19 красавiка 2024, Пятніца, 22:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«За нашы і вашы правы»: у Менску прайшла акцыя ў Дзень правоў чалавека

5
«За нашы і вашы правы»: у Менску прайшла акцыя ў Дзень правоў чалавека
ФОТА: ПЦ ВЯСНА

Інфармацыйнай акцыяй праваабаронцы «Вясны» і валанцёры адзначылі 10 снежня Міжнародны дзень правоў чалавека.

Некалькі тысяч асобнікаў газеты «Народная воля» са спецвыпускам «За нашы і вашы правы», а таксама газеты «Новы час» былі бясплатна раздадзены жыхарам сталіцы.

Спецвыпуск быў прысвечаны найбольш актуальным пытанням, якія хвалююць грамадзян Беларусі сёлета: праблемы беспрацоўя і сацыяльнай неабароненасці, прымусовай працы, дэкрэтам аб дармаедах, тэме палітычных зняволеных, паведамляе ПЦ Вясна.

ФОТА: ПЦ ВЯСНА
ФОТА: ПЦ ВЯСНА

Гараджане, нягледзячы на халодны і часты дождж, спыняліся каля праваабаронцаў, цікавіліся нагодай для акцыі, а таксама тэмай газеты, некаторыя прасілі адразу па некалькі асобнікаў для сябе і суседзяў. Было відаць, што многім з іх праўдзівае газетнае слова становіцца сёння менш даступным, чым у ранейшыя гады.

ФОТА: ПЦ ВЯСНА
ФОТА: ПЦ ВЯСНА

У дзень прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека 10 снежня праваабаронцы звярталі ўвагу грамадзянаў на тое, што беларуская дзяржава грэбліва ставіцца да фундаментальных правоў, замацаваных гэтым універсальным дакументам, і не выконвае ўзятыя на сябе абавязанні ў галіне правоў чалавека.

Інфармацыйныя акцыі і іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню правоў чалавека, прайшлі сёння таксама і ў іншых гарадах Беларусі.

ФОТА: ПЦ ВЯСНА

Міжнародны дзень правоў чалавека адзначаецца ў гадавіну прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Гэты дакумент быў прыняты Генеральнай асамблеяй ААН 10 снежня 1948 года і стаў агульнай нормай, да дасягнення якой павінны імкнуцца народы ўсіх краін. Дэкларацыя, якую падпісала і Рэспубліка Беларусь, абвяшчала правы асобы, грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды - роўнасць усіх перад законам, права кожнага на свабоду і асабістую недатыкальнасць, свабоду сумлення і іншыя.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках