19 красавiка 2024, Пятніца, 11:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зніклі ключы, або Навагодні выступ Лукашэнкі

26
Зніклі ключы, або Навагодні выступ Лукашэнкі

Навагодняя ідылія.

Усе няшчасці пачынаюцца ў Драздах. Нібы там нейкі разлом, геалагічная анамалія. А таму і гэтае здарэнне ніхто прадбачыць загаддзя не мог. Нават правіцель такога павароту не чакаў. Усе нібыта ішло сваёй хадой. Гадзіннік упэўнена адлічваў апошнія хвіліны перад запісам найвышэйшага віншавання з Новым годам. Краіна ўзрушана чакала.

І вось кантрольны позірк у асабістае люстэрка. Адбітак у цьмяным шкле выклікаў пачуццё глыбокага задавальнення. Заставалася толькі ўзяць са стала галоўную сенсацыю навагодняй ночы – ягоны падарунак усім працоўным, навучэнцам, пенсіянерам ды іншым грамадзянам. Аднак там, дзе ён гэты скарб пакінуў, нічога не было. Не паверыўшы ў тое, што адбывалася, ён правёў далонню па стале. Пуста!

Тут не было чаго і думаць. Ключы нахабна скралі. Такія норавы – крадуць усё навокал. Не ўтрымаліся і тут. Але хто наважыўся?..

Прасцей за ўсё было б падаць грымотную каманду: “Ператрус!” Але што гэта дасць? Распачнуць справу. Будзе следства. Звычайная цяганіна. Выпадковыя людзі, якія трапяць у лік сведак і падазраваных, будуць нешта мармытаць пра сваё жыцце. А Новы год хіба так і будзе тупаць пад дзвярыма, чакаючы, калі яго паклічуць?

Ужо гатовыя да здымкі тэлекамеры. Зіхаціць прывабная ялінка, якая падчас ягонага выступу павінна стварыць атмасферу спакою і ўтульнасці. Уся краіна чакае таго моманту, калі можна будзе ўзняць келіхі і пажадаць адзін аднаму: “З Новым Годам! З новым шчасцем!” Але якое там шчасце, калі вось так раптам зніклі ключы. А без іх няма нават сэнсу нешта прамаўляць перад тэлекамерамі. Не тое ўражанне, не таго чакаюць.

А можа, увогуле варта было б падпісаць указ пра тое, што гэтым разам Новы год пераносіцца на 7 лістапада? І потым адсвяткаваць заадно і стогадовы юбілей Вялікага Кастрычніка? Аднак пакуль што трэба знайсці адказ на простае пытанне: хто паквапіўся на самае святое?

Вядома, заўсёды знойдуцца і скептыкі. А што гэта за такое дзіва – ключы. Каму толькі не даводзілася іх губляць. І нічога, свет на тым не скочыўся. У кожнай майстэрні зробяць якія заўгодна. У кожным ліфце абвестка: у прысутнасці гаспадара адчыняем замкі. Дык чаго тут мітусіцца?

А вось у тым і праблема, што зніклі не звычайныя ключы. Займаўся б ён нейкай драбязой, а то як жа! Скралі не проста ключы, а так бы мовіць, будучню краіны. Усё тое, да чаго імкнуліся і дваццаць два гады ішлі.

Даўно вядома, што ў кожнага правадыра ёсць мара. Герберт Уэлс, знакаміты фантаст, быў да глыбіні душы ўзрушаны, калі ад самога Леніна даведаўся, што ў таго ёсць мара – ва ўсіх глухіх кутках знявечанай краіны запаліць “лямпачку Ілліча”. Каб развеяць цемру, няўжо не зразумела? А ягоны спадкаемца Сталін марыў усіх пасадзіць. Нястомны Мікіта Сяргеевіч хацеў за два дзесяцігоддзі пабудаваць камунізм. Нават састарэлы Роберт Мугабэ мае вялікую мару – сваё стагоддзе сустрэць у даўно абжытым крэсле прэзідэнта Зімбабве.

Правіцель драздоўскі за іх нічым не горшы. І ў яго таксама ёсць мара, з якой калісьці ён прыйшоў ва ўладу. Вось так наважыцца ды й збудаваць светлую будучыню для ўсіх без выключэння. Не хрушчоўскі недарэчны камунізм. А такое велічэзнае і неабдымнае ўсенароднае шчасце, якога ні ў каго нідзе няма.

І ў краіне падпарадкавалі усё гэтай ідэі. Не шкадавалі ні сілы, ні сродкаў. Будавалі. Аралі. Сачылі. Дапытвалі. Выпршвалі пазыку. Выкручваліся. Абяцалі ўсім сацыяльную дзяржаву. А стварылі ў выніку ўсё той жа рэліктавы савок.

А тут і Новы год, як снег на галаву. 2017-ы, юбілейны. Дык што ж, віншуючы народ с гэтай слаўнай датай, выйсці на тэлеэкраны са старымі фокусамі? Усіх пераканаць, што дэвальвацыі не будзе, а потым абрынуць раптам курс рубля? Або абвесціць нейкі “нацыянальны дэфолт”, ды паціху накрыць шапкаю банкаўскія ўклады грамадзян. Хіба гэтага чакае ад яго народ гэтай краіны? Дзе-небудз у далёкай вёсачцы Вялікія Бадуны ў навагоднюю ноч які-небудзь дзед Ахрэм будзе сядзець перад тэлевізарам і чакаць усхвалявана ягонага шчырага слова. Дык што ж, ветэрана працы пакіне ён ні з чым?..

Прамарудзіўшы хвіліну, ён прыняў адзінае магчымае рашэнне.

А ва ўзорна-паказальным аграгарадку Вялікія Бадуны, на ягонай далёкай і непрывабнай ускраіне, Новы год рыхтаваўся сустрэць дзед Ахрэм. Усімі паважаны палявод, адзначаны за сваю працу шаснаццацю ганаровымі граматамі раённага ўзроўню, а цяпер пенсіянер, ён тут дажываў свой доўгі век. Старая памерла. Хата пахілілася. Стрэшка прагніла. Гаспадарка звялася. Пенсіі не хапала. Аднак усім гэтым дзед не надта пераймаўся. Калісьці па тэлевізары найвялікшы начальнік сказаў цверда: дзяржава ў нас сацыяльная і пакрыўдзіць ён нікога не дазволіць. Усё будзе. І будзе ўсяго шмат. Трэба толькі крыху пачакаць.

І ўсё ж яшчэ ніколі так пагана дзед Новы год не сустракаў. Чамусьці гэтым разам пенсія скончылася надзвычай хутка. На святочным стале вытыркаўся з місы толькі адзіны агурок, які ён злавіў ў бочачцы з расолам. Нават бутэльку, якую загаддзя схаваў у сенцах, нехта знайшоў і скраў. Няйначай шкоду ўчыніў ягоны сусед Віцёк, колішні мент, а цяпер валацуга і тунеядзец.

Аднак у апошні момант напаткала дзеда яшчэ большая бяда. Ён уключыў тэлевізар, а гуку не было. А на ўсіх прагамах ужо з’явіўся той, каго ён так чакаў. Дзед прыгледзеўся, і раптам уцяміў, што вялікі начальнік прамаўляе, звяртаючыся менавіта да яго, Ахрэма. А ён, уганараваны гэткім даверам, нічога не можа зразумець. Стала крыўдна да слёз.

- Сабачае жыццё! – у роспачы ўскрыкнуў дзед.

У сенцах нешта грымнула і на парозе з’явіўся той самы Віцёк, сусед. Асцярожна паставіў на стол ёмістую пляшку цёмнага шкла.

- Чаго бунтуеш, дзед? У цябе вунь мора закусі. А ў мяне пітво. Не палохайся – дзяржаўнае. З выкідаў Чарнобыля. Да касцей працінае. Давай шклянкі, а то мы ўсё празяваем!

- Тут цілявізар сапсаваўся, - прамармытаў дзед.- Той вунь гаворыць, а яго не чуваць!..

Віцёк зарагатаў.

- А то ж невядома, што ён скажа. “Усім – папіццот!” Давай, за стары год!

Выпілі. Дзед адчуў, як столь у хаце зрушылася з месца і лягла яму на галаву. А прамоўца ў безгалосым тэлевізары раптам паляпаў сябе па кішэні і выцягнуў нейкія ключы. Здзівіўся вельмі. І зноў пачаў пачаў нешта гаварыць, звяртаючыся найперш да Ахрэма. Але што, што?..

А Віцёк свой абавязак ведаў дасканала. Пасля другой шклянкі – за ўсё добрае! – дзед адчуў, як недзе ў акіяне ўзнялася магутная хваля. Пракацілася па ўсёй планеце. І моцна скаланула хату. Столь спалохана вярнулася на сваё былое месца. Дзед зірнуў у вакно. Ланцужок агнёў аграгарадка па той бок поля нават не скалыхнуўся. Так што катастрофа гэтым разам іх прамінула. А з такой нагоды можна і яшчэ па келішку.

- З Новым годам! – урачыста прамовіў Віцёк. - З новым шчасцем!

Ён павольна апусціўся на лаўку і галаву паклаў на стол. А вось дзед пачуваў сябе выдатна. Толькі раптам маланкай прамільгнула трывожная думка: а якія гэта ключы паказваў вялікі начальнік у тэлевізары? А можа, гэта былі менавіта ягоныя, Ахрэмавы ключы? Ад кватэры ў новым катэджы аграгарадка. У тым агністым ланцужку, які не здолела зрушыць нават вялікая хваля. Гэта ж як неабачліва страціў ён сваё шчасце. З-за нейкага старога тэлевізара, у якім знік раптам гук!

І стары ў роспачы грымнуў кулаком па тэлевізары. Той гэткай крыўды не чакаў. Зароў нема. Шалёнай музыкай напоўнілася хата. На экране таньчылі нейкія дзяўчаты. Выдурняліся мардатыя дзядзькі. Дзед знайшоў патрэбную кнопку, прыцішыў гук. Прамовіў у адчаі:

- Сабачае жыццё!.. Адна толькі радасць – прэзідэнт харошы. Хіба не так?

Віцёк не адгукнуўся. Ён бачыў ужо, як рашуча хтосьці сарваў са сцяны саматужны дыванок, на якім намаляваны быў агонь і над ім – счарнелы кацялок, у якім нешта варылася. А за ўсім гэтым былі дзверы. Іх адамкнуў сваімі ключамі ўсё той жа, да болю знаёмы верхавод. Але хто ён і адкуль, Віцёк узгадаць не мог. Ды на тое ўжо і часу не было. Яго падхапіў натоўп і панёс кудысьці ўніз па лесвіцы, праз павуцінне, у глухую цемру. Няйначай, быў гэта шлях у пекла. Аднак у канцы таго доўгага тунэля раптам бліснула святло.

Натоўп ірвануўся кудысьці ўгору і вынес яго на нейкую плошчу. І ўбачыў Віцёк неверагодна вялізную будыніну, якая нагадвала адначасова Мінск-Арэну, цырк-шапіто і сумнавядомыя кучкі Чыжа. У гэтай спарудзе можна было ўгледзець нешта кітайскае і нават арабскае. А па франтону залатымі літарамі было пазначана: “Дом народнага шчасця”. Да галоўнага ўваходу цягнулася бясконцая чарга. Там ужо віраваў натоўп, і чуліся істэрычныя воклічы: “Больш за кілаграм ў адны рукі не даваць!”

Падкаціў бранявік. Яго атачылі матросы. На браню ўскараскаўся нейкі лысы Дзед Мароз. Махаючы чырвонай шапкай, ён пачаў усіх да чагосьці палымяна заклікаць. Грымнуў недзе паблізу галоўны калібр. Выбухнуў над спарудай святочны феерверк. І ў вышыні ўспыхнулі вогненныя лічбы – 2017. Чарга рассыпалася, і ўсе падаліся па шчасце.

Толькі Віцёк не спяшаўся нікуды. Ведаў дакладна, што гэтага адмысловага тавару на ўсіх ня хопіць. Да таго ж ён пачуваў сябе вінаватым, што пакінуў дзеда Ахрэма сам-насам з тэлевізарам і той вялізнай цёмнай пляшкай, у якой, магчыма, штосьці яшчэ засталося.

А краіна святкавала. Год Юбілейны паціху ўступаў у свае правы.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках