28 красавiка 2024, Нядзеля, 10:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гарадзенскія прадпрымальнікі: Мы не баімся! Свабоду!

5
Гарадзенскія прадпрымальнікі: Мы не баімся! Свабоду!
Фота: «Радыё Свабода»

У Горадні на плошчы Леніна прайшла акцыя прадпрымальнікаў з патрабаваннем скасаваць указ №222 і даць магчымасць працаваць.

Да 12-й гадзіны ў цэнтры Горадні на плошчы Леніна сабралася больш за сотню прадпрымальнікаў, паведамляе «Радыё Свабода». Нейкі час яны проста стаялі і размаўлялі паміж сабой. З гарвыканкаму да іх выйшла жанчына і перадала запрашэнне ад старшыні гарвыканкама Мечыслава Гоя ўсім прайсці ў актавую залу.

Прадпрымальнікі адмовіліся і прапанавалі, каб старшыня гарвыканкама сам выйшаў да іх. Аляксей, які стаяў на плошчы, сказаў, што прыйшоў сюды, бо жыць далей становіцца немагчыма.

- Мы ўсе прыйшлі, каб нас заўважылі, каб пачалі развязваць нашы праблемы. Мы больш за месяц сядзім без працы, грошы сканчаюцца, а цяпер яшчэ дададуцца новыя кошты камунальных паслуг. Што нам рабіць?, - здзіўляецца прадпрымальнік.

Святлана, якая стаіць побач, кажа, што маўчаць больш нельга.

- Мы прыйшлі сюды, каб падтрымаць тых, хто збіраецца выйсці на плошчу ў Менску. Мы салідарныя з імі і хочам дамагчыся, каб указ №222 скасавалі, - сказала жанчына.

Атмасфера на плошчы спакойная. Нязручнасці стварае толькі дождж. Праз некаторы час на плошчы з'яўляецца плакат: «Мы супраць дыктатуры!». Людзі пачынаюць крычаць: «Мы не баімся! Свабоду!».

ІП падтрымліваюць і звычайныя гараджане. Сярод іх Сяргей Іванавіч, пенсіянер, які 35 гадоў прапрацаваў на «Азоце».

- Я не прадпрымальнік, але прыйшоў сюды, каб падтрымаць гэтых людзей. У мяне пенсія за 35 гадоў стажу - 2 мільёны 900 тысяч. Я цяпер баюся атрымліваць квітанцыю за кватэру, бо невядома, колькі давядзецца плаціць. Жыць ужо немагчыма. Аддасі грошы на лекі - на хлеб не застаецца, - кажа пенсіянер.

У гэты час да людзей выходзіць старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой і просіць усіх прайсці ў актавую залу гарвыканкама, абяцае выклікаць спецыялістаў, якія змогуць адказаць на пытанні людзей.

У адказ ён чуе: «Мы хочам працаваць! Скасаваць указ №222!».

У размову, як правіла, у першую чаргу ўступаюць жанчыны. Адна з іх кажа вельмі эмацыйна.

- Як нам быць? Мы другі месяц не працуем, парайце нам, як чалавек. Чаму нас зрабілі ўжо бандытамі? Мы за ўсё плацім грошы: і за арэнду, і падаткі, мы нічога ад вас не просім, а нас пазбаўляюць працы. Я ўжо нічога не баюся і магу пра ўсё вам казаць у вочы, - кажа жанчына.

Маладзён фармулюе канкрэтнае патрабаванне.

- Мы патрабуем скасавання ўказу №222 і хочам выйсці працаваць. Гэта наша адзінае і галоўнае патрабаванне, - настойвае прадпрымальнік.

Мечыслаў Гой кажа, што не можа выканаць гэтых патрабаванняў, і запрашае ўсіх прайсці ў залу.

- Мы нікуды не пойдзем, - кажа яшчэ адна жанчына. - Вы лепш адкажыце на пытанне - чаму вы ўсе на прыёмах у Лукашэнкі апускаеце галовы і не пярэчыце яму, чаму вы не абараняеце нашыя правы, чаму не можаце яму расказаць усё, чаго людзі дамагаюцца? І навошта ён з намі так паступае?

Размова ў старшыні гарвыканкама з прадпрымальнікамі не выходзіць, хоць ён стараецца цярпліва усіх выслухоўваць. Некаторыя жанчыны пачынаюць распавядаць ледзь не ўсе трагедыі свайго жыцця. Іх абурэнню няма канца.

- А дзе заробак 500 даляраў? Давайце мы пойдзем працаваць на такую працу. Навошта падманваюць увесь народ? - Гучаць усё новыя пытанні з натоўпу.

Мечыслаў Гой, не знайшоўшы з прадпрымальнікамі агульнай мовы, кажа, што з разуменнем ставіцца да іх праблем, але можа развязаць толькі тыя пытанні, якія ў ягонай кампетэнцыі. Ён вяртаецца ў гарвыканкам.

Людзі яшчэ стаяць на плошчы і размаўляюць паміж сабой.

- Мы ўжо нічога не баімся і яшчэ вернемся, - кажа мужчына сярэдняга веку.

Адна з жанчын дадае:

- Многія з нашых паехалі ў Менск на Плошчу, а мы не змаглі, таму і выйшлі сюды, каб іх падтрымаць, бо ў нас адны і тыя ж патрабаванні.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках