28 сакавiка 2024, Чацвер, 11:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Слуцкі князь, які перапісаў Евангелле

1
Слуцкі князь, які перапісаў Евангелле

Юрый ІІІ Юр’евіч Алелькавіч — адзін з апошніх прадстаўнікоў славутага роду слуцкіх князёў Алелькавічаў, які валадарыў краем на працягу дзвюх соцень гадоў.

Яго бацька Юрый ІІ Юр’евіч быў адным з буйнейшых магнатаў Вялікага Княства Літоўскага, уваходзіў у склад Рады ВКЛ. Маці Кацярына Тэнчынская з’яўлялася дачкой ваяводы Кракава – тагачаснай сталіцы Польшчы. Юрый ІІІ меў яшчэ двух малодшых братоў — Сімяона ІV і Аляксандра, піша istpravda.ru.

У адрозненне ад сваіх знакамітых продкаў, апошнія браты Алелькавічы не праявілі сябе як значныя гістарычныя асобы. Усе яны пражылі, на жаль, вельмі мала. Жыццё іх прыпала на складаны і неспакойны час.

Завет сынам

Дзеля барацьбы з агульным ворагам Польшча і Літва аб’ядналіся ў агульную Рэч Паспалітую, што, акрамя станоўчых момантаў, прывяло да канфесійных спрэчак. Афіцыйным быў аб’яўлены каталіцызм, а праваслаўныя, да якіх адносіліся князі Алелькавічы, і пратэстанты адсоўваліся на другі план.

У сваім завяшчанні сынам Юрый ІІ нагадваў трымацца праваслаўя. Па дасягненні паўналецця кожны з іх павінен быў атрымаць свой удзел – частку Случчыны і частку горада. Юрый ІІІ атрымаў Стары Слуцк з Верхнім і Ніжнім замкамі і шэраг населеных месцаў краю.

Бацька благавернай Сафіі Слуцкай. Юрый ІІІ Юр`евіч Алелькавіч – адзін з апошніх прадстаўнікоў славутага роду слуцкіх князёў Алелькавічаў. Гравюра А.Зубчанінава (з арыгінала XVI ст.)

Пад уплывам Еўропы

Княгіня Кацярына ў адпаведнасці з завяшчаннем у свой час выправіла сыноў у вандроўку па Еўропе. Для тагачасных літоўскіх магнатаў гэта было агульнапрынята. Іх дзеці наведвалі двары еўрапейскіх уладароў, з многімі з якіх меліся сваяцкія сувязі. Слуцкія князі пабывалі ў Германіі і Італіі. Там яны праявілі цікаўнасць да пратэстантызму, але ўрэшце малодшыя браты прынялі каталіцызм (хаця адносна Аляксандра гэта застаецца пад пытаннем). Старэйшы Юрый застаўся праваслаўным.

Страчаная магіла

Жонкай Юрыя ў 1584 годзе стала дачка падляшскага ваяводы Кацярына Кішчанка. Праз год у іх нарадзілася дачка Сафія. Аднак у 1586 годзе князя Юрыя ІІІ Алелькавіча не стала. Пахавалі яго ў Верхнім замку, ва Успенскім саборы. Пазней над яго пахаваннем узвялі асобную капліцу. На жаль, парэшткі князя Юрыя страчаны.

Нягледзячы на кароткае жыццё, памяць пра Юрыя ІІІ заставалася доўга, захоўваецца і цяпер. Да пачатку ХХ стагоддзя ў Слуцкім Троіцкім манастыры меліся падарункі Юрыя: срэбраны пазалочаны пацір (чаша для прычасця) і срэбраны настаяцельскі посах з падарункавымі гравіраванымі надпісамі.

Там жа знаходзілася і рукапіснае Чацвераевангелле, якое, па паданню, перапісаў сам князь. Над рукапіснай кнігай працаваў калектыў майстроў: пераплётчыкі, мастакі-ілюмінатары, ювеліры. Аднак тэкст, як пра тое сведчыў спавядальнік князя святар Варварынскай царквы Малахвей, перапісаў сам князь.

Свята-Троіцкі манастыр. Да пачатку XX ст. тут захоўваліся падораныя Юрыем III пацір, посах і Чацвера­евангелле. Гравюра А.Зубчанінава

Вяртанне рэліквіі

Пасля рэвалюцыі пацір, посах і Евангелле Юрыя Алелькавіча забралі ў Мінск. Падчас вайны яны прапалі. Але Евангелле знайшлося. Цяпер яно з`яўляецца адной з гістарычных каштоўнасцей Беларускай Праваслаўнай Царквы. Адцыфраваныя і факсімільна выдадзеныя копіі яе цяпер можна ўбачыць у многіх бібліятэках краіны, у тым ліку і ў слуцкай. Гэта кніга называецца «Слуцкае Евангелле, альбо Евангелле Юрыя Алелькавіча».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках