19 красавiка 2024, Пятніца, 23:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што шукаў імператар Нерон у старажытнай Беларусі?

2
Што шукаў імператар Нерон у старажытнай Беларусі?
Неўры ў сучаснай творчасці

Антычная спадчына Беларусі: міфы і рэальнасць.

Кожны беларускі школьнік з урокаў гісторыі засвоіў як мінімум некалькі момантаў пра стасункі старажытнай Беларусі і Антычнага свету. Гэта міф пра неўраў, якія ўмеюць пераўтварацца ў ваўкоў, апісаны Герадотам. Гэта легенда пра рымляніна Палямона і яго каманду, якія нібыта сталі заснавальнікамі дынастыі вялікіх князёў літоўскіх. Ну і пра рымскія манеты, якія час-почас трапляюцца беларускім археолагам.

Каб разабрацца, дзе праўда, а дзе прыдумкі, а таксама вызначыцца, што ж яднала Беларусь са старадаўнім Рымам і Грэцыяй, журналісты «Новага Часу» звярнуліся да гісторыка, кандыдата навук, выкладчыка БДУ ды адмыслоўца па вайсковай справе антычнасці Аляксея Казленкі.

Аляксей Казленка

Міф пра Палямона — пытанне прэстыжу і легітымнасці

— Як сучасная навука ставіцца да міфа пра падарожжа ў Беларусь рымскага двараніна Палямона, апісаны ў нашых летапісах?

— Гэта тыповая міфатворчасць, якая мае аналагі і ў іншых еўрапейскіх народаў: міф пра бацькоў-заснавальнікаў, павязаны з эпохай антычнасці. Напрыклад, франкі выводзілі сябе нават не ад рымлянаў, але ад траянцаў — іх продкам, згодна Фрыдэгару, быў малодшы сын Гектара. А паколькі Гектар у Троі меў большую ўладу за Энея, які нібыта заснаваў Рым, дык і Францыя нібыта больш важная і сур’ёзная дзяржава... Падобны міф — гэта прэтэнзія на суверэнітэт і магчымасць уладарыць.

Кожны хацеў прывязаць да антычнасці калі не тэрыторыю, дык хаця б паходжанне. Бо калі варыянт з тэрыторыяй для італійцаў ці французаў «пракатваў», то палякам, літоўцам ды беларусам было значна цяжэй. Тады — браўся дынастычны варыянт.

— То бок, гэта пытанне прэстыжу для таго часу?

— Не столькі прэстыжу, колькі легітымнасці, абаснаванасці права на ўладу. Выведзены ад рымскіх імператараў радавод дапамагаў больш эфектыўна кіраваць сваімі падданымі.

Рымская імперыя разглядалася як дзяржава «як такая», чыя абаснаванасць не выклікае ні ў каго пытанняў. Калі ты нашчадак Рыму — падданыя цябе слухаюцца, а суседзі ўспрымаюць усур’ёз.

— А для падданых Рым з яго гісторыяй не быў абстракцыяй, улічваючы ўзровень асветы таго часу?

— Размова ж ідзе пра інтэлектуалаў, з якімі пытанні пра ўладу і вырашаліся, якія маглі падняць паўстанне супраць улады і абаснаваць гэта — у тым ліку гістарычна.

Зараз Еўрасаюз спансуе тыя ж археалагічныя даследаванні датычныя антыкі, бо ў ёй знаходзяць ідэю першага адзінства Еўропы. Бо Рымская імперыя — гэта адзіная Еўропа 2000 гадоў таму, а ЕС — гэта Рым сёння.

Клад срэбраных рымскіх дэнарыяў

Экспедыцыя Нерона — камерцыйнае прадпрыемства

— Хай гісторыя з Палямонам — міф, але ёсць сведчанні пра экспедыцыю Нерона па Нёману, якая плыла да Балтыкі за бурштынам…

— Экспедыцыя сапраўды была, яе згадвае гісторык Тацыт. У 64 годзе пасля пажару ў Рыме Нерон адбудоўваў горад і поспех гэтай адбудовы вырашыў адсвяткаваць падчас цыркавых гульняў. Для аздобы амфітэатру выкарыстоўваўся бурштын, які ў Рым мог трапіць толькі з Балтыкі.

Зрэшты, вазілі яго не толькі ў Рым — гэта былі «находжаныя» гандлёвыя шляхі, якія існавалі як мінімум з Бронзавага веку. Прыкладам, бурштынавыя каралі трапляліся ў пахаваннях мікенскіх правіцеляў, іх насіў яшчэ цар Агамемнан.

Акурат гандлёвыя шляхі звязвалі аддаленыя плямёны з тым жа Міжземнамор’ем. Адзін бок даваў бурштын, іншы — віно альбо кераміку. Зараз у гэта цяжка паверыць, але ў эпоху старажытнасці Еўропа была значна больш адзінай і звязанай унутры, чым гэта падавалася раней.

— Як магла выглядаць экспедыцыя Нерона?

— Я лічу, што гэта была нават не экспедыцыя ў некалькі сотняў чалавек, але камерцыйнае прадпрыемства, звязанае з размяшчэннем замоваў, кажучы сучаснай мовай. То бок былі чыноўнікі, якія з Рыму траплялі ў Венгрыю, адтуль — на Ніжні Дунай, далей па Чорным моры, уверх па Днястры ці Паўднёвым Бугу, а ўжо далей па Вісле альбо Заходняй Дзвіне ў Прыбалтыку.

Гэта былі чыноўнікі, якія мелі ўладу і знаёмствы сярод мясцовай племянной эліты. Яны куплялі прадукцыю на месцы альбо тлумачылі, што ёсць грошы, таму ахвочыя могуць прывезці бурштын і памяняць яго на золата ці срэбра. Гэта буйное гандлёвае прадпрыемства, а не міграцыя рымлянаў, як некаму бачыцца.

— Гэта была адзінкавая паездка ці пастаянны маршрут?

— Хутчэй, пастаянная практыка, таму рымскія манеты, упрыгожванні, элементы вайсковага рыштунку і знаходзяць на берагах Балтыйскага мора. Ясна, што гэтыя рэчы маглі па шляху змяніць безліч уласнікаў па дарозе да месца знаходкі. Але гэта былі сістэмы ўзаемнага разліку, калі рэчы, што цаніліся варварамі, пераадольвалі сотні кіламетраў

Барэльеф з выявай неўра

Падарожжы рэчаў, а не людзей

— То бок Беларусь была ў лепшым выпадку транзітнай зонай?

— Так, безумоўна. На захадзе Беларусі, прыкладам, знаходзяць сляды готаў — гэта так званая Вяльбарская археалагічная культура. Гэта эпоха пошукаў готамі «новай радзімы», іх вялікага падарожжа. Ад Балтыйскага ўзбярэжжа яны рухаліся ў бок Чорнага мора ў тым ліку праз Беларусь. Гэта ўжо ІІІ–ІV стагоддзі.

Яшчэ раней, у ІІІ–ІІ стагоддзях да н.э., у нас фіксуецца Зарубінецкая культура, шчыльна звязаная з кельтамі. Яны пасля сябе, як і готы, пакінулі некаторыя рэчы — фібулы, розныя зашпількі, прадметы побыту. То бок народы, якія кантактавалі з Антычным светам, у нас былі.

— Калі кажуць пра рымскія знаходкі, то часцей за ўсё маюць на ўвазе манеты. А ці знаходзяць нешта яшчэ?

— У Нацыянальным гістарычным музеі раней была выстаўленая бронзавая ручка ад рымскай шкатулкі. Такія ж знаходзяць у рымскіх правінцыях. Не зразумела толькі, ці трапіла яна да нас разам са шкатулкай, якая магла быць статусным таварам, альбо трапіла ўжо ў выглядзе бронзавага лому. Бронза — метал рэдкі і неабходны, таму ад лому не пазбаўляліся, але наадварот збіралі.

Гоцкая фібула для зашпільвання адзежы

— Гэта адзнака прысутнасці рымлянаў альбо нешта кшталту сучасных долараў, якія могуць апынуцца ў любой частцы свету?

— Пра масавую прысутнасць рымлянаў у нас казаць не даводзіцца, таму гаворка ідзе хутчэй пра тых, хто з Рымам кантактаваў і гандляваў: тых жа готаў. Гэта падарожжы больш рэчаў, чым людзей.

Не забывайцеся, што бронза пераплаўлялася і падарожнічала ў выглядзе лому. Калі б мы маглі прасачыць, адкуль першапачаткова прыйшоў метал, з якога, скажам, была вылітая фібула ў той жа Беларусі, думаю, мы б сутыкнуліся са шматлікімі таямніцамі і складанымі маршрутамі.

Ваяўнічыя жыхары балотаў, з якімі біліся готы

— Ці фігуруе Беларусь у антычных даследчыкаў, хаця б з апісанняў выпадковых гандляроў, якія сюды трапілі?

— Антычныя географы і гісторыкі даволі слаба сабе ўяўлялі гэтую тэрыторыю, але пэўныя ідэі мелі. Той жа Герадот распавядае пра паўночных суседзяў скіфаў — неўраў, якія ўмелі пераўтварацца ў ваўкоў. Гэтую ж гісторыю паўтараюць і шматлікія пазнейшыя аўтары, той жа Пталамей, які жыве ў ІІІ стагоддзі н.э. — калі ніякіх неўраў у Беларусі ўжо не было. Але іншых крыніц інфармацыі не было, таму карысталіся старымі ведамі.

Цікава, што гісторык Іардан, апісваючы падарожжы готаў, распавядае пра забалочаныя тэрыторыі ды іх ваяўнічых жыхароў. Прасоўваючыся на поўдзень, готы доўга і ўпарта з імі біліся. Цалкам верагодна, маецца на ўвазе паўднёвы захад Беларусі.

Неўры ў сучаснай творчасці

— Неўры, якія пераўтвараліся ў ваўкоў, як я разумею, акрамя антычных крыніцаў больш нідзе не згадваюцца?

— Так, варта ўлічыць, што Герадот быў дасведчаным чалавекам. Як мінімум да Ольвіі, сучаснага Мікалаева на беразе Чорнага мора, ён дабіраўся. Таму мог кантактаваць з мясцовымі жыхарамі, якія сутыкаліся са скіфамі ды іх суседзямі. Ягонае апісанне скіфаў даволі грунтоўнае, са шматлікімі этнаграфічнымі дэталямі. Што да неўраў — дык гэта міфалагічны пласт рэальнасці. Гэта легенды саміх скіфаў пра сваіх суседзяў, фальклор, які трэба ўспрымаць адпаведна.

— А дзе ў Беларусі можна паглядзець сапраўдныя антычныя рэчы?

— Збольшага гэта ўсё ж такі манеты, знойдзеныя тут. Рэшта — гэта набытыя рэчы, якія «раз’ехаліся» па ўсім свеце як егіпецкія муміі, то бок у складзе калекцыяў мясцовай арыстакратыі. Падчас падарожжаў у краіны Міжземнамор’я заможныя людзі ахвотна куплялі прэстыжныя рэчы для сябе ды каб паказваць сябрам. Наогул, дык у нашых музеях сур’ёзны дэфіцыт антычных старажытнасцяў…

— Тыя ж палякі не мелі гістарычна дачынення ані да Егіпту, ані да Антычнага свету, але маюць салідныя навуковыя школы егіпталогіі ды антыказнаўства. А ў нас?

— Нашы гісторыкі прымаюць удзел і ў раскопках, і ў міжнародных канферэнцыях па згаданых тэмах. Студэнты ездзяць у тую ж Італію на раскопкі Пампеяў. Сам я год дзесяць таму быў на раскопках у горадзе Ксантэн у Германіі, дзе некалі знаходзілася сталіца рымскай правінцыі Ніжняя Германія.

Любая дзяржава выводзіць сябе ад Рыму

— Немцы, здаецца, таксама пакінулі значны след у вывучэнні антычнасці…

— Напрыканцы ХІХ стагоддзя немцы вялі чыгунку ад Берліну да Багдаду. І калі працы ішлі каля турэцкай Бергамы, інжынеры звярнулі ўвагу на камяні, якія ім цягалі туркі ў якасці будаўнічай сыравіны. Там былі бачныя антычныя рэльефы. Немцы пацікавіліся, адкуль камяні, мясцовыя паказалі на высокую гару. У выніку, археалагічная экспедыцыя раскапала Бергамскі алтар. Як толькі алтар быў адкрыты, усё было перавезена ў Германію і з вялікай помпай у Берліне быў адкрыты Пергамон-музеум.

Пергамскі алтар, Берлін

І калі нехта з адкрывальнікаў убачыў усё знойдзенае, пачышчанае ад зямлі, то ўсклікнуў: «Зараз мы маем свой Брытанскі музей!»

Германія на той час акурат аб’ядналася і мела вялікія палітычныя амбіцыі. Бо калі нехта спрабуе граць у вялікую дзяржаву, то маюць быць і атрыбуты вялікай дзяржавы. І туды — акрамя арміі, флоту, ураду і фінансаў — увахо дзяць музеі! Прычым, музеі з класічнымі антычнымі калекцыямі: Луўр, Брытанскі музей, Эрмітаж…

— То бок у ХІХ і ХХ стагоддзях зноў ішла размова пра прэстыж і легітымнасць, але ўжо ў плоскасці вывучэння антыкі ды наяўнасці антычных экспанатаў у музеях?

— Менавіта. Той жа Эрмітаж таксама калісьці пачынаўся з калекцый антычных статуй. То бок любая вялікая дзяржава мае выводзіць сваю ўладу, сапраўдную ці міфічную, ад эпохі антычнасці, ад Рыму. Як мінімум тут трэба мець музей, дзе знаходкі з той эпохі будуць экспанавацца. Той жа СССР, маючы амбіцыі, падтрымліваў Эрмітаж, а ў найбольшых універсітэтах былі кафедры антыказнаўства. Таму ў Маскве, Ленінградзе, Кіеве ды Мінску рыхтавалі антыказнаўцаў.

Калі Саюз разваліўся, давялося пераасэнсоўваць гісторыю і наноў шукаць адказ на пытанні: «Хто мы такія?» ды «Куды ідзем?» Раней гэта былі адсылкі да старажытнага Рыму, развагі пра глабальную ўлады. Сёння ж у модзе нацыянальная міфалогія, і калі «рымскі эпізод» у ёй не прысутнічае, дык даводзіцца шукаць нешта іншае.Але калі беларускі школьнік прыязджае ў Луўр і бачыць антыку — ён абавязаны ведаць, што гэта і які кошт гэтай сусветнай спадчыны. Альтэрнатыва — гэта пагружэнне ў невуцтва і варварства.

— У ХХІ стагоддзі такі падыход да антыкі актуальны?

— Падыход актуальны, хай гэта і не так важна, як 100 гадоў таму. Бо немцы, калі вывозілі Бергамскі алтар, дакладна ведалі, што робяць для сваёй дзяржавы: яго фінансавы і палітычны кошт. Калі б такая сітуацыя адбылася сёння, зразумела, што туркі б не дазволілі нічога вывозіць. У гэтым годзе туркі выгналі французскіх археолагаў з Эфесу.У антыкаведаў нарэшце з’явілася магчымасць займацца прафесійным рамяством — вывучаць гісторыю, а не гуляць у палітыку ці авантуры. Той жа Лоўрэнс Аравійскі: з аднаго боку археолаг, з іншага — супрацоўнік англійскай выведкі. Стагоддзе таму, як бачым, усё гэта ўжывалася ў ім арганічна. Сёння падобнае ўжо немагчыма, калі хочаш займацца антыкай — трэба мець прафесійную падрыхтоўку. Таму гістфак БДУ акурат рыхтуе спецыялістаў, а не авантурнікаў ды выведчыкаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках