23 красавiка 2024, aўторак, 13:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прадпрымальнікі: У нас няма часу на пустую балбатню

18
Прадпрымальнікі: У нас няма часу на пустую балбатню
Архіўныя фота RFE/RL

ІП павінны выступіць адзіным фронтам супраць выкрутаў уладаў.

Індывідуальным прадпрымальнікам Беларусі не ўдаецца дамагчыся раўнапраўнага дыялогу з дзяржаўнымі органамі, заявіў 5 снежня ў Менску на форуме прадпрымальнікаў старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка.

Паводле ягоных слоў, якой-небудзь дзейснай перамоўнай пляцоўкі ўлады і прадстаўнікоў малога бізнэсу сёння няма. Рабочая група аб прадпрымальніцтве пры Мінэканомікі - гэта "суцэльная бутафорыя, якая не прыводзіць да практычных вынікаў", піша БелаПАН.

"Праз страту даверу сёння на працоўную групу прыязджае менш за палову ўдзельнікаў, апошнім разам было 13 чалавек з трыццаці", - сказаў ён.

Шумчанка адзначыў, што асобныя чальцы рабочай групы "вядуць контрпрадуктыўную дзейнасць, якая не адпавядае інтарэсам ІП і накіраваная на раскол, звады і скандалы ў прадпрымальніцкім руху".

"У нас няма часу на пустую балбатню і гульню словаў, - сказаў лідар "Перспектывы". - Мы неяк прыйшлі на пасяджэнне рабочай групы, паднялі пытанне аб рабоце без дакументаў, а іншыя чальцы групы сказалі, маўляў, давайце пагаворым пра ўтылізацыю адкідаў".

Галоўнай памылкай фармавання рабочай групы, на думку Шумчанкі, з'яўляецца тое, што яе чальцы не выбіраюцца, а прызначаюцца. Калі б яе чальцоў выбіралі, "ім было б перад кім трымаць адказ". "Перспектыва" прапаноўвала вызначыць квоты для ўдзельнікаў рабочай групы, пры якой бы адно месца было зарэзерваванае для аднаго прадстаўніка гэта грамадскага аб'яднання і па два-тры месцы для дэлегатаў ад прадпрымальніцкага руху рэгіёнаў Беларусі.

На сёння, паводле ягоных слоў, выніковасць дзейнасці рабочай групы нулявая. "У тым выглядзе, у якім яна сёння існуе, яна шкодзіць прадпрымальнікам, таму ўлады маніпулююць і ўмела адводзяць у бок размову ад асноўных праблем, а потым рапартуюць, што ўсё добра", - сказаў кіраўнік "Перспектывы".

"Ніякага раўнапраўя ў працоўнай групе няма. Яна ператварылася ў семінар, - падкрэсліў ён. - Пытанні не развязваюцца, спадзявацца на развязанне важных праблем ІП у гэтай групе неразумна. <...> Сёння можна ўпэўнена сказаць, што рабочая група сябе дыскрэдытавала ў вачах ІП. Ад яе ўжо ніхто нічога не чакае. І гэтую сітуацыю трэба выпраўляць".

Шумчанка падкрэсліў, што "Перспектыва" выступае за захаванне рабочай групы, але яе якаснае пераўтварэнне, каб "яна стала эфектыўнай пляцоўкай для развязання пытанняў ІП, а самі прадпрымальнікі выступалі б на ёй адзіным фронтам".

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках