28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінабароны Брытаніі: Толькі NATO стрымае Расею

5
Мінабароны Брытаніі: Толькі NATO стрымае Расею

Вялікая Брытанія гатовая павялічыць выдаткі на калектыўную абарону да ўзроўню, прапанаванага Трампам.

Падчас візіту ў ЗША міністр абароны Вялікай Брытаніі Майкл Фэлан назваў Расею рэальнай пагрозай, якую здольна стрымаць толькі NATO. Ён стаў першым міністрам брытанскага ўрада, што прыехалі ў ЗША пасля абрання Трампа, піша The Guardian (пераклад - inosmi.ru).

Падчас сваёй перадвыбарнай кампаніі Трамп неаднаразова казаў аб неабходнасці ўмацавання сувязяў з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, адначасова крытыкуючы базавыя прынцыпы альянсу NATO, напрыклад, прынцып узаемнай абароны, паводле якога напад на аднаго чальца альянсу расцэньваецца як напад на ўсіх.

Такія каментары выклікалі сур'ёзную трывогу ў чальцоў NATO, напрыклад, у краінах Балтыі, якія асцерагаюцца, што, нягледзячы на іх сяброўства ў NATO, Расея можа паспрабаваць дэстабілізаваць іх.

Выступаючы ў рамках буйнога форуму, прысвечанага пытанням абароны, які праходзіў у Каліфорніі і на якім сабраліся высокапастаўленыя прадстаўнікі амерыканскага абароннага істэблішменту, Фэлан абвясціў аб укладанні 100-мільённага кантракту з каліфарнійскай кампаніяй General Atomics Aeronautical Systems на распрацоўку тэхналогій для беспілотніка Protector. Летась Вялікая Брытанія абвясціла аб тым, што яна заменіць тыя 10 беспілотнікаў, якія стаяць на ўзбраенні цяпер, 20 новымі дронамі Protector, што павінны паступіць на ўзбраенне прыкладна ў 2020 годзе.

Новы кантракт прадугледжвае паляпшэнне якасці здымкаў, што перадаюцца беспілотнікамі, а таксама ўдасканаленне камунікацыйных каналаў, бо збоі на лініі сувязі з'яўляюцца самай распаўсюджанай прычынай падзення дронаў.

Фэлан заклікаў адміністрацыю Трампа не скочвацца да ізаляцыянізму, які быў адным з асноўных лейтматываў перадвыбарнай кампаніі абранага прэзідэнта. «Па-першае, вельмі важна, каб Амерыка заставалася краінай, арыентаванай на захаванне сувязяў з іншымі дзяржавамі», - сказаў Фэлан на канферэнцыі.

Прамова міністра абароны Вялікай Брытаніі была накіраваная на тое, каб адначасова наладзіць кантакт з адміністрацыяй Трампа і адправіць выразны сігнал аб тым, што Злучанае Каралеўства ўважае NATO за краевугольны камень еўрапейскай сістэмы бяспекі.

На канферэнцыі ён заявіў, што краіны NATO знаходзяцца ў стане «стратэгічнага спаборніцтва» з Расеяй.

Фэлан патлумачыў: «Дзеянні Расеі ў Крыме і ва Украіне сталі праверкай трываласці альянсу. Трэба ўсяго толькі наведаць усходнія межы NATO, каб пранікнуцца паўсюдным вострым адчуваннем уразлівасці. Няма сэнсу прыкідвацца, што ў гэтым няма нічога незвычайнага. Дыялог з Расеяй карысны. Але палітыка стрымлівання вельмі неабходная».

«Наша адзінства адпраўляе патэнцыйным праціўнікам магутны сігнал аб нашай калектыўнай сіле. Адміністрацыя ЗША заўсёды супрацьстаяла пагрозам Расеі. Менавіта так Рональд Рэйган і Маргарэт Тэтчэр дапамаглі разбурыць жалезную заслону ў 1980-х гадах».

Фэлае, якому ўжо вядома аб прызначэнні генерала Джэймса Мэціса (James Mattis) міністрам абароны ў адміністрацыі Трампа, падкрэсліў, што чальцы NATO не павінны спадзявацца на тое, што ЗША дадуць ільвіную долю фінансавання альянсу, і павінны зрабіць свой унёсак у абаронны бюджэт.

«Цяпер перайду да другога пункта. NATO - гэта самы паспяховы вайсковы альянс, і ён прыносіць столькі ж карысці ЗША, колькі ён прыносіць Еўропе. Менавіта дзякуючы прыхільнасці прынцыпу калектыўнай абароны чальцы альянсу звярнуліся да Артыкула 5 пасля тэрактаў 11 верасня ў Амерыцы».

Але ён дадаў: «Я абсалютна згодны з вашым прэзідэнтам і абраным прэзідэнтам у тым, што многім удзельнікам NATO неабходна павялічыць выдаткі на абарону. 19 чальцоў NATO выдаткоўваюць на абарону менш за 1,5% ад ВУП. Нельга разлічваць на тое, што амерыканскія падаткаплацельшчыкі возьмуць на сябе гэты непрапарцыйны цяжар».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках