Акцыі за правы чалавека ў Віцебску не даюць уладам спакойна спаць
4- 4.12.2016, 13:26
- 21,726
Праваабаронца Павел Левінаў і далей мерыцца змагацца з самавольствам чыноўнікаў, якія забараняюць пікеты.
Намесніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Наталля Ляпёшкіна забараніла праваабаронцу Паўлу Левінаву правядзенне двух пікетаў.
Традыцыйна праваабаронца заяўляе масавыя акцыі ў Віцебску на 10 снежня, паведамляе «Витебская весна», бо ў гэты дзень 68 гадоў таму была абвешчаная Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека.
Дэкларацыя была прынятая Генеральнай асамблеяй ААН - міжнароднай арганізацыяй, адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці якой з'яўляецца прасоўванне ідэй правоў і вольнасцяў чалавека.
Аднак віцебскія чыноўнікі вось ужо сем гадоў запар забараняюць праваабаронцу Левінаву ладзіць такія публічныя акцыі.
«Асноўнай мэтай пікетаў, якія не адбыліся, было дапамагчы дзяржаўным інстытутам ва ўмацаванні і развіцці правоў чалавека, прапаганды дакументаў у падтрымку правоў і публічнага выказвання свайго меркавання а, праблеме парушэння правоў чалавека», - распавёў праваабаронца.
Але ён не мерыцца здавацца і будзе цвёрда дамагацца ад улад змены іх стаўлення да імкнення грамадзян рэалізоўваць сваё канстытуцыйнае права на правядзенне масавых акцый у Віцебску.