29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Калі б не незалежныя СМІ, Пуцін бы ўжо ўвёў войскі ў Беларусь

24
Наталля Радзіна: Калі б не незалежныя СМІ, Пуцін бы ўжо ўвёў войскі ў Беларусь
НАТАЛЛЯ РАДЗІНА

Медыя дапамагаюць захаваць нацыянальную самасвядомасць і ідэнтычнасць.

На днях ва ўніверсітэце ў Беластоку прайшлі дэбаты на тэму «Польскі ўклад у развіццё свабодных беларускіх медыя». Арганізатарам мерапрыемства стаў Рэгіянальны цэнтр міжнародных дэбатаў у Беластоку.

У дыскусіі бралі ўдзел дырэктарка тэлеканала «Бесат» Агнешка Рамашэўская, галоўная рэдактарка charter97.org Наталля Радзіна, дырэктар «Радыё Рацыя» Яўген Вапа, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Янчук, кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграм «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі, галоўны рэдактар «Газеты Слонімскай» Віктар Валадашчук, адзін з лідараў Саюза палякаў Беларусі Анджэй Пісальнік і дырэктар аддзела Беларусі, Украіны і Малдовы ў Цэнтры ўсходніх даследаванняў (Ośrodek Studiów Wschodnich) Войцех Кананчук.

Мадэратар дыскусіі Агнешка Рамашэўская адзначыла, што «паляпшэнне стасункаў Лукашэнкі з польскімі ўладамі заўсёды несла пагрозу спынення падтрымкі незалежных медыя. Але падтрымка беларускіх незалежных СМІ — вельмі важная польская справа».

Сёння з Варшавы пры падтрымцы ўрада Польшчы працуюць тэлеканал «Белсат», сайт charter97.org, радыё «Рацыя» і «Еўрарадыё».

ФОТА: «РАДЫЁ РАЦЫЯ»

Галоўная рэдактарка charter97.org Наталля Радзіна падчас дэбатаў распавяла аб знішчэнні свабоды слова ў Беларусі:

«Інфармацыйная прастора Беларусі практычна зачышчаная ад незалежных сродкаў масавай інфармацыі і на ёй сёння пануе прапаганда Лукашэнкі і прапаганда Пуціна. Беларускія тэлеканалы транслююць выключна праўладную інфармацыю, а таксама займаюцца рэтрансляцыяй расейскіх навін і палітычных праграм. Акрамя таго, бесперашкодна транслююцца самі расейскія тэлеканалы. Ацэнкі міжнародных падзей, погляд на сусветную палітыку, на сітуацыю ва Украіне на беларускіх і расейскіх тэлеканалах амаль цалкам супадаюць.

З незалежных газет пасля мільённых пазоваў з боку чыноўнікаў і рэпрэсій з боку Міністэрства інфармацыі выжылі ўсяго некалькі выданняў, але яны выходзяць раз у тыдзень і абмежаваным накладам; у FM-эфір не пускаюць незалежныя радыёстанцыі. Журналістаў пераследуюць за «абразу прэзідэнта», «экстрэмізм» і нават за «арганізацыю масавых беспарадкаў», як гэта было са мной. Журналістаў забіваюць. Сярод тых, хто паплаціўся сваім жыццём - Зміцер Завадскі, Вераніка Чаркасава, Васіль Гроднікаў, заснавальнік charter97.org Алег Бябенін, нядаўна забіты ва Украіне заснавальнік «Беларускага партызана» Павал Шарамет».

Таксама Наталля Радзіна нагадала і аб складаных умовах працы ў Беларусі журналістаў-фрылансераў, аб немагчымасці нармальнай працы на замежныя СМІ без акрэдытацыі, якую трэба атрымаць у Міністэрстве замежных спраў Беларусі.

«Таму ў гэтай сітуацыі надзвычай важная падтрымка незалежных СМІ, якія працуюць з-за мяжы. Журналісты ўнутры краіны працуюць у вельмі цяжкай сітуацыі і ім таксама патрэбная падтрымка. Паводле апошніх незалежных сацыялагічных апытанняў, блізу 50% беларусаў падтрымліваюць дзеянні Расеі ва Украіне. Калі б не незалежныя СМІ, то такая падтрымка магла скласці 70-80 адсоткаў. Думаю, што ў гэтым выпадку Пуцін бы ўжо ўвёў расейскія войскі ў Беларусь.

Пакуль беларусы захоўваюць нацыянальную самасвядомасць і ідэнтычнасць толькі дзякуючы незалежным медыя», - сказала галоўная рэдактарка charter97.org.

АГНЕШКА РАМАШЭЎСКАЯ І НАТАЛЛЯ РАДЗІНА
ФОТА: «РАДЫЁ РАЦЫЯ»

Са слоў Радзінай, заходнія палітыкі чамусьці не ўлічваюць, што рэжым Лукашэнкі сёння фактычны банкрут, эканоміка стаіць, заробкі ў рэгіёнах упалі да 80-100 даляраў.

«Лукашэнка ніколі не быў такі слабы, як цяпер: калі б было жаданне, то ад яго можна было б дамагчыся шмат чаго, у тым ліку паляпшэння ўмоў для працы незалежных СМІ. Спыненне дапамогі незалежным СМІ ў гэтай сітуацыі стане дурной і злачыннай памылкай. Польшча сёння дапамагае незалежным медыя ў Беларусі так, як ніхто ў свеце. Журналісты гэта шануюць і заўсёды будуць памятаць», - сказала рэдактарка charter97.org.

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Янчук таксама заявіў:

«Тое, што рабіла, робіць і, спадзяюся, будзе рабіць Польшча на нашай беларускай ніве - цяжка пераацаніць, таму што такіх добрых сяброў у гэтай галіне - вельмі няшмат. Я спадзяюся, што мы данясем наш голас да тых людзей, якія прымаюць пастановы і ў Польшчы, і ва ўсім Еўразвязе, наколькі важна далейшае існаванне незалежнага вольнага слова ў Беларусі.

Беларусь - гэта не проста сусед Польшчы і Еўразвязу, але гэта краіна, у якой сёння вырашаецца будучыня ўсёй постсавецкай прасторы, таму што, калі дэмакратыя пераможа ў Беларусі, то будзе магчымым яе далейшы марш на ўсход. Калі ж мы сёння здадзімся імперскай Расеі ў яе цяперашнім выглядзе, то нічога не затрымае далейшага маршу «расейскага свету» на захад».

Анджэй Пісальнік, які прадстаўляе інтэрнэт-старонку znadniemna.pl, звярнуў увагу на тое, што што як сайт, так і часопіс «Głos znad Niemna», у Беларусі фактычна існуюць у падпольным рэжыме.

Журналіст нагадаў пра існаванне двух Саюзаў палякаў на Беларусі: афіцыйнага, марыянеткавага, які падтрымліваецца дзяржавай і кантралюецца спецслужбамі, і неафіцыйнага, які не прызнаецца ўладамі ў Беларусі, але затое прызнаецца за межамі краіны і карыстаецца падтрымкай большасці прадстаўнікоў польскай меншасці:

«Зразумела, што ў гэтай сітуацыі палякі, якія знаходзяцца, скажам так, у апазіцыі да дзейнай улады, не могуць выдаваць свае медыя без падтрымкі польскай дзяржавы», - сказаў Пісальнік.

Кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграм тэлеканала «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі адзначыў:

«Уклад Польшчы ў існаванне тэлеканала «Белсат» цяжка пераацаніць. Нашым галоўным спонсарам з'яўляецца Міністэрства замежных спраў Польшчы. Я вельмі спадзяюся, што змяненне ў палітычным клімаце паміж Менскам і Варшавай не паўплывае адмоўна на падтрымку незалежных беларускіх медыя. Шкада было б страціць тое, што зроблена за гэтыя 10 гадоў. У нас падрыхтаваныя журналісты, у нас цікавая праграмная прапанова, мы здымаем дакументальнае кіно, у нас цэлая сетка карэспандэнтаў, аператараў і не толькі ў Беларусі. Мы добра ведаем, што афіцыйны Менск вельмі ўмельскі ў такіх рэчах, як гульні то з захадам, то з усходам. Але ўсе гэтыя гульні і пацяплення адносін могуць спыніцца толькі адным словам, якое прагучыць нават не з Менску, а з Масквы».

Старшыня праўлення Беларускага «Радыё Рацыя» Яўген Вапа падчас дэбатаў адзначыў, што цяпер на беларуска-польскім памежжы функцыянуюць 36 радыёстанцый у дыяпазоне FM, якія можна слухаць па абодва бакі. Таму «Радыё Рацыя» існуе ва ўмовах сапраўднай канкурэнцыі. На думку Вапы, у такой сітуацыі адной з галоўных каштоўнасцяў і асаблівасцяў радыё з'яўляецца вяшчанне на беларускай мове.

«Існаванне радыё з 2006 года магчыма дзякуючы польскаму МЗС. З міністэрствам у нас простая і зразумелая дамова: яны нас фінансуюць і не ўмешваюцца ў нашы праграмныя справы, а мы можам займацца незалежнай журналістыкай і з беларускага пункту гледжання. І гэта вельмі карыснае і патрэбнае ў сённяшнім свеце».

Дэпутат польскага Сэйму ад партыі «Грамадзянская платформа» Роберт Тышкевіч пасля дыскусіі заявіў у інтэрв'ю «Радыё Рацыя», што прыкладзе ўсе намаганні для далейшай падтрымкі беларускіх незалежных сродкаў масавай інфармацыі:

«Я думаю, што гэта выдатная традыцыя - дапамога Польшчы беларускім дэмакратычным цэнтрам. І асабліва прыгожай часткай гэтай традыцыі з'яўляецца падтрымка незалежных беларускіх СМІ. Развіваючы нашы суседскія кантакты, мы павінны таксама клапаціцца аб тым, каб дэмакратычныя стандарты, якія тычацца грамадзянскіх свабодаў, свабоды слова, незалежных СМІ, пастаянна развіваліся. Трэба прыкласці ўсе намаганні для таго, каб польскі Сейм і польскі ўрад надалей рэалізоўвалі праграмы падтрымкі незалежных беларускіх СМІ».

Кіраўнік аддзялення Беларусі, Украіны і Малдовы ў Цэнтры ўсходніх даследаванняў (OSW) Войцех Кананчук адзначыў:

«Незалежныя медыя важныя для развіцця беларускага дэмакратычнага грамадства і да таго ж фармуюць у Беларусі вобраз Польшчы як дэмакратычнай краіны і добразычлівага суседа. Мы не маем ілюзіяў. Лукашэнку мы не перавыхаваем хоць, вядома, трэба з ім размаўляць. Польшча - самы вялікі донар беларускім незалежныя медыя і без гэтай дапамогі гэтых СМІ не было б у тым выглядзе, у якім яны ёсць цяпер».

Са слоў аднаго з кіраўнікоў Цэнтра ўсходніх даследаванняў, вельмі важна «захоўваць у Беларусі «астраўкі свабоды», якімі сёння з'яўляюцца незалежныя СМІ».

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках