27 красавiка 2024, Субота, 0:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ургант падарыў Крысціяну Лубутэну беларускія галёшы

12
Ургант падарыў Крысціяну Лубутэну беларускія галёшы

Галёшы, падораныя шоўмэнам вядомаму дызайнеру абутку Лубутэну, зробленыя ў Гомелі ў 2015 годзе.

Днямі ў гасцях у расейскага шоўмэна Івана Урганта пабываў вядомы (асабліва пасля песні гурта «Ленінград») дызайнер абутку Крысціян Лубутэн. Уласна, гэтай песняй яго і сустрэлі, а Ургант адразу заявіў, што цяпер прозвішча Лубутэн можна параўнаць з Леніным - бо песні пра правадыра сусветнай рэвалюцыі і стваральніка абутку на чырвонай падэшве аднолькава папулярныя, піша kp.by.

Крысціян Лубутэн сказаў, што сапраўдныя туфлі ён заўсёды зможа вызначыць праз пах.

- Мы хочам зрабіць вам падарунак. Мы доўга думалі, што лучыць Вас, чалавека, які прыдумаў чырвоную падэшву і зрабіў яе знакам якасці і прыгажосці, і нашу вялікую краіну, у якой часам бывае такое жахлівае надвор'е, - жартаваў Ургант.

На гэтых словах Іван дастаў з-пад стала «легендарныя савецкія галёшы».

- Яны зробленыя ў Гомелі ў 2015 годзе, - заўважыў Ургант, разглядаючы надпіс на падэшве. - У Гомелі дагэтуль Савецкі Саюз.

- Я маю ідэю, - адказаў Лубутэн. - Гэты сімвал Савецкага Саюза будзе абараняць лубутэны! Дастаткова, каб яны былі на два памеры большыя, і тады, калі ідзе снег, як сёння, можна будзе надзяваць іх зверху.

- Тут большасць іх так і носіць! І, самае галоўнае, пахне добрай спартовай крамай, - не сунімаўся Ургант.

ФОТА: СКРЫНШОТ ВІДЭА 1TV.RU

- Акурат пахне фальшывым Лубутэнам! – засмяяўся дызайнер абутку.

Дарэчы, галёшы былі невялікага памеру, і на туфлі Лубутэна не налезлі.

А мы наважылі даведацца, дзе іх вырабляюць у Гомелі, і – усякае бывае - падарыць Крысціяну Лубутэну галёшы правільнага памеру! Калі ўжо Ургант не парупіўся пра яго даведацца.

Мы абтэлефанавалі некалькі абутковых прадпрыемстваў Гомеля. Выявілася, што вырабляў галёшы гумовыя клееныя Гомельскі завод хімічных вырабаў. Але якая прыкрасць! Ён збанкрутаваў і ўжо не працуе, а цэх для вырабу галёшаў замкнёны больш як год.

Але ў беларускіх крамах усё яшчэ можна знайсці рэшткі партый галёшаў, вырабленых у Гомелі. І, як высветлілася дзякуючы перадачы «Вечерний Ургант», у Маскве таксама.

ФОТА: СКРЫНШОТ ВІДЭА 1TV.RU

Мы паспрабавалі знайсці дакладна такія ж у Менску.

У гандлёвых цэнтрах сталіцы надзвычай здзівіліся таму, што камусьці спатрэбіліся галёшы, якія зрабілі ў Гомелі.

У тэлефоннай даведцы ГУМа кажуць, што галёшы ёсць. Мы ўжо амаль ладзімся ехаць. А не! Вось і не тыя. Выяўляюцца менскімі.

Падобная сітуацыя і ў ЦУМе.

- Так, прыходзьце, шмат памераў, можна выбраць! - кажуць, там. - А вам менавіта гомельскія? Не, у нас толькі менскія і расейскія.

Ужо і не спадзяемся знайсці галёшы з Гомеля. Але знаходзім. У гандлёвым цэнтры «Беларусь».

- Якія, на валёнкі або проста на нагу? - ўдакладняюць ў краме.

Пасля доўгіх пошукаў кажуць, што ёсць толькі на валёнкі.

- А звычайныя, якія без валёнак, бываюць?

- Цяпер зіма, не сэзон наогул. Ці з'явяцца найбліжэйшым часам, не ведаем. Каштуюць такія, з чырвонай вусцілкай, 11 рублёў за пару.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках