28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскія грэка-каталікі пачуваюцца здраджанымі Ватыканам

6
Украінскія грэка-каталікі пачуваюцца здраджанымі Ватыканам
ФОТА З САЙТУ SIB-CATHOLIC.RU

Калі Ватыкан і Масква арганізуюць сустрэчы або падпісваюць нейкія агульныя тэксты, то ад гэтага не варта чакаць нічога добрага.

Ва Украінскай грэцка-каталіцкай царкве скептычна ацэньваюць сустрэчу папы рымскага Францішка з патрыярхам Расейскай праваслаўнай царквы Кірылам, заявіў старшыня УГКЦ Любамір Шаўчук.

У пятніцу кіраўнікі двух вялікіх сусветных галін хрысціянства правялі сустрэчу на Кубе, якая стала першай сустрэчай такога кшталту з XI стагоддзя, калі хрысціянства раскалолася на ўсходняе і заходняе.

«Безумоўна, гэты тэкст выклікаў глыбокае расчараванне сярод шмат якіх вернікаў нашай царквы і проста неабыякавых грамадзян Украіны», - цытуе сайт УГКЦ каментар Шаўчука з нагоды выніковай заявы, падпісанай на сустрэчы ў Гаване.

«Сёння шмат хто звяртаўся да мяне з гэтай нагоды і казаў, што пачуваецца здраджаным Ватыканам, расчараванымі палавіністай праўдай у гэтым дакуменце і нават ускоснай падтрымкай з боку апостальскай сталіцы агрэсіі Расеі супраць Украіны. Я, вядома, разумею гэтыя пачуцці», - працягнуў Шаўчук.

Статус УГКЦ, якая падпарадкоўваецца Ватыкану, але пільнуецца пераважна ўсходняга абраду, застаецца вострай тэмай у стасунках Рымска-каталіцкай царквы і Маскоўскага патрыярхату.

У супольнай дэкларацыі царкоўныя лідары выказалі спадзяванне, што іхняя сустрэча зробіць унёсак у прымірэнне ў тых сфэрах, дзе існуюць супярэчнасці паміж грэка-католікамі і праваслаўнымі. На думку Папы і патрыярха, мінулыя метады «уніяцтва» не з'яўляюцца шляхам аднаўлення адзінства, аднак царкоўныя суполкі, якія з'явіліся ў выніку гістарычных абставін, маюць права існаваць.

«З нашага шматгадовага досведу можна сказаць: калі Ватыкан і Масква арганізуюць сустрэчы або падпісваюць нейкія агульныя тэксты, то нам не варта чакаць ад гэтага нічога добрага», - дадаў Шаўчук.

Са слоў лідара УГКЦ, пункты ў супольнай заяве двух царкоўных лідараў, прысвечаныя Украіне, выклікаюць у яго больш пытанняў, чым адказаў: сярод іншага, 26-ы пункт, дзе патрыярх і папа заклікаюць усе стораны канфлікту да разважлівасці, грамадскай салідарнасці і актыўнай міратворчасці.

«Ствараецца такое ўражанне, што Маскоўская патрыярхія або ўпарта не прызнаецца, што з'яўляецца стараной канфлікту, гэта значыць публічна падтрымлівае агрэсію Расеі супраць Украіны [...] або звяртаецца перш за ўсё да свайго сумлення, заклікае саму сябе да разважлівасці, грамадскай салідарнасці і да чыннага стварэння супакою», - сказаў кіраўнік украінскіх грэка-каталікоў.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках