29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мустафа Джамілеў: Беларускія ўлады дзейнічаюць, як халопы Масквы

13
Мустафа Джамілеў: Беларускія ўлады дзейнічаюць, як халопы Масквы
Мустафа Джамілеў

Такая палітыка небяспечная для самой Беларусі.

Пра гэта ў інтэрв'ю charter97.org заявіў лідар крымска-татарскага народа, упаўнаважаны прэзідэнта Украіны Мустафа Джамілеў.

- Як вы пракаментуеце спробу беларускай дэлегацыі ў ААН сарваць рэзалюцыю аб Крыме?

- Беларуская дэлегацыя дзейнічала спраўна, як сатэліт Масквы. Яна выконвала заказ Масквы, але вельмі няўдалы. Таму што іх рэзалюцыя не атрымала нават тых 23 галасоў, якія былі супраць. Гэта была нязграбная спроба сарваць галасаванне і яна правалілася. Акрамя таго, Беларусь, як спраўны халоп Масквы, прагаласавала ў падтрымку Масквы, супраць нашай рэзалюцыі, таксама як і Паўночная Карэя, Арменія і некаторыя іншыя малазначныя дзяржавы. Такая, на жаль, пазіцыя вельмі недальнабачная і небяспечная і для самой Беларусі.

Тое ж можна сказаць і пра Казахстан. Назарбаеў матывуе сваю пазіцыю тым, што, маўляў, у яго на поўначы ёсць праблемы з расейцамі і, калі яны не будуць падтрымліваць Расею ў яе памкненнях, то ім могуць стварыць праблему ў паўночных рэгіёнах. Але гэта вельмі недальнабачная палітыка, таму што Расея можа ў любы час зладзіць правакацыі, і тады Казахстан не будзе каму абараняць. Таму што калі ты не прынцыповы, калі ты не абараняеш, не выказваеш сваю пазіцыю, калі парушаецца права іншых краін, то хто ж цябе абароніць?

Такая ж сітуацыя і ў Беларусі. У вас вельмі шмат праблем, звязаных з Расеяй: і гандаль, і велізарная агульная няўзброеная мяжа. Але для таго, каб сябе засцерагчы, забяспечыць свой суверэнітэт, Беларусі трэба прытрымлівацца больш прынцыповай пазіцыі.

- Не ў першы раз беларуская дэлегацыя ААН фактычна прызнае Крым расейскай тэрыторыяй. Як Лукашэнка можа быць хаўруснікам Парашэнкі ў гэтай сітуацыі? Трэба сказаць, стасункі паміж кіраўнікамі дзвюх дзяржаў — дэмакратычнага і дыктатарскага — дастаткова дружалюбныя.

- Украіна імкнецца не псаваць стасункі ні з кім, але да пэўнага моманту. Пасля таго галасавання Беларусі ў асамблеі ААН былі непрыемныя размовы. Выклікалі пасла, пыталіся: «У чым справа?», «Чаму так?».

Але наогул, я думаю, менскі фармат правядзення перамоў не зусім правільны. Гэтыя перамовы фактычна праводзяцца на тэрыторыі Расеі. Мой пункт гледжання, што гэты фармат трэба мяняць.

Перамовы трэба весці на базе Будапешцкага мемарандума з краінамі-гарантамі, і да іх могуць далучыцца іншыя краіны, у тым ліку і прадстаўнікі Еўрапейскага Звязу і краін Чарнаморскага басейна. Праблема ў тым, што Расея наогул не ідзе ні на якія размовы. Яна зыходзіць з таго, што Крым – гэта тэрыторыя Расеі, маўляў, пытанне закрытае і яны ні з кім не будуць яго абмяркоўваць. У гэтай сітуацыі адзінае, што можна зрабіць – гэта ўзмацненне і яшчэ раз узмацненне санкцый. Выйсця іншага няма.

Калі я выступаў у Радзе Бяспекі ААН, практычна ўсе краіны выступілі ў падтрымку санкцый супраць Расеі, толькі, калі не памыляюся, Сенегал сказаў, што яны супраць, што патрэбна дыскусія. Я ім адказаў: «Мы таксама за дыскусію, але што вы загадаеце рабіць, калі вам адказваюць, што з вамі няма аб чым дыскутаваць? Было ваша – стала наша! Што вы будзеце рабіць?» У адказ атрымаў маўчанне. Такая сітуацыя.

- Вы заўсёды стаіце на маральных пазіцыях і заклікаеце Захад быць прынцыповымі ў дачыненні да рэжыму Пуціна і акупацыі Крыма. Як вы можаце пракаментаваць, што кожны новы дэмакратычны ўрад Украіны (так было і пасля Аранжавай рэвалюцыі, так адбылося і пасля Еўрамайдана) працягвае супрацоўніцтва з дыктатурай у Беларусі? У нашай краіне таксама выкрадаюць і забіваюць апазіцыянераў, як і ў Крыме.

- Цяпер Украіна ў цяжкім становішчы, мець вакол адкрытых праціўнікаў вельмі складана. Я думаю, украінскае кіраўніцтва прыкладае максімум намаганняў, каб не ўскладняць узаемаадносіны з іншымі краінамі. Але ўсё-такі Беларусь і Расею на адну дошку ставіць нельга. Беларусь не захоплівала нашы тэрыторыі.

Вядома, абраная пазіцыя шкодная для самой Беларусі ў першую чаргу, але і для нас таксама. Аўтарытэт Беларусі ад таго, што яна падтрымлівае Расею, будзе толькі падаць. Але Лукашэнка, мабыць, больш занепакоены не будучыняй Беларусі, не яе прэстыжам, а ўмацаваннем уласнай улады.

- Чаму, калі Парашэнка прыязджае ў Менск, ён не сустракаецца з лідарамі апазіцыі, як гэта робяць еўрапейскія палітыкі?

- На мой погляд, гэта не правільна. Думаю, Парашэнка асцерагаецца, што сустрэчы з апазіцыяй прывядуць да пагаршэння стасункаў, а ён гэтага не хоча. Але я думаю, у гэтым выпадку кампраміс немагчымы, трэба мець выразную і ясную пазіцыю ўсюды!

- Сёння экспэрты аднадушныя ў меркаванні, што Лукашэнка, у выпадку жадання Пуціна напасці на Украіну з тэрыторыі Беларусі, не зможа спыніць расейскія войскі. У 2017 годзе Расея плануе перакінуць у Беларусь больш за 4000 вагонаў з вайсковай тэхнікай і асабістым складам. Ці разумее сёння кіраўніцтва Украіны, якую вайсковую пагрозу нясе несамастойны рэжым Лукашэнкі?

- Я думаю, што ніякая вайсковая тэхніка цяпер не ўратуе рэжым Пуціна. Таму што, калі пуцінскі рэжым нічога не змог зрабіць з Украінай у 2014 годзе, калі ў нас узброеныя сілы былі практычна на нулі, тым больш цяпер ён не зможа. Пуцін у першую чаргу павінен падумаць колькі тысячаў трупаў будуць везці назад у Расею, і як гэта будзе ўспрынята грамадскасцю Расейскай Федэрацыі. Таму гэта, хутчэй за ўсё, проста «бразганне».

Але не выключаецца, што яны пойдуць на такую авантуру, бо Расея – гэта такая краіна, якая не кіруецца вялікімі нацыянальнымі інтарэсамі. Таму што калі б Пуцін кіраваўся інтарэсамі сваёй дзяржавы, то ён ні ў якім выпадку не акупаваў бы Крым, не псаваў бы стасункаў з краінай, якая так блізкая па моўных і рэлігійных матывах да Расеі. Ён гэтага не зрабіў. Таму можна чакаць нейкіх іншых крокаў, але ўсё гэта будзе абарочвацца супраць самой Расеі. Вядома, мы таксама будзем несці велізарныя страты, але для Расеі гэта будзе правал.

- Многія экспэрты кажуць, што да 2018 годзе, да свайго новага прэзідэнцкага тэрміну, Пуцін павінен акупаваць якую-небудзь яшчэ тэрыторыю. Называюцца Малдова, Беларусь і іншыя. Хто можа быць наступным, на вашу думку?

- Па-першае, я не ўпэўнены, што рэжым Пуціна дацягне да 2018 года. Цяпер эканоміка Расеі ў такой сітуацыі, што не да вайсковых авантур. З іншага боку, Пуцін у першую чаргу думае аб сваім рэйтынгу ўнутры краіны. Так склалася гісторыя гэтай краіны, што экспансія чужых тэрыторый выклікае не такую рэакцыю, як у цывілізаваных краінах. Яна выклікае захапленне. «Мы такія моцныя! Мы яшчэ што-небудзь захопім!» А гэта, па вялікім рахунку, наносіць велізарную шкоду самой Расеі.

Зараз ВУП Расеі трохі меншы толькі адной Італіі і блізкі да ВУП Гішпаніі. Гэта пры тым, што плошча Расеі ў 50 разоў большая за Італію, а насельніцтва - у 2,5 разы. Але Пуцін упэўнены, што ён прыняў вельмі радыкальныя меры, якія ахоўваюць яго асабістую ўладу. Гэта і рэзкае павелічэнне розных карных структур, і павелічэнне ўнутраных войскаў да 400 тысяч. Але ўсё часова.

Савецкі Саюз у параўнанні з цяперашняй Расеяй быў сапраўды звышдзяржавай з магутнай эканомікай і яшчэ ў сярэдзіне 1980-х гадоў немагчыма было ўявіць, што краіна разваліцца. А перспектывы разваліцца ў Расейскай Федэрацыі значна большыя, чым у Савецкага Саюза.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках