6 траўня 2024, панядзелак, 5:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінка напісала гістарычны раман пра князя Радзівіла

6

Кніга прысвечаная ўплывоваму магнату ВКЛ, які ўзяў актыўны ўдзел у шматлікіх гістарычных падзеях.

Ці марылі вы калі адправіцца ў захапляльнае еўрапейскае падарожжа з маладым літоўскім арыстакратам XVII ст.? Цяпер у вас з'явілася такая магчымасць, піша nn.by.

Сёлета ў Кіеве ў выдавецтве Tempora ўбачыў свет раман украінскай пісьменніцы Ірыны Данеўскай «Нямецкі прынц Багуслаў Радзівіл». Кніга прысвечаная ўплывоваму магнату Вялікага Княства Літоўскага Багуславу Радзівілу (1620-1669), які ўзяў актыўны ўдзел у шматлікіх гістарычных падзеях сваёй бурлівай эпохі. Гэта неадназначная, але, бясспрэчна, цікавая фігура нашай гісторыі прыцягвае ўвагу гісторыкаў, пісьменнікаў, мастакоў Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны, Расеі ўжо цягам некалькіх стагоддзяў. «Бліскучы арыстакрат, мужны вайсковец, таленавіты палітык, паэт... - не шкадуе кампліментаў свайму герою Ірына Данеўская, - здолеў пражыць такое бурнае і насычанае падзеямі жыццё, што яно выклікае здзіўленне нават у нас, цвердалобых скептыкаў з XXI стагоддзя».

Раман распавядае пра юнацтва і маладосць Багуслава Радзівіла і ахоплівае перыяд ад ягонага нараджэння ў Гданьску, «школьных» гадоў у Літве, поўных прыгод і падарожжаў па Заходняй Еўропе і да вяртання ў Вялікае княства ў 1648 г.

Як вядома, сваё дзяцінства Багуслаў правёў ва Усходніх Прусах, і ў бацькоўскім маёнтку ў Франконіі. Сярод сваіх шыкоўных рэгалій насіў і тытул «князя Свяшчэннай Рымскай імперыі». Першай ягонай мовай была нямецкая.

Але нямала звязана ў Багуслава Радзівіла і з радзімай продкаў - Вялікім Княствам Літоўскім: ягоная хатняя і школьная адукацыя, маёнтак (асабліва Слуцкае княства), сямейныя палітычныя інтарэсы, прыватныя амбіцыі і многае іншае.

Са словаў Ірыны Данеўскай, праца над кнігай ішла пяць гадоў. Выкарыстоўваліся не толькі шматлікія навуковыя публікацыі прафесійных гісторыкаў, але і першакрыніцы. Сярод іх цэнтральнае месца займае «Аўтабіяграфія» Багуслава Радзівіла, якая выйшла на беларускай мове яшчэ ў 2009 г.

Багуслаў Радзівіл (1620-1669) - слуцкі князь, сын віленскага кашталяна Януша Радзівіла і Лізаветы Сафіі Гогенцолерн. Нарадзіўся ў Гданьску, дзяцінства разам з маці правёў ва Усходняй Прусіі і Франконіі. З 1628 г выхоўваўся ў Літве пад апекай дзядзькі Хрыстафора Радзівіла, вялікага гетмана літоўскага. Навучаўся ў кальвінісцкіх гімназіях Вільні і Кейданах. 1637-1648 гг правёў з перапынкамі за мяжой, падарожнічаў у Нямеччыне, Нідэрландах, Францыі і Англіі. Кароткі час вучыўся ва ўніверсітэтах Гронінгена, Франекера і Утрэхта, прыватных «рыцарскіх акадэміях» Парыжа, удзельнічаў у ваенных паходах галандскіх і французскіх войскаў супраць гішпанцаў. Пасля вяртання на радзіму ў 1648 г апынуўся ў цэнтры падзей, звязаных з Трынаццацігадовай вайной з Расеяй, Кейданскай уніяй ВКЛ са Швэцыяй. У 1657 годзе ягоны сваяк, Брандэнбургскі курфюрст Фрыдрых Вільгельм, прызначыў Багуслава Радзівіла прускім генерал-губернатарам. У Кёнігсбергу ён стаў адным з архітэктараў прускага абсалютызму і дзяржаўнай вайсковай сістэмы. Багуслаў Радзівіл быў актыўным збіральнікам і мецэнатам мастацтва. Ягоная калекцыя жывапісу налічвала блізу тысячы твораў, а ў бібліятэцы князя пачэснае месца займаў і знакаміты «Радзівілаўскі» летапіс.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках