25 красавiка 2024, Чацвер, 10:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Мы павінны самі змагацца за нашу свабоду

6
Мікалай Статкевіч: Мы павінны самі змагацца за нашу свабоду
Мікалай Статкевіч

Усіх заходніх адэптаў «эвалюцыйных» змен дыктатар хутка верне на зямлю.

Маршал Сената Польшчы Станіслаў Карчэўскі, які знаходзіцца ў Менску з двухдзённым візітам, раніцай 6 снежня сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі.

Як паведамляе БелаПАН, з беларускага боку ў сустрэчы ўдзельнічалі палітыкі Мікалай Статкевіч, Юрась Губарэвіч, Павел Севярынец, праваабаронца Валянцін Стэфановіч і іншыя.

«Размова ішла вакол магчымых змяненняў палітыкі Польшчы ў дачыненні да падтрымкі грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ Беларусі, а таксама аб кантактах парламента Польшчы з «палатай прадстаўнікоў», — распавёў старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч. — Беларускі бок быў салідарны ў дастаткова крытычнай ацэнцы гэтых магчымых зменаў».

Ён адзначыў, што «палата прадстаўнікоў» сёння «не з'яўляецца легітымным органам заканадаўчай улады, бо не была абраная на дэмакратычных выбарах». Кантакты з такім «парламентам» для палякаў «не маюць практычнага значэння, бо «палата прадстаўнікоў» не прымае палітычных рашэнняў», - уважае Губарэвіч.

Палітык таксама распавёў, што прадстаўнікі беларускага боку звярнулі ўвагу Карчэўскага на «небяспеку вядзення дыялогу толькі з афіцыйным Менскам, без дыялогу з грамадзянскай супольнасцю і прыхільнікамі еўрапейскага выбару».

Мікалай Статкевіч, каментуючы сустрэчу, заявіў: «Нашы польскія калегі, відаць, так разумеюць свае нацыянальныя інтарэсы, што іх трэба бараніць занадта літаральна. Яны ўжо, напэўна, не кажуць нашай уладзе аб дэмакратыі, сумленных выбарах, а кажуць аб саюзе палякаў, трансляцыі ў Беларусі тэлевізійнага каналу «Палёнія» і гэтак далей».

«Зразумела, што раз Беларусь кантралюе адзін чалавек, то якім-небудзь чынам справы з ім трэба мець: і палітычныя, і дыпламатычныя, і гандлёва-эканамічныя кантакты — гэта натуральна. Але мне зусім не зразумелыя міжпарламенцкія кантакты», — дадаў Статкевіч.

Ён адзначыў, што польскія парламентарыі былі абраныя на выбарах у канкурэнтнай барацьбе, а таму — не павінны садзіцца за адзін стол з тымі, хто не мае рэальных паўнамоцтваў і каго прызначылі ў «парламент» паводле прынцыпу адданасці ўладам.

На думку Статкевіча, польскія парламентарыі будуць працягваць цяперашнюю лінію на дыялог з беларускімі ўладамі датуль, пакуль Лукашэнка сваімі дзеяннямі «не верне іх назад, на зямлю». «Для нас выснова адна: за нашу свабоду ніхто не будзе ўпірацца. Нам трэба гэта рабіць самім. Таксама трэба забыцца і пра ілюзіі на нейкія павольныя эвалюцыйныя змены. Іх небяспеку цяперашняя ўлада добра разумее і на іх не пойдзе», — уважае былы палітвязень.

Польская парламенцкая дэлегацыя знаходзіцца з афіцыйным візітам у Беларусь 5-6 снежня. Учора Станіслаў Карчэўскі сустрэўся з Лукашэнкам і кіраўнікамі абедзвюх «палат» «нацыянальнага сходу».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках