19 красавiка 2024, Пятніца, 18:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнік МЗС Польшчы: Крэмль хоча не будаваць, і разбураць

2
Кіраўнік МЗС Польшчы: Крэмль хоча не будаваць, і разбураць
ФОТА: РІА Новости

У расейскай улады імперскія, агрэсіўныя дамаганні, яна вядзе ўжо трэцюю вайну.

«Польска-расейскія стасункі цяпер найгоршыя» - такі тэзіс апошнім часам можна часта пачуць з вуснаў тых, хто займаецца кантактамі паміж Польшчай і Расеяй. Смаленская катастрофа, пытанне вяртання рэшткаў прэзідэнцкага Ту-154М - пра гэта і не толькі міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі пагутарыў з «Радыё Польшча».

- Міністр культуры Расеі Уладзімір Мядзінскі заявіў, што расейская старана хацела б пачаць падрыхтоўку да шостай гадавіны Смаленскай катастрофы, аднак не можа гэтым заняцца, бо Польшча маўчыць з нагоды помніка ахвярам трагедыі. Як Вы можаце гэта пракаментаваць?

- Рэшткі самалёта, які разбіўся тады пад Смаленскам, усё яшчэ знаходзяцца на тэрыторыі Расеі. Расейцы не супрацоўнічаюць з польскай стараной у пытанні расследавання прычын смаленскай катастрофы, расейская старана не жадае аддаваць чорныя скрыні ды іншыя рэчыўныя довады, якія тычацца справы. Расейская старана не выказала згоды на ўсталяванне помніка. Праект гэтага помніка даўно быў перададзены ў Расею, аднак, расейскай старане ён не спадабаўся, таму яна не дазволіла пачаць будаўніцтва.

- Як Вы ацэньваеце шанцы таго, што Расея неўзабаве аддасць рэшткі прэзідэнцкага Ту-154М? Мы часта чуем ад палітолагаў, што для Расеі гэта пытанне палітычнай волі.

- Менавіта такі адказ мы пачулі некалькі тыдняў таму. Мой намеснік Марэк Зюлкоўскі быў у Маскве, сустракаўся са сваім калегам, намеснікам міністра замежных спраў Расеі Цітовым. Ад яго ён пачуў, што гэта пытанне палітычнай пастановы, якая можа быць прынятая ў найвышэйшых эшалонах расейскай улады. Расейская старана ўспрымае рэшткі самалёта як інструмент для закулісных гульняў у дзвюхстаронніх польска-расейскіх стасунках. Яны выкарыстоўваюць рэшткі як раздражняльнік, як нешта, што будзе нас злаваць. Мы, у сваю чаргу, адказваем: чым даўжэй вы ўтрымліваеце рэшткі ў Расеі, тым больш вы пераконваеце нас у думцы, што Расея мае што хаваць, што ўсё выглядала зусім інакш, што ўсё пайшло не так, як казалі вашы крыніцы - Міжнародны авіяцыйны камітэт пад кіраўніцтвам Таццяны Анодзінай. Раз катастрофа, напэўна, выглядала інакш, Крэмль не хоча аддаць рэшткі, якія могуць стаць довадам у высвятленні сапраўдных абставін здарэння ў 2010 годзе.

- Якімі аргументамі валодае Польшча, што Вы плануеце зрабіць для вяртання рэшткаў?

- Мы і далей у дзвюхстароннім фармаце будзем заклікаць Расею вярнуць рэшткі самалёта. Калі ж Расейская Федэрацыя будзе ўпарта ўстрымлівацца ад вяртання польскай уласнасці (рэшткі прэзідэнцкага самалёта - гэта ўласнасць польскай дзяржавы), мы будзем вымушаныя вынесці смаленскую справу на міжнародны ўзровень. Будзем звяртацца ў розныя камісіі, міжнародныя суды - давядзецца з Расеяй судзіцца.

- Як Вы мерыцеся ладзіць дачыненні з Расеяй, з Крамлём?

- З сённяшнімі ўладамі ў Крамлі цяжка... Крэмль хоча разбураць, а не ствараць стасункі ў Еўропе. Расейскія ўлады вядуць палітычную гульню з астатнім светам, напрыклад, з Еўропай, ЕЗ. У гэтай уладзе імперскія, агрэсіўныя дамаганні, яна вядзе ўжо трэцюю вайну. Пасля Грузіі і Украіны яна пачала ваенныя дзеянні ў Сірыі. У такой сітуацыі вельмі складана стварыць атмасфэру супрацоўніцтва, узаемнага даверу і думаць аб стварэнні чагосьці.

- Спадар міністр, ці праўда тое, што праз паўгода санкцыі Захаду ў дачыненні да Расеі не будуць падоўжаныя? Усё часцей мы чуем выказванні пра тое, што санкцыі не прыносяць вынікаў, што варта іх прыпыніць і аднавіць эканамічныя, гандлёвыя кантакты, пачаць зарабляць грошы.

- Яшчэ рана казаць пра тое, што дзеянні санкцый будуць змененыя або прыпыненыя. У нас няма падстаў касаваць санкцыі, калі не будуць развязаныя крымскія, данбаскія пытанні, калі не будзе пастаўленая кропка ва удзеле Расеі ў вайне супраць Украіны, у падтрымцы бунтаўнікоў на Данбасе. Той, хто ў гэтай сітуацыі хоча гандляваць каўбасой, нафтай і газам, павінен перакрэсліць усе дасягненні міжнароднага права, якое не адно дзесяцігоддзе фармавалася так, а не інакш з мэтай выключэння вайны як інструмента ў развязанні міжнародных спрэчак. Хай такія палітыкі прымуць тады норму, што гвалтоўная змена меж у Еўропе ў XXI стагоддзі з'яўляецца легальнай і дапушчальнай. Гэта азначала б, што мы вяртаемся да міжнародных нормаў дзвюхсотгадовай даўніны.

- Пазіцыя Польшчы не змянілася? Санкцыі трэба падаўжаць?

- Мела месца парушэнне міру, былі парушаныя міжнародныя нормы, мела месца гвалтоўная змена меж, таму наша пазіцыя не змянілася. Такія дзеянні не могуць застацца беспакаранымі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках