Беларускага кангрэса дэмакратычных прафзвязаў Аляксандр Ярашук.

«Лукашэнка проста ювелірна ўмее перакручваць факты, каб завуаляваць праблему. Напраўду ў Расеі працуюць беларускія будаўнічыя арганізацыі і трасты, і сапраўды пасольства дамаўляецца аб умовах працы і пражывання беларусаў, якія працуюць у гэтых арганізацыях. Але такіх арганізацый вельмі мала. Гэта мізэрны адсотак ад агульнай колькасці беларусаў, якія з'ехалі ў Расею на заробкі. Кропля ў моры», - распавядае спадар Ярашук.

Са словаў прафсаюзнага лідара, сёння ў Расеі працуе паводле розных падлікаў ад 300 тысяч да мільёна беларусаў, але беларускія ўлады аддаюць перавагу не заўважаць гэтай праблемы.

«Беларуская статыстыка ў гэтым пытанні паводзіць сябе, як самы мужны беларускі партызан пад катаваннямі на допыце – не кажа нічога. Справа ў тым, што беларускае кіраўніцтва заклапочанае не праблемамі занятасці і развіцця эканомікі краіны, а захаваннем уласнай улады. Таму ўлады наўмысна замоўчваюць праблему гастарбайтэраў. Яны не хочуць развязваць праблему адтоку працоўнай сілы - ім важней паказаць беспрацоўе ў 1-2 адсотка. «Едзеце – ну і туды вам дарога. Без вас праблем менш». Тым больш, што гастарбайтэры штогод дасылаюць некалькі мільярдаў даляраў пераводаў сваім сем'ям», - мяркуе ён.

На думку Ярашука, з нежаданнем уладаў развязаць праблему гастарбайтэраў шмат у чым звязанае і ўвядзенне падатку на «дармаедства».

«Увядзенне падатку на «дармаедства» – дадатковы аргумент на карысць таго, каб застацца за мяжой. Улады кажуць – тут працы няма, а калі не будзеце працаваць, давядзецца яшчэ і падатак за гэта плаціць. Іншымі словамі, робяць усё, каб людзі не вярталіся», - упэўнены прафсаюзны лідар. – «Самае горкае, што за мяжу з'язджаюць у большасці сваёй людзі маладыя, энэргічныя, кваліфікаваныя, якія ў нармальных варунках былі б запатрабаваныя ў нас у першую чаргу».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках