18 красавiка 2024, Чацвер, 14:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка - чыноўнікам: Варушыцеся - грошай у свеце звышдастаткова

100
Лукашэнка - чыноўнікам: Варушыцеся - грошай у свеце звышдастаткова

Дыктатар правёў нараду ў пытаннях прыцягнення замежнага фінансавання.

Лукашэнка заявіў, што ўмовы прыцягнення ў краіну замежных інвестыцый павінны адпавядаць дзяржаўным інтарэсам.

Паводле ягоных слоў, адным з найважнейшых каналаў паступлення крэдытаў з'яўляецца банкаўская сфера: за апошнія гады ў Беларусі склаліся дзелавыя партнёрскія дачыненні з шэрагам замежных банкаў, якія працуюць у краіне, піша БелаПАН.

«Проста трэба варушыцца, грошай у свеце звышдастаткова, - сказаў Лукашэнка. - Вядома, ніхто раскідвацца імі не будзе. Але наша краіна мае добрую крэдытную гісторыю, мы нікому ніколі не былі вінныя і не плануем мець пратэрмінаваныя крэдытныя рэсурсы або запазычанні, таму трэба выкарыстаць гэта і працаваць. Працаваць і з заходнімі банкамі, і з нашымі філіяламі расейскіх банкаў. Але пры запазычанні трэба мець на ўвазе, што эканамічная бяспека і ўзровень золатавалютных рэзерваў - гэта святое. З гэтых падыходаў трэба зыходзіць пры вызначэнні мэтазгоднасці прыцягнення замежных сродкаў. Нейкай гонкі за аб'ёмамі быць не павінна, каб не залезці ў неаплатныя пазыкі. Умовы прыцягнення фінансаў павінны адпавядаць выключна дзяржаўным інтарэсам, мець зразумелыя перспектывы і мэты».

Са словаў беларускага дыктатара, у першую чаргу рэсурсы патрэбныя рэальнаму сектару: «Пытанне не ў тым, дзе іх знайсці і як. Размова пойдзе аб канкрэтных крэдытах, якія нам прапануюць. Не толькі мы просім у кагосьці (гэта нармальная практыка), а нам прапаноўваюць сёння нашы партнёры. Перш за ўсё расейскія банкі. Нам трэба абмеркаваць правілы пазыкі, кошт гэтых крэдытаў, трэба ці не трэба іх браць, куды накіраваць. Калі ёсць канкрэтныя праекты, разлікі іх рэальнай акупнасці, і яны прымальныя, трэба развязваць пытанне аб замежных пазыках пад гарантыі ўрада».

Нагадаем, паводле інфармацыі Мінфінансаў, замежная дзяржаўная пазыка паводле стану на 1 лістапада склала 13,5 млрд даляраў ЗША, павялічыўшыся з пачатку года на 1 млрд 19,1 млн даляраў, або на 8,2%.

У студзені-кастрычніку 2016 года прыцягнутыя замежныя дзяржаўныя пазыкі на 1 млрд 613,7 млн даляраў ЗША: 800 млн даляраў - Еўразійскага фонду стабілізацыі ды развіцця; 393,2 млн даляраў - урада і банкаў Расейскай Федэрацыі; 313,2 млн даляраў - банкаў КНР; 105,5 млн даляраў - МБРР; 1,8 млн даляраў - ЕБРР і СІБ.

На выплату замежнай дзяржаўнай пазыкі з пачатку 2016 года накіравана 719,2 млн даляраў: 264,8 млн даляраў - Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця; 237,5 млн даляраў - урад Расейскай Федэрацыі; 166,7 млн даляраў - банкі КНР; 49,4 млн даляраў - МБРР; 0,7 млн даляраў - ЗША; 0,1 млн даляраў - ЕБРР і СІБ.

Напісаць каментар 100

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках