Гераіня расейскага серыялу выбачылася за слова «Белоруссия»
24- 20.12.2016, 21:58
- 16,606
У серыяле «Гатэль Элеон» маскоўка выбачылася перад гомельцам за некарэктную назву ягонай роднай краіны.
У новым эпізодзе расейскага серыяла «Гатэль Элеон», які транслюецца на тэлеканале СТС, маскоўка выбачылася перад беларусам за некарэктную назву ягонай роднай краіны, піша udf.by.
Паводле сюжэту, беларус Жэня, які прыехаў з Гомеля (яго грае былы актор КВЗ Яўген Смарыгін) уладкоўваецца на працу бармэнам у маскоўскім гатэлі. Гутарку праводзіць арт-дырэктарка рэстарацыі Насця (актрыса Вольга Кузьміна).
— Дык значыць, вы з «Белоруссии»? — пытаецца мэнэджарка.
— Правільна казаць «Беларусь», — папраўляе свядомы гомелец.
— Прабачце, — адказвае Насця.
У 14-м эпізодзе серыяла даволі шмат згадак Беларусі. Пачынаецца серыя з таго, што дзве пакаёўкі абмяркоўваюць свае выдаткі падчас паездкі ў Менск («А хто крычаў, у Менску занадта чыста і кідаў грошы на ходнік?»). Паглядзець эпізод цалкам можна на YouTube.
«Белоруссия» — скарочаная назва БССР. З набыццём незалежнасці рэспубліка стала афіцыйна называцца Беларусь, аднак у расейскіх медыях дагэтуль называюць нашую краіну «Белоруссией», скажаючы назву нават у цытатах афіцыйных асоб.
У жніўні 2014 года працуе ў Маскве беларус Кірыл Лапінскі падаў у суд на некалькі расейскіх СМІ за некарэктнае напісанне назвы роднай краіны. У снежні суд адмовіў у задавальненні пазову.
У верасні 2016 года беларус Аляксандр Вінчэўскі абурыўся надпісам «Республика Белоруссия» на расейскім пасольстве ў Беларусі і напісаў зварот у МЗС суседняй краіны. Чыноўнік спаслаўся ў адказе на пастанову вышэйзгаданага суда і на загад Адміністрацыі прэзідэнта РФ выкарыстоўваць назву «Белоруссия».