1 траўня 2024, Серада, 8:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пчаліная кватэра і «жукапастка»: што незвычайнага вынайшлі беларусы

11
Пчаліная кватэра і «жукапастка»: што незвычайнага вынайшлі беларусы

Дэнамінацыя падштурхнула беларускага кулібіна Яўгена Пруціка да стварэння манетніцы.

Вынаходніцтва было афіцыйна зарэгістраванае, а ягоны аўтар атрымаў патэнт.

Якімі яшчэ незвычайнымі вынаходствамі здзівілі сёлета беларусы?

Топ-5 самых цікавых вынаходак, якія былі сёлета ўнесены ў дзяржаўны рэестр Беларусі, склала Заўтра тваёй краіны на аснове звестак афіцыйных бюлетэняў «Вынаходкі. Карысныя мадэлі. Прамысловыя ўзоры», якія выдаюцца Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці.

1. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і ўладальнікі прысядзібных участкаў даўно вядуць «вайну» з каларадскім жуком. Два беларускіх вынаходнікі: Леанід Татарчук і Юрый Антонішын атрымалі сёлета патэнт на новую прыладу для збору каларадскага жука з бульбы.

2. Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт і два яго прадстаўнікі прыдумалі спосаб атрымання кісялю з бульбы.

3. Аляксандр Саковіч стаў уладальнікам патэнта на шматфункцыянальную прыладу для даследавання ўздзеяння пчаліных сем'яў на арганізм чалавека і для развядзення пчаліных матак. Прылада, фактычна, уяўляе сабой трохпакаёвую кватэру, у якой суседнічаюць чалавек і пчаліная сям'я.

4. Група з пяці аўтараў прыдумала прыладу, адпужваць птушак, і паветраную лінію электраперадач, што забяспечана такой прыладай.

5. Аляксандр Катовіч, а таксама Сяргей і Віталь Масарноўскія вынайшлі аўтаномны міні-завод для перапрацоўкі шын.

Традыцыйна самымі крэатыўнымі з'яўляюцца вынаходнікі, якія працуюць у сферы медыцыны і прыдумляюць новыя спосабы дыягнаставання і лячэння захворванняў.

Стараюцца не адставаць ад іх прадстаўнікі аграрнай галіны, а таксама мяса-малочнай прамысловасці.

За гэты год нацыянальная база вынаходак папоўнілася некалькімі новымі спосабамі прыгатавання вараных і сыравэнджаных каўбас, малочных прадуктаў.

Звыш 15 патэнтаў было выдадзена прадпрыемствам, якія займаюцца распрацоўкай і вытворчасцю вайскова-прамысловай прадукцыі.

Акрамя спецыялізаваных навукова-даследчых інстытутаў, якія з'яўляюцца галоўнымі атрымальнікамі патэнтаў, свае распрацоўкі рэгістравалі і прадпрыемствы. Лідэрамі па іх колькасці сталі: вытворца горна-шахтавага абсталявання ЗАТ «Салігорскі інстытут праблем рэсурсазберажэння з доследнай вытворчасцю», гомельскае ІП «Алкапак», якое вырабляе прылады для закупоркі алкагольнай прадукцыі, вайсковыя прадпрыемствы «Алеўкурп» і «Пеленг», ААТ «Магілёўліфтмаш», НВА «Інтэграл» і Рэспубліканскае канструктарскае ўнітарнае прадпрыемства «ГСКБ збожжаўборачнай і кормаўборачнай тэхнікі» вытворчага аб'яднання «Гомсельмаш».

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках