28 красавiка 2024, Нядзеля, 13:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцебскія актывісты з песняй звярнуліся да мясцовых чыноўнікаў

2

Актывісты зрабілі кліп, прысвечаны іх двухгадовай барацьбе за будаўніцтва паліклінікі ў шматтысячным мікрараёне Білева.

Відэаролік, размешчаны на youtube.com, мае сатырычны змест. За кадрам гучыць вядомая народная песня «Ад панядзелка да панядзелка», паведамляе «Радыё Свабода». А глядач тым часам бачыць відэакліп з фотаздымкамі, зробленымі падчас акцыі кампаніі «За якасную медыцыну ў Віцебску», у тым ліку прысвечаны змаганню віцяблян за будаўніцтва паліклінікі ў Білеве.

На адным з фотаздымкаў - каардынатарка аргкамітэта ў стварэнні партыі БХД Таццяна Севярынец. Яна і распавяла, як нарадзілася ідэя «з песнямі» змагацца супраць абыякавасці чыноўнікаў.

«12 студзеня мы хадзілі на прыём у віцебскі гарсавет. Прыйшлі з пытаннем, куды зніклі грошы, якія прызначаліся на паліклінічны комплекс у мікрараёне Білева, які жыхарам Віцебска абяцаюць з 2010 года? Падчас сустрэчы стала вядома, што і ў праграму на 2016 год паліклініка для мікрараёна з больш як 20-тысячным насельніцтвам не патрапіла. Паўстала пытанне: дзе ж грошы? Бо ўжо быў анансаваны праект, людзі чакаюць. На гэта і іншыя пытанні абяцаў адказаць старшыня Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Уладзімір Бялевіч ў прысутнасці галоўнага лекара горада Станіслава Цітовіча, галоўнага архітэктара Андрэя Макеева і начальніка гарадскога аддзела адукацыі Ігара Кіруценкі. Адказ быў адзін: грошай няма. Ні на гэтую ўстанову, праз адсутнасць якой людзі едуць з Білева ў іншыя паліклінікі, ствараючы велізарныя чэргі да спецыялістаў, ні на астатнія аб'екты. Мы, трое актывістаў, агучылі пажаданне, каб на сайце гарсавета або гарвыканкама стварылі спецыяльную старонку для справаздачы аб выкарыстаных народных грошах. Бо няма грошай дзяржаўных, а ёсць грошы падаткаплацельшчыкаў, нашы грошы!», - сказала Таццяна Севярынец.

«Нам стала крыўдна і непрыемна, і мы наважылі «павіншаваць» віцебскіх чыноўнікаў такой «антываленцінкай». Сабралі розныя фатаграфіі, знайшлі ў інтэрнэце музыку да песні, перарабілі словы ды праспявалі. І выклалі усё ў інтэрнэт як раз 14 лютага, каб усе ўбачылі, як віцебскія чыноўнікі «любяць» сваіх землякоў», - распавяла актывістка.

У відэакліпе гучаць прозвішчы адказных чыноўнікаў, і канстатацыя іх дачынення да праблемы: «Нас не чуюць, нас не бачаць, мы ім — пыл і бруд. Дзе ж знайсці нам абарону, каб не быў капут?»

Актывісты спяваюць і пра тое, што не збіраюцца здавацца: «Трэба ўзяцца ўсім нам разам добра правучыць тую ўладу, што ўсё забрала, усё, як мае быць».

Ініцыятыва «За якасную медыцыну ў Віцебску» ужо другі год дамагаецца будаўніцтва абяцаных медыцынскіх устаноў, заканчэння доўгатэрміновых рамонтаў і рэканструкцый паліклінік і бальніц. За гэты час ініцыятыва пашырылася і за межы абласнога цэнтра - у іншыя населеныя пункты Віцебшчыны, дзе сітуацыя з медыцынскім абслугоўваннем часам яшчэ горшая, чым у Віцебску.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках