Памёр выбітны беларускі матэматык Якаў Радына
8- 10.12.2016, 15:22
- 24,816
10 снежня ў Менску хаваюць Якава Радыну — беларускамоўнага матэматыка, сябра-карэспандэнта Акадэміі навук, прафесара БДУ.
Ён памёр у 70 гадоў ад раку, паведамляе nn.by.
Якаў Радына быў родам з вёскі Брылькі Валожынскага раёна. У 1969 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт і пачаў там працаваць. У 1972 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Да тэорыі лінейных ураўненняў у тапалагічных вектарных прасторах». У 1987 годзе — доктарскую дысертацыю «Экспанентныя вектары і дыферэнцыяльныя ўраўненні». З 1975 года — загадчык кафедры функцыянальнага аналізу БДУ.
Радына распрацаваў якасную тэорыю лінейных дыферэнцыяльных ураўненняў з рэгулятарнымі аператарамі ў лакальна-выпуклых прасторах. Увёў паняцце вектара экспанентнага тыпу і на яго аснове пабудаваў функцыянальны падлік, які ўжываецца пры даследаванні дыферэнцыяльных і дыферэнцыяльна-аператарных ураўненняў. Пабудаваў (разам з А. Антаневічам) тэорыю нелінейных абагульненых функцый (мнемафункцый).
Быў навуковым рэдактарам першага ў Беларусі «Расейска-беларускага матэматычнага слоўніка» (1993), сааўтарам і навуковым кансультантам першай у Беларусі «Матэматычнай энцыклапедыі» (2001), аўтарам беларуска-польскага і польска-беларускага матэматычных слоўнікаў.
Аўтар блізу 150 навуковых прац, у тым ліку 10 манаграфій, падручнікаў і навучальных дапаможнікаў.
На пачатку 1990-х яго прапаноўвалі на пасаду міністра адукацыі, але не падтрымаў кандыдатуру Вячаслаў Кебіч.
Сын Якава Радына таксама выкладае матэматыку ў БДУ па-беларуску. Яго ўнучка вучыцца на выдатна ў беларускамоўным ліцэі імя Якуба Коласа.