25 красавiка 2024, Чацвер, 12:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Багданкевіч: Даляр будзе каштаваць мінімум 30 тысяч

23
Станіслаў Багданкевіч: Даляр будзе каштаваць мінімум 30 тысяч
Станіслаў Багданкевіч

Трэба змяняць урад, які давёў эканоміку да краху.

Пра гэта ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» распавёў былы старшыня Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч.

- Паводле майго глыбокага пераканання, нам трэба думаць перш за ўсё аб узроўні інфляцыі, бо мы ўсе атрымліваем заробкі, пенсіі, выплаты ў беларускіх рублях, а не ў далярах ці еўрах.

Галоўным паказчыкам і для ўрада, і для Нацбанку павінен быць узровень інфляцыі.

Мяне турбуе, што інфляцыя паводле афіцыйных звестак не зусім адлюстроўвае рэаліі. Калі кошты штодня растуць на ўсе тыпы тавараў першай неабходнасці, транспарт, камунальныя паслугі, электрычнасць, газ і гэтак далей, а потым абвяшчаюць, што рост за год толькі 12%... Такі паказчык выклікае вялікія сумневы.

Што тычыцца валютнага курсу, няма чаго на яго звяртаць увагу! Калі інфляцыя будзе нармальная, то падзенне валютнага курсу дапаможа развіццю ўнутранага рынку, скарачэнню імпарту. Гэта, вядома, не зусім добра, але гэта меншае зло, чым рост коштаў у самой краіне. Яны павінны думаць пра эканоміку, а не пра курс.

Гадаць мне надакучыла. Валютны курс залежыць ад мноства фактараў.

Адзін з такіх - наяўнасць рэзерваў. Калі сёння ў краіне няма рэзерваў - паводле афіцыйных звестак іх толькі 4 мільярды даляраў, а жывых рэзерваў толькі 2 мільярды, бо астатняе - гэта міжнародныя пазыкі, золата-брыльлянты і гэтак далей, а толькі на першы квартал трэба выплачваць запазычанасці на 2 мільярды - то натуральна, гэта вялікая пагроза дэфолту. І, вядома, пагроза далейшага падзення валютнага курса.

Іншы паказчык, напрыклад, - сумленнасць замежнага гандлю, экспарту-імпарту. Але галоўны паказчык - гэта развіццё эканомікі. Валютны курс у выніку - гэта зводны паказчык, які адлюстроўвае стан эканомікі. Стан дрэнны – значыць, трэба правесці рэформы, а не заяўляць, што іх не дапусцім. Трэба змяняць урад, які давёў да краху эканоміку.

Даў бы нам Захад і Усход блізу 5-6 мільярдаў, можна было б выйсці на больш прымальны курс. Але крэдыты нам не патрэбныя.

Калі крэдытаў не будзе, будзе мінімум 30 тысяч за даляр да канца года. Мы прадаўжаем прасіць крэдыты ў Міжнародным валютным фондзе, у Расеі таксама. Незразумела толькі, для чаго Лукашэнка з'ездзіў у Сочы. Што ён прывёз - не гаворыць народу. Мабыць, перамовы прадаўжаюцца.

Але я згодны з Леанідам Заікам, які летась не раз казаў, што нам не патрэбныя новыя крэдыты. Нам патрэбныя крэдыты толькі тады, калі мы перабудоўваем кіраванне эканомікай, мяняем эканамічную мадэль на больш эфектыўную. А ці не на падтрыманне «статус-кво», якім ёсць падзенне ВУП на 4% за год, падзенне прадукцыйнасці працы на 3%, падзенне ўзроўню рэальнага заробку.

На гэты «статус-кво» нам не патрэбныя крэдыты. Лепш хай падае! Можа быць, тады возьмемся за галаву і зоймемся ажыўленнем эканомікі. Я штодня чую гэтую «лоўлю блох», што яшчэ нешта абкладзецца падаткамі. Трэба, наадварот, скараціць падаткі, а для гэтага трэба скараціць непрадукцыйныя выдаткі, чыноўнікаў, выдаткі на сілавыя структуры. А гэтага нічога не робіцца.

Беларуская эканоміка не залежыць ад нафты, гэта адгаворкі.

Нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы ў нас і сёння рэнтабельныя. Мы самыя вялікія даходы маем ад нацыянальных прыродных рэсурсаў, ад калійных соляў, напрыклад, вялікія даходы ад транспарту газу - яго мы прадалі Расеі, але маем з яго падаткі. Гэта проста перакладанне адказнасці ўладаў на нафту, на «сусветны крызіс».

Вядома, ускосная залежнасць ад кошту нафты ёсць - яна звязаная з тым, што Расея «загінаецца», таму не можа купляць загадзя выстаўленыя аб'ёмы нашы тавары. Менш можам прадаць Расеі - але сусветнага крызісу няма! Паводле апошніх звестак, рост сусветнай эканомікі складае 2,4%.

Крызіс ёсць толькі сярод сыравінных краін - у Расеі, Венесуэле... Там крызіс, а сусветнага крызісу няма. У той жа Літве пяць гадоў запар валавы прадукт узрастаў у сярэднім на 3,6%. Сталы рост валавога прадукту ў Польшчы, ніводнага года няма, каб зніжаліся аб'ём вытворчасці. Ідзе сталы рост ВУП у апошнія гады ў ЗША, Нямеччыне. У Кітаі - так, ужо не 7,5-10%, а ўсяго 6,9%, але гэта рост!

Адкуль нашы ўлады бачаць сусветны крызіс? Трэба проста прадаваць нашы тавары не ў Расею, а ў Еўропу, Злучаныя Штаты, Канаду, Паўднёвую Амерыку, Далёкі Усход, Аўстралію...

Хіба няма рынкаў там, дзе развіваецца эканоміка? Трэба мяняць эканамічную палітыку. Вось уклалі эканамічны саюз з Усходам - і бачым, што на траціну упаў гандаль з Усходам. Напэўна, дапусцілі памылку!

Раней сайт charter97.org паведамляў, што прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў даў новы прагноз: пры 30 далярах за барэль нафты і 80 расейскіх рублях за даляр курс беларускага рубля да даляра складзе 22719 рублёў. Два месяцы таму прагноз быў на чатыры тысячы больш аптымістычны. Сёння ж даляр ужо каштуе 22 тысячы.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках