18 красавiка 2024, Чацвер, 14:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка вельмі раздражнёны татальнымі няўдачамі

57
Лукашэнка вельмі раздражнёны татальнымі няўдачамі

Аналітыкі аб адстаўцы Косінца.

Чаму Лукашэнка звольніў кіраўніцтва сваёй адміністрацыі? Ці было гэта нечаканым? Хто можа заняць гэтую пасаду?

Аналітык Раман Якаўлеўскі мяркуе, што гэтая «чыстка выкліканая незадаволенасцю працай адміністрацыі, а таксама неабходнасцю ўзмацнення вертыкалі ўлады», паведамляе «Радыё Свабода».

«Косінец, нягледзячы на свой аўтарытэт жорсткага кіраўніка, не змог забяспечыць гэта ўзмацненне вертыкалі ўлады. Таксама я адзначу, што ніякіх кантактаў на ўзроўні кіраўнікоў крамлёўскай адміністрацыі мы не бачылі. Было б лагічна, калі гэта саюзная дзяржава, каб сустракаліся не толькі міністры, але і кіраўнікі адміністрацый. Адміністрацыя ж лічыцца галоўным штабам таго ці іншага прэзідэнта. У Расеі абнавілася адміністрацыя, прыйшлі мадэрністы і нават былыя лібералы. А тут пануе «савок». Паводле некаторых звестак, таксама вельмі відавочныя кадравыя зрухі на беларускай тэлевізіі, якая з'яўляецца галоўным прапагандысцкім інструментам. Кансалідацыя вертыкалі ўлады неабходная, бо крызіс у краіне не памяншаецца».

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што кадравая палітыка Лукашэнкі абсалютна непрадказальная і ў ёй цяжка шукаць якую-небудзь логіку.

«Сёння Лукашэнка вельмі раздражнёны татальнымі няўдачамі па ўсіх азімутах. І з Масквы ён ні з чым вярнуўся, і нафтагазавае пытанне не развязанае, падае замежны гандаль. Гэта раздражненне магло выліцца проста на таго чалавека, які, відаць, штодня мазоліў вочы.

Некалькі разоў такія сімптомы выяўляліся, калі былі публічныя справаздачы аб сустрэчах Косінца з Лукашэнкам. Лукашэнка прасіў кіраўніка адміністрацыі падаваць свежыя ідэі. Але для мяне паказальна гэта слова - «нейкія» ідэі. То бок, Лукашэнка спадзяецца, што ператасоўкі гэтай калоды ён чагосьці дасягне.

Паглядзім, каго ён прызначыць. Бо не факт, што цяперашні выканаўца абавязкаў спадар Міцкевіч будзе зацверджаны. Гэта зусім не публічная асоба, гэта вузка заточаны адмысловец, юрыст. А тут трэба вырашаць шырокі спектр праблем.

Кіраўнікі адміністрацый заўсёды актыўна курыравалі выбарчыя кампаніі. Але тут гаворка не пра тое, як тэхналагічна правесці новы рэферэндум. Гэтыя версіі мне смешныя. Лукашэнку не трэба Міцкевіча прызначаць кіраўніком адміністрацыі, каб зладзіць рэферэндум. Сёння перш за ўсё неабходныя эканамічныя рэформы. (Аб палітычных тут не варта і заікацца, бо бурыць сваю сістэму Лукашэнка не хоча.) Хоць бы ў рэчышчы МВФ крокі. І тады лагічна было б на пасадзе кіраўніка адміністрацыі ўбачыць асобу кшталту Кірылы Рудога. Але яго адправілі ў ганаровую ссылку ў Кітай. Гэта значыць рэфарматары раздражняюць Лукашэнку яшчэ больш, чым выканаўцы, ад якіх сёння мала толку, бо сама сістэма забуксавала, капітальна села на мель. І ад таго, што Лукашэнка цяпер нервова будзе мяняць у гэтай сістэме нейкія вінцікі, нічога істотна не зменіцца».

Напісаць каментар 57

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках