28 красавiка 2024, Нядзеля, 8:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі спорт ліхаманіць услед за эканомікай

4
Беларускі спорт ліхаманіць услед за эканомікай
Фотa: Sputnik/Алексей Куденко

Праз фінансавыя праблемы адразу некалькі каманд гульнявых тыпаў спорту могуць зняцца з чэмпіянатаў Беларусі.

Экспэрты «Нямецкай хвалі» ўпэўненыя, што гэта знізіць узровень спаборніцтваў у краіне агулам.

Складаная сітуацыя ў эканоміцы краіны негатыўна ўплывае і на беларускі спорт. Праз фінансавыя праблемы ўжо спынілі існаванне некалькі каманд з гульнявых тыпаў спорту. Крызіс закрануў нават хакей з шайбай, нягледзячы на асаблівае стаўленне да яго Аляксандра Лукашэнкі.

Да апошняга часу спартовыя клубы Беларусі маглі разлічваць на дапамогу ў адпаведнасці з указам дыктатара №191 «Аб наданні падтрымкі арганізацыям фізічнай культуры і спорту», што зацвердзіў пералік спартыўных арганізацый, якім надаецца дзяржаўная падтрымка, і змяшчаецца пералік артыкулаў расходаў на забеспячэнне клубаў з гульнявых тыпаў спорту і спартовых федэрацый.

Надзея на спонсараў

Указ таксама вызначаў магчымасць падатковых ільгот для кампаній ды індывідуальных прадпрымальнікаў, якія бязвыплатна пералічвалі грашовыя сродкі на патрэбы спартовых арганізацый. Акрамя таго, каманды маглі разлічваць на субсідыі з мясцовых бюджэтаў. Аднак тэрмін дзеяння дакумента скончыўся 31 снежня 2015 года, і пра яго падаўжэнне пакуль нічога невядома.

Аднак сур'ёзныя праблемы з фінансаваннем у многіх беларускіх каманд з гульнявых тыпаў спорту выявіліся яшчэ летась. Са словаў спартовага аглядальніка Яўгена Вежнаўца, указ №191 хоць і дэклараваў, але зусім не гарантаваў падтрымку спортклубам. «Усё залежала ад эканамічнага стану прадпрыемстваў-спонсараў: калі ў іх было падзенне аб'ёмаў вытворчасці і цяжкасці з рэалізацыяй прадукцыі, то гэта адразу адбівалася на колькасці грошай, якія пералічваліся на падтрымку каманд», - патлумачыў Вежнавец.

І ўдакладніў, што згаданы ўказ абавязваў спартклубы самастойна фармаваць як мінімум палову свайго бюджэту, але выконваць гэтае патрабаванне атрымлівалася далёка не ва ўсіх. У выніку за апошні час зняліся з чэмпіянату Беларусі і спынілі сваё існаванне мужчынскія валейбольныя каманды з Горадні і Гомеля, жаночая гандбольная каманда з Бялынічаў і мужчынская баскетбольная каманда з Асіповічаў.

Хакей - не выключэнне

Фінансавыя праблемы закранулі нават беларускі хакей з шайбай, нягледзячы на асаблівае стаўленне да яго з боку прэзідэнта Лукашэнкі. Паводле ягонага ўказання за апошнія пятнаццаць гадоў лядовыя арэны з'явіліся ва ўсіх абласных цэнтрах краіны і ў дзясятку гарадоў раённага значэння. За самую значную са спартовых падзей, праведзеных у краіне, беларускія ўлады дагэтуль уважаюць хакейны чэмпіянат свету 2014 года, а калядны міжнародны турнір у хакеі сярод аматараў, у якім за беларускую каманду гуляе сам Лукашэнка, мае ўжо дванаццацігадовую гісторыю.

Аднак беларускія спартовыя СМІ рэгулярна паведамляюць пра недахоп рэсурсаў на ўтрыманне хакейных клубаў у Берасці, Магілёве і Віцебску, а нядаўна гэты спіс нечакана папоўніла каманда «Металург» са Жлобіна, якая ў 2012 годзе становіцца чэмпіёнам Беларусі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у выніку фінансава-гаспадарчай дзейнасці летась клуб атрымаў толькі 46 адсоткаў ад запланаванага аб'ёму грашовых сродкаў, што прывяло да запазычанасці ў заробку сумай 6,2 мільярда беларускіх рублёў (амаль 250 тысяч еўраў у пераліку).

Паколькі генеральны спонсар хакеістаў - мясцовы металургічны камбінат - перажывае не найлепшыя часы, гаворка аб выплаце запазычанасцяў не ідзе, і ва ўправе спорту Гомельскага аблвыканкама пацвярджаюць, што вядуцца перамовы пра далейшае існаванне клуба. Дарэчы, мясцовая футбольная каманда, якая выступала ў другой лізе чэмпіянату Беларусі, таксама знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі.

У суд - па заробак

З трывогай чакаюць пачатку новага сезону футбольныя заўзятары і ў іншых рэгіёнах Беларусі. Так, кіраўніцтва клуба «Дынама-Брэст» папярэдзіла, што праз хранічныя запазычанасці і адсутнасць надзейнай крыніцы фінансавання каманда можа не прайсці ліцэнзаванне для ўдзелу ў вышэйшым дывізіёне чэмпіянату краіны.

Мясцовыя ўлады паабяцалі вылучыць 500 мільёнаў рублёў (прыкладна 20 тысяч еўраў) для выплаты першачарговых пазык. Праўда, гэтыя захады наўрад ці дапамогуць захаваць дынамаўцам хоць бы леташні склад: цяперашняй зімой іх шэрагі пакінулі ўжо 16 футбалістаў, а некаторыя з іх у судовым парадку патрабуюць выплаты запазычанасцяў у заробку.

На думку старшыні ФК «Дынама-Брэст» Андрэя Сцепаненкі, для ўсяго беларускага футбола сезон-2016 будзе асаблівым. «Дзесьці 60 адсоткаў клубаў ходзіць па вастрыі нажа: раней усе выконвалі самыя жорсткія патрабаванні УЕФА. Эканамічная сітуацыя ў нас пагоршылася, а патрабаванні засталіся такімі ж высокімі», - канстатуе Сцепаненка.

Што далей?

Упэўненасць у заўтрашнім дні прысутнічае хіба што ў каманд (такіх, як футбольны клуб БАТЭ), якія атрымліваюць фінансавую падтрымку за паспяховы выступ у прэстыжных еўрапейскіх турнірах, або якія маюць сур'ёзных замежных спонсараў - накшталт кампаній, якія ўваходзяць у структуру расейскага «Газпрома» (як у Берасцейскага гандбольнага клуба імя Мяшкова).

Аднак, на думку спартовага экспэрта Яўгена Вежнаўца, падзенне ўзроўню канкурэнцыі на ўнутраных спаборніцтвах непазбежна адаб'ецца на класе вядучых беларускіх каманд і выступах нацыянальных каманд. Не выпадкова той жа гандбольны клуб з Берасця стараецца да мінімуму скараціць свой удзел у чэмпіянаце Беларусі, аддаючы перавагу рэгіянальным турнірам, дзе ёсць магчымасць спаборнічаць з дружынамі з Харватыі, Вугоршчыны, Славаччыны ды іншых краін.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках