6 траўня 2024, панядзелак, 3:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Воўчак: Мы дамагаемся поўнага касавання дэкрэта аб «дармаедстве»

17
Алег Воўчак: Мы дамагаемся поўнага касавання дэкрэта аб «дармаедстве»

Беларусам трэба змагацца супраць незаконнага дэкрэта і ні ў якім разе не плаціць падатак на «дармаедства».

10 снежня адзначаецца Міжнародны дзень правоў чалавека. Грамадзяне на кожным кроку чуюць словы аб правах чалавека, але ці ведаюць, ці ўмеюць імі карыстацца? Хто фіксуе парушэнні правоў чалавека? Займаецца дзяржава прававой асветай?

У Беларусі дзейнічаюць блізу 30 праваабарончых арганізацый, палова з якіх не мае юрыдычнага статусу. Іх магло быць значна больш, вось толькі з 2003 года ўлады спынілі рэгістрацыю.

У Міжнародны дзень правоў чалавека belprauda.org сустрэлася з кіраўніком праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алегам Воўчкам.

- На жаль, большасць грамадзян мала ведае аб сваіх правах, і ўжо тым больш не ведае, як імі карыстацца.

Напрыклад, людзі не ведаюць, як у нашых варунках дастукацца да ўлады. Звычайна людзі з праблемамі прыходзяць да чыноўнікаў не падрыхтаванымі, паводле вынікаў размовы ніякіх дакументаў не складаецца. Натуральна, чыноўнік абяцае, але потым пра яе забывае альбо папросту ігнаруе. Таму на прыём трэба ісці заўсёды з пісьмовым патрабаваннем. Калі распавядаеш персанальна людзям пра іх правы, яны проста дзівяцца.

Разумееце, трэба ў дзіцячых установах, у школах навучаць дзяцей іх правам, выхоўваць асобу і паўнапраўнага грамадзяніна, каб у сталым жыцці яны станавіліся актыўнымі ўдзельнікамі грамадзянскай супольнасці.

— З якімі праблемамі людзі прыходзяць у ваш праваабарончы цэнтр?

— Гэты год выдаўся «ўраджайным» на звароты. Крызіс ударыў па дабрабыту грамадзян, узнікае маса канфліктаў з наймальнікамі ў затрымцы выплат і скарачэннем працоўных месцаў. Работнік пры скарачэнні заўсёды павінен памятаць: наймальнік, каб не выплачваць кампенсацыю ў сувязі са скарачэннем працоўнага месца, прапануе спыніць працоўныя дачыненні па ўзгадненні бакоў. Многія не ведаюць юрыдычных нюансаў і паддаюцца на хітрыкі працадаўцы.

Грамадзяне скардзяцца на незаконнае прыцягненне іх да адміністрацыйнай адказнасці службовымі асобамі, перш за ўсё супрацоўнікамі міліцыі. У асноўнай масе матэрыялы адміністрацыйных спраў афармляюцца настолькі непісьменна, што іх трэба спыняць. Няма пракурорскага кантролю, відаць, дзяржава дзярэ з людзей грошы.

Сярод нашых наведвальнікаў шмат маладых спецыялістаў. Асноўная праблема, з якой яны сутыкаюцца, — адсутнасць жылля. Высветлілася, што заканадавец не абавязвае наймальніка развязваць гэтую праблему: як хочаш, так круціся. Але мы маладым спецыялістам прапаноўвалі ісці на новае пераразмеркаванне, і, як правіла, яны атрымлівалі свабодны дыплом для працаўладкавання.

Нашы юрысты дапамаглі дамагчыся кампенсацыі людзям, якія атрымалі калецтва ў дарожна-транспартных здарэннях. Пацярпелыя думаюць, што грамадзянскі пазоў можна падаваць, калі ў судзе скончыўся разгляд крымінальнай справы. Аднак паводле грамадзянскага кодэксу пазоў можна падаваць адразу ж пасля ўстанаўлення факту ДТЗ. Так, мы дапамаглі грамадзяніну атрымаць кампенсацыю 5 тысяч даляраў, які атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні, праз суд.

Можна шмат казаць аб цікавых справах, але самае галоўнае, што кожны кліент нашай арганізацыі атрымаў бязвыплатную юрыдычную дапамогу.

- Чым вылучаецца 2016 год з шэрагу папярэдніх?

— Мы пачалі дзве праваабарончыя кампаніі, галоўная з якіх — скасаванне «дэкрэта аб дармаедстве». Кампанію пачалі яшчэ год таму супольнай прэс-канферэнцыяй з БСДП (Грамада).

Тады я агучыў юрыдычныя высновы аб незаконнасці дэкрэта і выклаў у інтэрнэце ролік, у якім растлумачыў грамадзянам, чаму не трэба плаціць гэты падатак. Тады і падумаць не мог, што яго прагледзяць больш за 200 тысяч грамадзян. Попыт на ролік асабліва вырас у апошнія месяцы, калі грамадзяне масава пачалі атрымліваць «лісты шчасця». Людзі пісалі, раіліся, прасілі скласці скаргі, ды і проста казалі словы падзякі за юрыдычны лікбез. Дзяржава рэагуе на нашы каментары і карэктуе нарматыўныя акты. Ужо падаўжаюць тэрміны збору падатку, бо прызналі, што многія нюансы не ўлічылі. Але мы прадаўжаем весці барацьбу за поўнае яго скасаванне. Міжнародная арганізацыя працы падтрымала наш з незалежным прафзвязам РЭП зварот, што гэты дэкрэт супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным дамовам. Людзям, якія апынуліся пад прыцэлам падатковай інспекцыі, магу параіць толькі адно: змагайцеся да канца...

Другая кампанія – «Мы памятаем». Больш за тры месяцы мы распавядаем людзям аб гвалтоўных знікненнях Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага. Варта адзначыць, што крыху раней аналагічную кампанію «Мама памятае. А ты?» пачаў і Беларускі дакументацыйны цэнтр.

Мы наважылі сістэмна выкладваць усю інфармацыю, сабраную за 17 гадоў грамадскай камісіяй для расследавання гэтых знікненняў: артыкулы, відэаматэрыялы, журналісцкія расследаванні. Мы думалі, што гэтая тэма ўжо забытая многімі, аднак, як выявілася, з развіццём інтэрнэту і сацыяльных сетак людзі з вялікай цікавасцю глядзяць нашы матэрыялы. На сёння больш за 50 тысяч грамадзян прагледзелі відэаматэрыялы толькі на маім відэаканале ютуб.

Улада дагэтуль не зняпраўдзіла сваю датычнасць да палітычных знікненняў. Ва ўсіх перамовах афіцыйнага Менска з ЕЗ, ЗША ў правах чалавека гэтае пытанне значыцца ў ліку прыярытэтных. Сапраўды, нельга будаваць даверныя ўзаемастасункі з дзяржавай, у якой пасярод белага дня выкрадаюць экс-міністра МУС Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара з Анатолем Красоўскім захоплівае спецгрупа разам з аўтамабілем, і выкрадае аператара АРТ Дзмітрыя Завадскага наўпрост з ягонага асабістага аўтамабіля ў Менску. Хто можа так дзёрзка дзейнічаць наўпрост на вачах у грамадзян?

Мы, грамадзянская супольнасць Беларусі, ведаем і памятаем, а таму задача кампаніі — данесці праблему да кожнага беларуса, бо яна тычыцца кожнага. Напрыклад, сур'ёзны інвестар не прыйдзе ў краіну, дзе адбываюцца палітычныя выкраданні.

— Што параіце-пажадаеце грамадзянам Беларусі ў Міжнародны дзень правоў чалавека?

— Упэўненасці ва ўласных сілах, нават тады, калі здаецца, што ты ў тупіку. Памятаць, што ў кожнага ёсць шырокія канстытуцыйныя правы, але калі за іх мы не будзем змагацца, то яны будуць прыніжацца чыноўнікамі. Хачу, каб людзі вучыліся быць салідарнымі з іншымі, нават калі гэтая праблема не закранае яго асабіста. Праваабаронцаў на ўсіх відавочна не хопіць, існуе шмат груп у сацыяльных сетках у розных праблемах. Сёння чалавек павінен асабіста праяўляць ініцыятыву ў абароне сваіх правоў: пішыце ў незалежныя СМІ, звяртайцеся пісьмова ў дзяржаўныя органы.

Мы зможам зрабіць гэты свет лепшым, калі ўсведамляем сябе грамадзянамі, якія маюць правы і свабоды.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках