3 траўня 2024, Пятніца, 6:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто ў Беларусі застанецца без пенсіі

94
Хто ў Беларусі застанецца без пенсіі

У сувязі з увядзеннем новых правілаў пенсійнага забеспячэння ўтварылася пастка страхавога стажу.

Як паведамляе«Беларускі Хельсінскі камітэт», пад пагрозу трапляюць людзі, якія даглядаюць інвалідаў 1-й групы, супрацоўнікі органаў унутраных спраў і МНС, мамы ў дэкрэце ды іншыя.

Юрысты БХК рэкамендуюць кожнаму праверыць, ці не трапілі вы ў гэтую пастку.

Найперш, трэба праверыць, ці не сталі вы больш уразлівымі пасля ўвядзення новых правілаў страхавога стажу (групы, па якім б'е асабліва моцна, пададзеныя ніжэй). Акрамя таго, яны раяць праверыць, ці выплачваў за вас наймальнік унёскі, звярнуўшыся ў тэрытарыяльныя органы ФСАН.

АЎТАР ГРАФІКІ - ІГАР ЯНОЎСКІ

Таксама БХК звярнуўся ў «палатку» з просьбай прыняць захады для пераадолення пасткі страхавога стажу, якая ўзнікла ў сувязі з з'яўленнем новых правілаў пенсійнага забеспячэння. Праваабаронцы просяць распрацаваць і ўнесці ў заканадаўчыя акты аб пенсійным забеспячэнні грамадзян змены і дапаўненні, якія прадугледжваюць забеспячэнне канстытуцыйнага права на атрыманне працоўнай пенсіі з прычыны ўзросту на агульных падставах, у тым ліку: а) асобам, што даглядаюць інвалідаў 1-й групы, састарэлых (80 гадоў і старэйшых), якія маюць патрэбу з медыцынскіх прычын у сталым доглядзе; б) маці, якія выхавалі двух і больш дзяцей, (за выключэннем шматдзетных маці, якія маюць 5 і больш дзяцей, якія паводле дзейнага заканадаўства ўжо маюць ільготы страхавога стажу); в) асобам, раней якія знаходзіліся на службе ва Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь, органах унутраных спраў і іншых, спыніўшых службу да ўстаноўленага заканадаўствам часу выхаду на пенсію згодна з выслугай гадоў, альбо пенсію з прычыны інваліднасці (хваробы).

Пастка страхавога стажу ўзнікае наступным чынам. Для таго, каб атрымліваць працоўную пенсію з прычыны ўзросту чалавеку трэба выплачваць унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Гэта робіць сам чалавек альбо яго працадаўца. Перыяд, калі чалавек плаціць унёскі, называецца страхавым стажам. І яго нельга блытаць з агульным працоўным стажам, у які ўключаецца час і іншай актыўнасці: вучоба, служба ў войску і г. д.

За кароткі прамежак часу (крыху больш за 2 гадоў) тэрмін страхавога стажу, які трэба мець, каб атрымаць пенсію, вырас з 5 да 15, 5 гадоў. Ён далей расце і да 2025 годзе павінен скласці не менш за 20 гадоў. Акрамя таго, павялічаны пенсійны ўзрост і ўзрост для атрымання сацыяльнай пенсіі.

Пры гэтым не прадугледжана ніякіх выключэнняў або пераходных перыядаў для людзей, якія ў перыяд новаўвядзенняў дасягаюць пенсійнага ўзросту, маюць дастатковую колькасць страхавога стажу паводле старых правілаў (не менш за 5 гадоў, але не дацягваюць да страхавога стажу, вызначанага новымі ўказамі. Гэтыя людзі не могуць атрымаць ні пенсію з прычыну ўзросту на агульных падставах, ні сацыяльную пенсію. Паводле закону, дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, яны не маюць нават права на атрыманне дапамогі беспрацоўнага. Паводле ацэнак Мінпрацы ў 2015 годзе людзей, якія трапілі ў такую складаную сітуацыю, было блізу 1000 чалавек.

Прыняцце ўказаў прывяло да таго, што права на пенсію пазбавіліся тыя, хто гадамі выконваў грамадска карысную дзейнасць, якая не залічваецца ў страхавы стаж. Напрыклад, гаворка ідзе пра людзей, якія даглядаюць інвалідаў 1-й групы. Дзяржава робіць ім запіс у працоўную кніжку і плаціць грошы, але не залічвае іх працу ў страхавы стаж.

Новыя правілы прыводзяць да няроўнасці ў дачыненні да вайскоўцаў, супрацоўнікаў МНС, праваахоўных органаў і прыраўнаваных да іх асоб. Пакуль гэтыя людзі служаць, дзяржава як наймальнік не плаціць за іх страхавыя ўнёскі. Калі яны будуць звольненыя да дасягнення тэрміну выслугі гадоў (а гэта 20 гадоў), пенсію ім будуць налічваць на агульных падставах. Гэта значыць, што, напрыклад, прынцыповы супрацоўнік міліцыі, будучы звольненым пасля 19 гадоў добрай службы, павінен будзе працаўладкавацца і паспець выпрацаваць страхавы стаж не менш за 15 з паловай гадоў на сёння.

Напісаць каментар 94

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках