27 красавiка 2024, Субота, 0:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна выйшла з піке

4
Украіна выйшла з піке

Украінская эканоміка павольна аднаўляецца пасля двухгадовага падзення.

У 2016 годзе ВУП краіны вырасце на 1,1%, але асноўныя макраэканамічныя паказчыкі не радуюць. Прамысловасць нязначна ажывае, тады як экспарт прадаўжае скарачацца. Украінскія вытворцы не могуць прабіцца скрозь квоты ЕЗ, а расейскае эмбарга абыходзіцца эканоміцы прыкладна ў 2% ВУП на год. Для выхаду з крызісу эканоміцы трэба расці не менш чым на 5-6% за год, але дасягнуць такога паказчыка без правядзення структурных рэформаў немагчыма, піша gazeta.ru.

Найгоршыя часы для ўкраінскай эканомікі мінулі. Паводле звестак Міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Fitch Ratings, сёлета ВУП краіны вырасце на 1,1%. Гэта прыкладна на 0,1 адсотка больш у параўнанні з прагнозамі, якія агенцтва зрабіла ў траўні гэтага года.

«Эканоміка Украіны аднавіла рост у першай палове 2016 года пасля падзення сукупнага ВУП на 16% цягам двух папярэдніх гадоў», — гаворыцца ў справаздачы ЕБРР.

Гэты факт узрадаваў прэм'ер-міністра Уладзіміра Гройсмана, са словаў якога пагрозы дэфолту цяпер няма. «Мы маем за квартал 1,8% росту. Я разумею, што гэта неадчувальна для ўкраінскіх грамадзян. Але мы пачынаем эканамічны рост. Наша задача — забяспечыць эканамічны рост, каб мы мелі магчымасць і сфармавалі рэсурсы для паляпшэння якасці жыцця людзей», — заявіў ён на пасяджэнні ўрада ў сярэдзіне лістапада.

Слабыя паказчыкі

Ураду сапраўды ўдалося стабілізаваць сітуацыю ў эканоміцы. Пасля леташняй інфляцыі сумай 40,3% сёлета кошты тавараў і паслуг падаражэюць у сярэднім на 13%. Паводле звестак Нацыянальнага банка, за апошні год грыўна дэвальвавала ўсяго на 14,4%. Цяпер афіцыйны курс складае 26,26 грн за даляр, на чорным рынку — 27,2 грн за даляр.

Са студзеня да верасня прамысловая вытворчасць вырасла ў сярэднім на 2,1% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, гаворыцца ў даследаванні Дзяржаўнай службы статыстыкі. Гэта нядрэнны паказчык, улічваючы падзенне экспарту. За дзесяць месяцаў украінскія прадпрыемствы змаглі экспартаваць тавараў і паслуг толькі на $32,03 млрд. Гэта прыкладна на 7,8% менш у параўнанні з аналагічным перыядам 2015 года.

Эканамісты б'юць трывогу: аб'ём імпарту за гэты ж перыяд скараціўся ўсяго на 0,9%, а пазітыўнае сальда замежнагандлёвага балансу склала ўсяго $654,1 млн. Улічваючы, што ўвосень Украіна актыўна закупляла тавары так званага крытычнага імпарту — газ і вугаль, то за год сітуацыя можа быць іншай.

Адна з галоўных прычын скарачэння экспарту — гандлёвае эмбарга з Расеяй, якое абыходзіцца ўкраінскай эканоміцы прыкладна ў 2% ВУП кожны год.

Еўрапейскі Звяз, з якім у 2014 годзе Украіна падпісала Пагадненне аб зоне свабоднага гандлю, не можа кампенсаваць страты ўкраінскіх экспарцёраў. Гэта звязанае з адносна невысокімі квотамі. Напрыклад, вытворцы да верасня цалкам выкарысталі квоты на пастаўку вінаграднага і яблычнага сокаў, мёду, ячменнай крупы і мукі, цукру, пшаніцы, мяса птушкі. Перамовы аб павелічэнні іх аб'ёмаў прадаўжаюцца.

Гандлёвая прадстаўніца Украіны ў краінах ЕЗ Наталля Мікольская распавяла аб цэнтральнай праблеме вытворцаў, асноўная маса якіх займаецца пастаўкамі сыравіны і прадуктаў першаснай перапрацоўкі. «Нам цяпер трэба сканцэнтравацца на тым, каб інвестыцыі з ЕЗ ішлі менавіта на падтрымку перапрацоўкі і на прасоўванне тавараў з большай даданай вартасцю», — заўважыла яна. Але ў гэтым не зацікаўлены самі аб'яднанні краіны. ЕЗ гатовы выдзеліць Украіне трэцюю рату пазыкі на суму блізу €600 млн толькі пры ўмове, што краіна скасуе забарону на экспарт лесу-кругляка.

Унутранае спажыванне

Нязначны рост эканомікі звязаны з нязначнай актывізацыяй унутранага спажывання.

Адсутнасць рэзкіх курсавых ваганняў і заявы палітыкаў аб стабілізацыі эканамічнай сітуацыі ў краіне прывялі да росту продажаў бытавой тэхнікі прыкладна на 10-15%, павелічэння кліентаў у рэстарацыях на 20%, а таксама павелічэння попыту на замежныя туры на 10%.

За дзесяць месяцаў гэтага года абарачэнне раздробнага гандлю склала 829,8 млрд грн (1,9 трлн руб), што на 3,3% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Да росту спажывання падштурхоўваюць украінскія банкі, якія сёлета істотна пашырылі крэдытныя праграмы для спажыўцоў.

Кожная другая адзінка бытавой тэхнікі і электронікі ва Украіне набываецца ў крэдыт.

Але нават пры такіх нязначных тэмпах росту ўкраінскія прадпрыемствы сутыкнуліся з дэфіцытам працоўных рук. «Калі вы сёння спытаеце прадпрымальнікаў, што іх пачынае ўсё больш трывожыць і пагражаць развіццю бізнэсу, то гэта не падаткі, карупцыя або фінансавая нестабільнасць, а дэфіцыт рабочай сілы. Ён вядзе да неадэкватнага росту заробкаў на фоне нізкай прадукцыйнасці працы. Самыя актыўныя працаўнікі масава з'язджаюць з Украіны, а тыя, што застаюцца, не адчуваюць канкурэнцыі на рынку працы і працуюць менш эфектыўна», — мяркуе кіроўны партнёр кампаніі Capital Times Эрык Найман.

Асцярогі экспэрта абгрунтаваныя: краіны Усходняй Еўропы распрацоўваюць праграмы для спрошчанага найму ўкраінцаў на працу, таму гэтая праблема будзе толькі пагаршацца.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках