20 красавiка 2024, Субота, 3:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады даюць задні ход?

68
Улады даюць задні ход?

«Дармаедаў», што не выплацілі падатак, пакуль штрафаваць не будуць.

З аднаго боку ўлады не гатовыя адмовіцца ад скандальнага дэкрэта аб «дармаедстве», а з іншага, мабыць, баяцца негатыўных наступстваў у выпадку прымянення санкцый да «дармаедаў», што не заплацілі падатак, піша belaruspartisan.org.

Нагадаем, напярэдадні на нарадзе ў Лукашэнкі абмяркоўвалі прымяненне самага скандальнага яго дэкрэта аб «дармаедстве».

Падчас абмеркавання Лукашэнка прызнаў, што дэкрэт мае шэраг недахопаў, але заявіў, што ўлады не маюць намеру ад яго адмаўляцца. Маўляў, здаровыя людзі ў працаздольным узросце павінны працаваць і плаціць падаткі. У выніку Лукашэнка даручыў дапрацаваць дэкрэт.

Як заявіла паводле вынікаў нарады віцэ-прэм'ер Наталля Качанава, змены ў дэкрэт ўнясуць да канца года.

Акрамя таго, што будзе пашыраны спіс асоб, якіх вызваляць ад выплаты падатку на «дармаедства», мясцовыя органы ўлады таксама атрымаюць права вызваляць ад выплаты падатку тых, хто «аказаўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі».

Да снежня падатковыя органы адправілі больш за 70 тысяч паведамленняў «дармаедам», хоць, згодна з тым жа дэкрэтам, завяршыць «падлік» «дармаедаў» яны абавязаны былі яшчэ ў кастрычніку.

Пры гэтым, як расказала падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА намесніца начальніка ўпраўлення падаткаабкладання грамадзян, дэкларавання даходаў і маёмасці галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб МПЗ Марына Побаль, 15 тысяч грамадзян, гэта значыць амаль чвэрць атрымалі «лісты шчасця» з падатковай, давялі, што яны не «дармаеды».

З ейных слоў, для таго, каб давесці, што ты - не «дармаед», у падатковую ісці не абавязкова. Дастаткова накіраваць дакументы па пошце альбо ў электронным выглядзе праз электронны сэрвіс «Электронны зварот» на сайце МПЗ.

Чыноўніца таксама паведаміла, што ад выплаты падатку ў казну паступіла 3 млн рублёў (з іх - 1 млн ад тых, хто заплаціў падатак з 10%-й зніжкай).

Пакуль улады вырашылі не прыцягваць да адказнасці тых, хто не заплаціў падатак.

«У сувязі з планаваным унясеннем змяненняў у дэкрэт фізічныя асобы, у якіх наступіў тэрмін выплаты 15 лістапада, часова не будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці да ўстанаўлення канкрэтных тэрмінаў выплаты», — распавяла Марына Побаль.

З ейных слоў, гаворка ідзе аб тых грамадзянах, якім паведамленні накіроўваліся ў кастрычніку і выплаціць падатак трэба было да 15 лістапада. У тых жа, хто атрымаў паведамленні пасля 15 лістапада тэрмін выплаты — 30 дзён з моманту атрымання паведамлення.

Аднак, як кажа юрыст прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Юрый Белякоў, «лісты шчасця» з падатковай надрукаваныя звычайна на друкарцы, на іх няма ні пячаткі, ні подпісу, таму на іх наогул можна ніяк не рэагаваць.

«Калі чалавек на такі ліст не адрэагаваў, то яму за гэта нічога не будзе. Праўда, інспектар можа трапіцца прынцыповы, спаганяць пеню або спрабаваць атрымаць гэтыя грошы праз адміністрацыйны суд. Але пакуль такіх выпадкаў яшчэ не было», - сказаў юрыст.

Нагадаем, паводле дэкрэту Лукашэнкі беларусы, якія не працавалі летась больш за 183 дні, павінны былі заплаціць Br360 да 15-га лістапада. Але ў сувязі з тым, што падаткавікі з падлікам «дармаедаў» не справіліся, працэс зацягнуўся.

Тым не менш за нявыплату падатку на дармаедства прадугледжаны штраф, а для тых, што адмовілі заплаціць штраф - суд і адміністрацыйны арышт.

Парадак прыцягнення «дармаедаў» да «грамадска-карысных работ» вызначыў Савет міністраў.

Але беларусы, якія аказаліся без працы, і атрымалі з падатковай «лісты шчасця», заяўляюць, што плаціць гэты падатак не будуць, таму што няма чым. Пры гэтым хтосьці гатовы нават за гэта «адседзець», а хтосьці абураецца ўладай, якая «так ненавідзіць сваіх людзей».

Напісаць каментар 68

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках